Март
Пт
29
2024

Адзнака за талент

Урачыстае адкрыццё выставы работ і цырымонія ўзнагароджання фіналістаў рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі – 2016» прайшла ў мастацкай галерэі «Інстытут культуры» Палаца Рэспублікі. Сярод герояў свята былі і прадстаўнікі Беларускай чыгункі.

Аляксандр Мікша ўрачае сертыфікат Людміле Каліноўскай

Аляксандр Мікша ўрачае сертыфікат Людміле Каліноўскай

Дадзены праект, арганізатарам якога выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, стаў адной з найбольш маштабных, яскравых і цікавых ініцыятыў, што ўдала ўпісаліся ў каляндар культурнага жыцця нашай краіны і яе рэгіёнаў – Год культуры, які адзначаецца сёлета.
Фіналістаў конкурсу павіншаваў намеснік старшыні ФПБ Аляксандр Мікша. Ён расказаў, што азначаны конкурс вызначаецца адсутнасцю ўзроставага цэнзу ўдзельнікаў, а таксама новай намінацыяй, абвешчанай у межах гэтага творчага спаборніцтва ўпершыню, – «дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва». Яна аказалася надзвычай папулярнай: была даслана вялікая колькасць твораў, выкананых у разнастайных тэхніках прадстаўнікамі самых розных прафесій.
– Пакуль доўжыўся конкурс, я паспеў наведаць некалькі рэгіянальных выстаў, дзе праходзілі адборачныя этапы, і шчыра скажу: быў проста ўражаны майстэрствам нашых людзей, – падзяліўся эмоцыямі Аляксандр Сяргеевіч. – Можна толькі здзіўляцца, як такія дасканалыя, выбітныя рэчы можна ствараць не ў фабрычных умовах, а проста ўручную! Шчыра дзякую ўсім, хто браў удзел у гэтым конкурсе.
Уразіўся майстэрствам удзельнікаў конкурсу і старшыня журы, ён жа – старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Сярод пераможцаў - ветэран магістралі Уладзімір Чырухін

Сярод пераможцаў — ветэран магістралі Уладзімір Чырухін

– Я вельмі рады прысутнічаць на гэтай імпрэзе. Мастацтва гэта ў пэўным сэнсе – форма малітвы, звароту да Бога, – адзначыў ён. – Калі чалавек займаецца мастацкай творчасцю, то яго душа становіцца чысцейшай. Кожны з нас зрабіў свой унёсак, каб наша Бацькаўшчына стала прыгажэйшай. Нам дадзена краіна з велізарнай гісторыяй, мы – цэнтр Еўропы і павінны ўсведамляць свой гонар за нашу гісторыю, за нашу краіну, за нашу нацыю. І калі кожны з нас нешта робіць прыгожае, прыгажэе наша краіна.
Аляксандр Мікша і Рыгор Сітніца перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку, адкрываючы выставу. Уручылі сертыфікаты і падарункі фіналістам і пераможцам конкурсу. У тым ліку – прадстаўнікам Беларускай чыгункі: старшыні ветэранскай арганізацыі Брэсцкай дыстанцыі электразабеспячэння Уладзіміру Чырухіну (разьба па дрэве) і вахцёру КСК Гомельскага аддзялення Людміле Каліноўскай (набіўныя лялькі).
Святочнае мерапрыемства пра-доўжылася ў Палацы прафсаюзаў, дзе адбыўся гала-канцэрт пераможцаў у другой намінацыі конкурсу – «Сцэнічная творчасць». Сярод іх – і сямейны вакальна-інструментальны ансамбль старшыні прафсаюзнай арганізацыі Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Аляксандра Шчасюка.

Інга
МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика