Лунінецкія песняры
А яшчэ – «цешчыны ўлюбёнцы!». Менавіта так называюць аматары ансамбль «Прымакi» Лунінецкага дома культуры чыгуначнікаў Культурна-спартыўнага цэнтра Баранавіцкага аддзялення магістралі. За трынаццаць гадоў сваёй дзейнасці творчы калектыў набыў заслужаную папулярнасць і ў родным краі, і за мяжой.
Сёння ў рэпертуары ансамбля шмат песень, з унікальным музычным адценнем, меладычнасцю гучання, каларытам мовы. А на творчым рахунку больш як за паўтысячы канцэртаў і выступленняў.
…Вячаслаў Харытановіч, Алег Жумашаў, Андрэй Канапацкі, Дзмітрый Абравец, Віталь Дзедзін, Уладзiслаў Пуставы… Менавіта іх галасы гучаць сёння са сцэн і пляцовак.
– Я заўсёды марыў спяваць і рады, што мая мара здзейснілася, – кажа Вячаслаў Харытановіч. – «Прымакi» ў маім жыцці маюць вялікае значэнне. Дапамагаюць зняць напружанне, удасканальваюць як асобу. Удалыя канцэрты нас збліжаюць і акрыляюць. Асабліва памятаю той момант, калі мы ўпершыню выйшлі на сцэну Палаца Рэспублікі ў Мінску і атрымалі шквал апладысментаў. Радасць была бязмернай!
Сёння «Прымакі», як і раней, у пастаянным пошуку новых музычных рытмаў. Нязменным застаецца толькі адно – усе іх творы нараджаюцца з народных звычаяў, фальклору, мелодый, якія выконваліся з пакалення ў пакаленне і перадаваліся нашымі продкамі. Менавіта гэтым яны блізкія жыхарам Лунінеччыны і цікавыя людзям іншых гарадоў і краін.
У 2006 годзе ансамбль «Прымакі» ўдастоены звання «народны». Ён – пераможца шэрагу абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам дарожнага фестывалю народнай творчасцi «Мелодыi стальной магiстралi». Акрамя таго, іх па праву можна назваць і зоркамі айчыннага тэлебачання – хлопцы ўдзельнічалі ў здымках навагодняй тэлеперадачы «У гасцях у Дзеда Мароза» і ў тэлевізійным фестывалі АТН «Песні маёй краіны». Ансамбль неаднаразова выязджаў з канцэртамі ў Польшчу і адзначаны Падзякай беларуска-грамадскага культурнага таварыства гэтай краіны.
– Народжаныя песні для нас як дзеці, – кажа ўдзельнiк ансамбля Алег Жумашаў. – Над музыкай працуем усе разам. Кожны дадае сваё, і гэта, мабыць, самае цікавае ў нашай сумеснай працы. Словы часта пішуць мясцовыя аўтары Андрэй Мазько, Таццяна Коваль, Андрэй Гурбановіч, аўтар баек з вёскі Лобча Анастасія Якавец. Дарэчы, яе выдатны голас часта ўпрыгожвае некаторыя песні нашага ансамбля. Бывае, што яна выконвае ў нумарах ролю каханай цешчы. Да тэкстаў нярэдка падключаецца і ўдзельнік ансамбля, а таксама кіраўнік Дома культуры – Андрэй Канапацкі.
Дарэчы, акрамя таго, што Андрэй – аўтар і выканаўца больш васьмідзесяці сваіх песень, ён яшчэ грае на флейце і балалайцы. Ды і вясёлы нораў Канапацкага гледачам – па густу. За гады існавання ансамбля ён скончыў універсітэт культуры, абзавёўся сям’ёй, таму разам з бацькам на сцэне цяпер нярэдка паспяхова выступаюць і два сыны.
Алег Жумашаў па-майстэрску валодае ўдарнымі інструментамі. ён прызнаецца, што спяваць – крапатлівая праца.
– Мы стараемся па крупіцах збіраць і дадаваць у свае песні народныя матывы роднага краю, перадаваць дух народа, яго традыцыі. Гэта – наша ганаровая місія, – гаворыць Алег.
Сваю лепту ў работу ансамбля ўносіць і Віталь Дзедзін. Многа гадоў ён грае ў гарадскім духавым аркестры, дзе Дзедзіных цэлая дынастыя. А вось у «Прымаках» яму давялося асвоіць новы інструмент – бас-гітару.
– Хоць ансамбль выкарыстоўвае народны фальклор, – кажа Віталь, – у яго рэпертуар трэба ўносіць нешта новае, шукаць свежыя музычныя адценні. Таму для мяне «Прымакi» – не толькі радасць спяваць, але і магчымасць выкарыстаць свой музычны вопыт.
Першая «скрыпка» ў фальклорным калектыве па традыцыі належыць баяну альбо акардэону. У гэтым плане «Прымакам» пашанцавала. Першым акардыянiстам быў Міхаіл Струкаў, які дарэчы ў 2002 годзе і заснаваў калектыў. Эстафета майстра перайшла ў надзейныя рукі баянiста Дзмітрыя Абраўца. Дарэчы зараз ён з,яўляецца кiраўнiком ансамбля. – Для мяне, як жыхара вёскі, народны фальклор вельмі блізкі, – кажа Дзмітрый. – Больш за тое, шчыра перакананы, што сапраўднае мастацтва бярэ пачатак з глубінак. Прычым такую музыку з захапленнем слухаюць не толькі ў нас у краіне. У 2008 годзе мы рабілі праграму на амерыканскім радыё Global Radio FM. Яна настолькі спадабалася слухачам, што яе паўтарылі двойчы.
Хочацца верыць, што наперадзе ў «Прымакоў» – вялікі творчы шлях. А ў тым, што іх з радасцю прымуць вялікія сцэны нашай краіны і замежжа, можна не сумнявацца – вясёлы фальклор гледачам заўсёды будзе па густу.
Таццяна МАЗУРА