Ля вытокаў «Новай зямлі»

На вакзал станцыі Стоўбцы сталі часцей прыходзіць экскурсійныя групы. Сёлета іх колькасць можа павялічыцца, бо 2016 год у Беларусі прысвечаны культуры, а Стоўбцы маюць багатую літаратурную спадчыну.

IMG_0670У вёсцы Акінчыцы, якая ўжо з’яўляецца часткай горада, нарадзіўся Якуб Колас. Партрэт Коласа сустракае пасажыраў у зале чакання вакзала. Але гэта зямля знакамітая і іншымі творцамі: Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, Адам Плуг, Карусь Каганец. Тут праходзіў мытны дагляд падчас сваёй вандроўкі за мяжу савецкі паэт Уладзімір Маякоўскі, бо з 1921-га па 1939 год станцыя ўваходзіла ў склад Польшчы і з’яўлялася прыгранічнай.
Стоўбцы згадваюцца і ў рамане Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны» (экранізацыя «У жніўні 44-га» Міхаіла Пташука). Месца выбрана невыпадкова. У гады Вялiкай Айчыннай тут iшлi жорсткiя баi з фашыстамi. І ўсё ж галоўная роля станцыі не ў кіно і літаратуры, яна важная насамрэч для свайго рэгіёну. Тут маецца 8 прыёмаадправачных пуцей і 4 пуці манеўровага парка. Калектыў таксама абслугоўвае 14 пад’язных пуцей прамысловых прадпрыемстваў горада. Асноўныя грузы – будаўнічыя і лесаматэрыялы, збожжа, мінеральныя тукі, металалом.
Неўзабаве ў поўную моц запрацуе цэх стаўбцоўскага філіяла Мінскага маторнага завода, да якога летась быў пабудаваны новы пад’язны пуць. Гэта дазволіць павялічыць выгрузку. На сёння ў станцыі сто кліентаў, з якімі заключаны дагаворы на транспартнае абслугоўванне. Акрамя таго, тут арганізаваны адстой цягнікоў рэгіянальных ліній і ўборачныя аперацыі па іх.
– Хуткасць руху на перагонах дасягае 140 км/г. За суткі праз станцыю праходзіць каля 100 цягнікоў, з якіх 24 пары – пасажырскія і 22 пары – рэгіянальных ліній эканом- і бізнес-класа. Каб наладзіць бяспечны пропуск цягнікоў, працуем у адной звязцы з работнікамі Баранавіцкай дыстанцыі пуці і Баранавіцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, – расказвае начальнік станцыі Стоўбцы Анатоль Навумовіч. – Зараз сярэдні пасажырапаток – 1200 чалавек, летам – 1500.
Анатоль Навумовіч працуе начальнікам станцыі крыху больш за год (раней быў дзяжурным па станцыі Сітніца). Рабіць першыя крокі на адказнай пасадзе кіраўніка дапамагае вялікі вопыт работы яго падначаленых.
– Станцыя для мяне – гэта ў першую чаргу людзі, якія тут працуюць: білетныя і таварныя касіры, прыёмаздатчыкі, дзяжурныя па станцыі, саставіцелі цягнікоў, – заўважае Анатоль Станіслававіч. – Большасць людзей працуе ў нас з часоў свайго размеркавання. Работа ў асноўным трымаецца на жаночых плячах, бо ў калектыве з сарака чалавек толькi сем мужчын.
Сярод вопытных работнікаў – дзяжурны па станцыі Лілія Плявака. Да дасягнення пенсійнага ўзросту яна была начальнікам станцыі, мае знак «Ганаровы чыгуначнік». Дарэчы, нядаўна за добрасумленную працу граматай Мінскага аблвыканкама ўзнагародзілі яе калегу Марыну Карачун. Старшаму білетнаму касіру Алене Казакевіч уручаны нагрудны знак «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» III ступені.
Дарэчы, на станцыі робіцца ўсё магчымае для паляпшэння санітарна-бытавых умоў для калектыва. Напрыканцы мінулага года сіламі Баранавіцкай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў праведзены рамонт бытавых памяшканняў паста ЭЦ. Выкананы работы па ўладкаванню санітарнага вузла з устаноўкай душавых кабін. У пуцейцаў з’явілася зручная распранальня з новымі шафамі для сушкі спецвопраткі. Эфектыўна выкарыстоўваюць памяшканне былой акумулятарнай: там абсталявана бытоўка для саставіцеляў цягнікоў. Таксама адрамантаваны сістэмы ацяплення і водаправода.

Ірына ПРЫМАК

Яндекс.Метрика