Урачыста, з адкрытым сэрцам

За восем дзён «Экспрэс ААН – 70» перавёз каля 1,5 тыс. пасажыраў і праславіў Беларусь на ўвесь свет.

Санака Самарасінха падзякаваў чыгуначнікам за дапамогу ў арганізацыі юбілейнага эксрэса

Санака Самарасінха падзякаваў чыгуначнікам за дапамогу ў арганізацыі юбілейнага эксрэса

Спецыяльны цягнік, сфарміраваны для святкавання 70-годдзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, стартаваў у Мінску, пабываў ва ўсіх абласных цэнтрах і Баранавічах і вярнуўся ў сталіцу. Пад гукі духавога аркестра, пад пільным «позіркам» фота- і відэакамер яго ўрачыста сустрэлі на першай платформе станцыі Мінск-Пасажырскі.
– Гэта паездка была проста фантастычнай! – падзяліўся эмоцыямі каардынатар ААН, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха. – За восем дзён сем гарадоў, каля 250 мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі прыкладна 30 тыс. чалавек. Ні ў якой іншай краіне свету, напэўна, не святкавалі так юбілей ААН, як гэта зрабілі ў Беларусі.
Ён падзякаваў лакаматыўнай і паязной брыгадзе за іх адказную і плённую працу. Без падтрымкі Беларускай чыгункі ажыццяўленне такога праекту было б немагчымым. Цягнік сфарміравалі з дзесяці вагонаў. З іх два вагоны-рэстараны на час святочнай вандроўкі ператварыліся ў пляцоўкі для правядзення семінараў, тры плацкартныя – для дэбатаў і дыскусій. Два вагоны з крэсламі для сядзення сталі месцам для кінапраглядаў і лекцый.
Усе восем дзён вандравання святочнага поезда былі прысвечаны абмеркаванню 17 Мэтаў устойлівага развіцця ААН. Здароўе, экалогія, адукцыя і дабрабыт людзей – гэтыя ды іншыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі на сустрэчах у абласных цэнтрах і ў вагонах цягніка падчас яго руху па маршруце. Лейтматывам дыскусій стаў слоган, адбіты белымі літарамі на адным з вагонаў цягніка: «Пры моцнай ААН свет становіцца лепшым».
– Для нас гэта быў вельмі незвычайны рэйс з асаблівымі пасажырамі і графікам руху, – адзначыла начальнік цягніка Алена Калейнік. – Такім жа незабыўным былі і прыпынкі ў абласных цэнтрах. Нас сустракалі ўрачыста, з адкрытым сэрцам.
«Экспрэс ААН – 70» – вельмі важны праект. Таму і паязную брыгаду фарміравалі з людзей дасведчаных, сапраўдных прафесіяналаў. Сама Алена Адамаўна дагэтуль працавала на многіх кірунках: Маскву, Вільнюс, Рыгу, Сімферопаль… Сярод яе калег, якія на працягу васьмі дзён забяспечвалі камфорт пасажыраў святочнага цягніка, былі і такія, якія раней працавалі на «Славянскім экспрэсе», што традыцыйна курсіруе падчас правядзення славутага фестывалю ў Віцебску.
– Дзякуючы святочнаму цягніку мы дасягнулі важных вынікаў, – падкрэсліў Санака Самарасінха. – Беларусь яшчэ раз гучна заявіла пра сябе на ўвесь свет. Жыхары краіны яшчэ больш даведаліся аб ААН і яе дзейнасці. Акрамя таго, удалося згуртаваць шмат актыўных людзей. Разам з імі мы працягнем супрацоўніцтва, разам будзем ажыццяўляць задачы, вызначаныя на перыяд да 2030 года.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика