Падтрымаць таленты

Лакаматыўнае дэпо Лунінец садзейнічае арганізацыі цыклу тэматычных мерапрыемстваў у вёсцы Багданаўка.

Гэта вялікае, але аддаленае паселішча было абрана невыпадкова. Многія выпускнікі мясцовай школы звязалі прафесійны шлях з чыгункай. Іх імёны ўшанаваны і на прадпрыемстве – партрэты шэрагу ўраджэнцаў Багданаўкі занесены на Дошку гонару.
Сёлета сярод работнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, Баранавіцкае аддзяленне адзначыла ў намінацыі «Талент і асоба» машыніста цеплавоза Аляксея Савіча. Капітан вузлавой каманды па інтэлектуальных гульнях выдатна чытае вершы на беларускай мове, а ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Машыністы нашай магістралі» заняў другое месца.

У Год культуры адзначылі і гістарычныя даты стварэння лунінецкіх мастацкіх калектываў, звязаных з чыгункай. 110 год таму духавы аркестр з’явіўся ў паравозным дэпо, 95 год таму інструментальны аркестр арганізавалі ў гімназіі, дзе займаліся дзеці чыгуначнікаў. Адсюль бярэ пачатак музычнае мастацтва Лунінца.

У фае была разгорнута выстава малюнкаў вучаніцы 10-га класа Яны Антановіч, выхаванкі Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Творы вельмі ўразілі знаўцаў жывапісу, таму вернісаж будзе арганізаваны і ў лакаматыўным дэпо. Гэтак жа як і выстава раённага краязнаўчага музея «Выратаваныя каштоўнасці», з якой у гэты дзень знаёмілі вяскоўцаў. Старажытныя іконы, канфіскаваныя Брэсцкай мытняй, выклікалі зацікаўленасць не толькі педагогаў і вучняў, але і іх родных, таксама запрошаных на свята.
Годным пераемнікам традыцый стаў аркестр народных інструментаў выкладчыкаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Наталлі Юрцэвіч. Аб высокім прафесійным узроўні музыкантаў сведчаць іх шматлікія выступленні ў розных гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі. Захапленне выклікалі спявачкі Марына Корчык і Юлія Бузынчык. Авацыямі зала сустрэла выступленне яшчэ аднаго саліста. Лунінчанін Мікалай Кавалевіч (дарэчы, сын ветэрана чыгункі) у свой час быў тройчы лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Цяперашні аспірант кансерваторыі выканаў канцэртныя варыяцыі на тэму рускай народнай песні «Калінка» для сола балалайкі з аркестрам.
У завяршэнне праграмы вучні разам з дырэктарам Багданаўскай сярэдняй школы Аленай Ярмольчык уручылі гасцям духмяныя караваі і выказалі спадзяванне на працяг плённых сустрэч.

Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец

Яндекс.Метрика