Знайшла сябе ў прафесіі

Ёсць меркаванне, што не чалавек выбірае прафесію, а прафесія – чалавека. Так атрымалася і ў бухгалтара Мінскай дыстанцыі грамадскіх збудаванняў Люцыяны Яскевіч.

WP_20151110_010 - копия-1Яна выконвала абавязкі пашпартысткі ў адным са сталічных чыгуначных інтэрнатаў. Вылучалася мэтанакірава-насцю, здатнасцю да самаўдасканалення, працавітасцю, уменнем канцэнтравацца, скрупулёзнасцю. Ацаніўшы яе здольнасці, старэйшы бухгалтар аднаго з домаўпраўленняў сталічнай дыстанцыі грамадскіх збудаванняў Марыя Груша прапанавала жанчыне перакваліфікавацца.
– Я вельмі ўдзячная Марыі Аляксандраўне за тое, што ацаніла мае бухгалтарскія задаткі, – гаворыць Люцыяна Антонаўна. – Дзякуючы ёй, я знайшла сябе ў новай прафесіі.
Скончыўшы бухгалтарскія курсы, яна працавала ў домаўпраўленні. У 1996-м перайшла ў апарат Мінскай дыстанцыі грамадскіх збудаванняў. Знакавым для жанчыны стаў 2002 год, калі яе накіравалі павышаць кваліфікацыю ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
– Мне там вельмі спадабалася, – узгадвае суразмоўца. – Цікавыя лекцыі выкладчыкаў, якія ўмелі даступна падаць інфармацыю. Я тады ж вырашыла, што на наступны год буду паступаць у БелДУТ. Пэўны псіхалагічны бар’ер, канешне ж, быў: страшнавата вяртацца за парту, размяняўшы пяты дзясятак. Але я чалавек мэтанакіраваны: вырашыла – зрабіла. Паступіла на завочны факультэт, спецыяльнасць «бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт».
Жанчына прызналася, што сумяшчаць працу, хатнія абавязкі і вучобу было няпроста. Але яна ўсё пераадолела, бо ў яе было імкненне – атрымаць адукацыю, наталіць прагу да ведаў, вырасці ў прафесійным плане. Бывала, сядзела над канспектамі да трох гадзін ночы, пісала кантрольныя.
Універсітэт скончыла, калі ёй было 48 гадоў. Дыплом абараніла на «дзясятку». «Гэта было значнае асабістае дасягненне, – падкрэсліла Люцыяна Антонаўна. – Падчас вучобы я даведалася шмат чаго новага, цікавага».
У калектыве яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Часта дапамагае парадамі маладым спецыялістам. І не толькі бухгалтарам.
– За гады працы ў дыстанцыі я дасканала вывучыла бухгалтарскі ўлік – асноўныя сродкі, матэрыялы, інвентар, цяпер займаюся налічэннем падаткаў. Як бачыце, наша дзейнасць наўпрост звязана з вытворчасцю, мы ведаем усю яе спецыфіку. Для дыстанцыі грамадскіх збудаванняў гэта найперш рамонт і абслугоўванне жылога фонду, а таксама аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры, што знаходзяцца на балансе.
Па словах Люцыяны Ан-тонаўны, з тых часоў, як яна пачала працаваць бухгалтарам, умовы працы значна змяніліся. Раней разлікі даводзілася рабіць на лічыльніках. Пазней з’явіліся калькулятары, а ўжо за імі – камп’ютары. Пастаянна ўдасканальваецца праграмнае забеспячэнне. «У гэтым працэсе важная і адваротная сувязь, – патлумачыла бухгалтар. – Часам праграмістам па нашай просьбе даводзіцца дапрацоўваць праграмы бухгалтарскага ўліку, зыходячы са спецыфікі нашага прадпрыемства. Увогуле, дзякуючы аўтаматызацыі, можна дакладна і своечасова адлюстроўваць усе аперацыі, што значна паскарае работу, змяншае дакументаабарот.
Бухгалтарскі ўлік, па словах Люцыяны Яскевіч, у многім справа калектыўная. «Сёння ў штаце 12 бухгалтараў, у кожнага свой участак работы. Але калі ў некага ўзнікаюць пытанні, асабліва ў моладзі, – дапамагаем. Найбольш складаныя аспекты і тэмы абмяркоўваем разам, калектыў у нас дружны».
Люцыяне Антонаўне не аднойчы прапаноўвалі іншыя месцы працы, але яна засталася на родным прадпрыемстве. «Я адналюб», – проста тлумачыць яна.

Інга
МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика