Пляцоўка для дыскусій
Аспекты сучаснай фінансавай палітыкі прафсаюзаў абмеркавалі на тэматычным семінары-нарадзе, што прайшоў днямі ў Мінску. Арганізатарам выступіла Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў (МКЧТ). Удзел у мерапрыемстве ўзялі профільныя спецыялісты з Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана.
Семінары азначанага кірунку МКЧТ ладзіць кожныя два гады. Але сёлета ўпершыню месцам правядзення была абрана сталіца нашай краіны. Праграма атрымалася выключна насычанай. Яго ўдзельнікі абмеркавалі шэраг актуальных тэм. У прыватнасці, як уплываюць на фінансавую палітыку прафсаюза змены ў нацыянальным заканадаўстве і рэфармаванне гаспадарчых галін. Разгледзелі асаблівасці вядзення адзінай нарматыўнай базы і формаў фінансавай дакументацыі, прымянення каштарыснага фінансавання структур прафсаюза, адзіных сістэм аплаты працы і сацыяльных гарантый штатным работнікам. Не абмінулі ўвагай сацыяльна-эканамічную абарону ветэранаў прафсаюза. Прааналізавалі плюсы цэнтралізаванага метадалагічнага суправаджэння бухгалтарскай работы, праблемы навучання і павышэння кваліфікацыі профільных спецыялістаў.
З дакладам аб стане галіновага прафсаюзнага руху і яго фінансавай палітыцы выступіў генеральны сакратар Канфедэрацыі Генадзь Касалапаў. Апроч іншага ён засяродзіў увагу прысутных на фінансавым забеспячэнні рынкавых формаў сацыяльнай абароны (падтрымкі) членаў прафсаюза.
Аб асноўных кірунках дзейнасці Беларускага прафсаюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў расказаў яго старшыня Уладзімір Рынг. А галоўны бухгалтар Ілона Каласоўская паведаміла аб новых тэндэнцыях у фінансавай рабоце. Расійскія спецыялісты расказалі аб прымяненні прафсаюзам сучасных інфармацыйных тэхналогій. Таксама ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з асаблівасцямі структуры і фінансавай работы галіновых прафсаюзаў Казахстана і Кыргызстана, абмяняліся думкамі і меркаваннямі.
Па завяршэнні мерапрыемства беларускі бок арганізаваў для гасцей аглядную экскурсію па Мінску з наведваннем Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Інга МІНДАЛЁВА