На вяршынях «Дняпроўскіх хваляў»
Адразу сем узнагарод найвышэйшай ступені заваяваў узорны харэаграфічны ансамбль «Усмешка» Культурна-спартыўнага цэнтра Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі па выніках трэцяга конкурсу мастацтваў «Дняпроўскія хвалі». Творчае спаборніцтва праводзілася на сцэнічнай пляцоўцы КСЦ.
Удзел у фестывалі ў гэтым годзе прымалі больш за дзвесце калектываў і сольных выканаўцаў ва ўзросце ад чатырох да дзевятнаццаці гадоў. «Усмешка» была заяўлена ў сямі намінацыях: «Народны танец» ва ўзроставых катэгорыях 6 – 10, 11 – 14, 15 – 19 гадоў, «Эстрадны танец» у гэтых жа ўзроставых катэгорыях і «Эстрадны танец. Сола». У апошняй калектыў прадстаўляла салістка ансамбля Наталіна Бутыліна. І ў кожнай з гэтых намінацый прадстаўнікі КСЦ чыгуначнікаў былі на вышыні. Дзеці і падлеткі дзякуючы падтрымцы сваіх настаўнікаў, бацькоў і сяброў, змаглі падрыхтавацца да кожнага выхаду на сцэну самым лепшым чынам, пераадолець хваляванне і няўпэўненасць у сваіх сілах. Адзнака прафесійнага журы і гледачоў была відавочнай і прадказальнай.
Акрамя дыпломаў лаўрэатаў фестывалю І ступені ў сямі намінацыях, памятных статуэтак і салодкіх прызоў калектыў атрымаў яшчэ і сертыфікаты на ўдзел у конкурсе «Мая мара», які адбудзецца ў Мінску, наведванне сталічнага забаўляльнага цэнтра «Дыназаўрыя».
Кіраўнік ансамбля Дзмітрый Мураўёў быў узнагароджаны дыпломам і памятным медалём у намінацыі «Лепшы настаўнік». Акрамя гэтага, член журы – акцёр, кіраўнік мінскага тэатра сатыры і гумагу «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі – запрасіў калектыў прыняць удзел у здымках тэлевізійнага праекта «Гумарынка».
Паспяховым было выступленне на конкурсе і саліста Народнага вакальнага ансамбля «Ровесник» Іллі Давідовіча, які выканаў лірычную песню «Бярозавыя сны». Скарбонка ўзнагарод юнака папоўнілася дыпломам ІІ ступені
ў намінацыі «Эстрадны вакал».
Андрэй ІВУЦЬ