Дзейсная падтрымка

Пастаянная спонсарская падтрымка, якую Беларуская чыгунка аказвае сямі сельскагаспадарчым прадпрыемствам, што дзейнічаюць у яе структуры, дазволіла ім забяспечыць станоўчую дынаміку развіцця, абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу, умацаваць сацыяльную сферу.

1Аднак дырэктарам згаданых гаспадарак трэба і самім уключацца ў працэс эфектыўнага кіравання сваімі арганізацыямі. Аб гэтым ішла размова на паседжанні пад старшынствам намесніка начальніка чыгункі Пятра Стоцкага, дзе падводзіліся вынікі дзейнасці аграрыяў у 2015-м і за пяцігодку.

Таксама Пётр Васільевіч падкрэсліў неабходнасць больш пільнай увагі з боку кіраўніцтва аддзяленняў да фінансава-гаспадарчай дзейнасці сваіх дачэрніх прадпрыемстваў. Не дапускаць фармальнага падыходу да абароны гаспадаркамі сваіх бізнес-планаў, больш жорстка кантраляваць выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
За 2011 – 2015 гады Беларуская чыгунка пералічыла сваім сельгасарганізацыям 73,3 млрд. рублёў спонсаркай дапамогі. Дзякуючы ёй, у СГП «Выдрэя» была здадзена ў эксплуатацыю сучасная малочна-таварная ферма на 530 галоў, дзе прадугледжана бяспрывязнае ўтрыманне жывёл, а дойку ажыццяўляюць робаты. У межах рэалізацыі рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны новая ферма – на 300 галоў – з’явілася ў СГП «Крынкі-Агра» (з бяспрывязным утрыманнем і даільна-малочным блокам). У СГП «Рачкавічы» рэканструявана бульбасховішча на 3 тыс. тон. Там жа і яшчэ ў трох гаспадарках – «Свіцязь», «Радзежскае», «Авангард» – у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы праведзена рэканструкцыя малочна-таварных фермаў, устаноўлена новае абсталяванне. Пабудаваны сучасны свінакомплекс на 24 тыс. галоў (СГП «Авангард»).
Усе памянёныя аб’екты былі ўведзены ў эксплуатацыю пры непасрэднай падтрымцы Беларускай чыгункі, што дазволіла гаспадаркам павялічыць валавую вытворчасць малака і аб’ёмы рэалізацыі бульбы, выканаць паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Аб’ём валавай прадукцыі жывёлагадоўлі сямі гаспадарак магістралі ў 2015 годзе склаў 102,2% да 2014-га. У тым ліку валавая вытворчасць малака – 103,6%, вырошчванне скаціны – 100,7%. Выручка ад рэалізацыі ўсёй сельгаспрадукцыі дасягнула 281,7 млрд. рублёў, ці 100,1%.

На працягу мінулай пяцігодкі магістраль не пакідала без увагі працаўнікоў вёскі, падкрэсліў Пётр Стоцкі. У аддзяленнях праводзіліся ўшанаванні перадавікоў уборачных кампаній, а таксама – сумесна с прафсаюзам – віншаванне лепшых прадстаўнікоў аграрнага сектара напярэдадні іх прафесійнага свята.
Чыгунка прыкладала намаганні і па стварэнні належных умоў пражывання работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, а дакладна – па будаўніцтве жылля ў вёсках. Толькі летась былі ўзведзены чатыры аднакватэрныя і два чатырохкватэрныя дамы ў «Свіцязі», пяць дамоў у «Радзежскім», 20 – у «Авангардзе». Рэгулярна праводзяцца галіновыя спаборніцтвы сярод сельгасарганізацый Беларускай чыгункі. За студзень – чэрвень лепшым было прызнана СГП «Крынкі-Агра» Гомельскага аддзялення.
Аналізуючы 2015 год, Пётр Васільевіч адзначыў, што ён быў для аграрыяў няпростым – як у плане кліматычных умоў, так і складанай эканамічнай сітуацыі. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, гаспадаркі здолелі выйсці на работу без страт па чыстым прыбытку (у многім дзякуючы спонсарскай дапамозе Беларускай чыгункі). У цэлым іх дзейнасць у мінулым годзе намеснік начальніка магістралі ацаніў як здавальняючую.
Ён жа акрэсліў асноўныя задачы на 2016-ты. У прыватнасці, дзеля выканання Дырэктывы кіраўніка дзяржавы ад 11.03.2004 № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», неабходна рэалізаваць дадатковыя арганізацыйныя мерапрыемствы па выкананні нормаў аховы працы, проціпажарнай бяспекі і працоўнай дысцыпліны падчас корманарыхтовак і жніва. Павысіць кантроль за выкананнем работнікамі сваіх непасрэдных абавязкаў – у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.12.2014 № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый». Своечасова і ў поўным аб’ёме разлічвацца за спажываемыя энергарэсурсы, а таксама выдаваць заработную плату ў вызначаныя тэрміны. Праводзіць работу па максімальным прыцягненні бюджэтных сродкаў і льготных крэдытаў банкаў, прадугледжаных для развіцця сельскагаспадарчых арганізацый. Павышаць эканамічную эфектыўнасць, выканаць даведзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, забяспечыць вытворчасць высокаякаснай сельгаспрадукцыі і пастаўляць яе арганізацыям Беларускай магістралі.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика