Ноябрь
Чт
30
2023

Абмеркаваць пытанні, падзяліцца вопытам

У Оршы 14 – 15 чэрвеня пройдзе дарожная нарада на тэму «Забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы», якую ладзіць профільная служба Упраўлення Беларускай чыгункі.

За два дні, якія будзе доўжыцца мерапрыемства, яго ўдзельнікі плануюць абмеркаваць шэраг актуальных пытанняў. У тым ліку – прааналізаваць статыстыку вытворчага траўматызму на магістралі, найбольш распаўсюджаныя прычыны няшчасных выпадкаў і шляхі выпраўлення сітуацыі. А таксама ацаніць узровень забяспечанасці работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны і праблемы іх шырокага ўкаранення, якасць правядзення інструктажоў і г. д. Сярод актуальных тэм, якія мяркуецца разгледзіць падчас нарады, асобна вылучаны псіхалагічныя аспекты прафесійнай надзейнасці чыгуначнікаў, фарміраванне культуры бяспекі працы.
У мерапрыемстве возьмуць удзел намеснікі кіраўнікоў шэрагу службаў Упраўлення Беларускай магістралі, галоўныя інжынеры аддзяленняў, начальнікі аддзелаў аховы працы, прамысловай і экалагічнай бяспекі, кіраўнікі чыгуначных прадпрыемстваў і арганізацый. Сярод запрошаных – прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый, Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Дзяржпрамнагляду, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, галіновага прафсаюза, СМІ, а таксама Рэспубліканскага цэнтра медыцынскага забеспячэння руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту агульнага карыстання. Сваім вопытам работы па арганізацыі бяспечных умоў працы падзеляцца нашы расійскія і казахстанскія калегі.
У аршанскім Доме культуры чыгуначнікаў, дзе пройдзе нарада, плануецца тэматычная выстава сродкаў індывідуальнай абароны беларускай і замежнай вытворчасці. Асобай увагі заслугоўвае найноўшая спецвопратка для работнікаў дыстанцый электразабеспячэння супраць тэрмічных рызык электрычнай дугі і наведзенага напружання. А таксама зручная прылада, якая дазваляе аглядаць пломбы на вагоне без неабходнасці ўзнімацца на яго.
Госці і ўдзельнікі мерапрыемства наведаюць рэйказварачны цягнік № 10 станцыі Орша, дзе азнаёмяцца з арганізацыяй бяспечных умоў працы.
У сераду, 15 чэрвеня, мяркуецца правесці нараду галоўных інжынераў аддзяленняў і прадпрыемстваў Беларускай чыгункі. У планах – экскурсія ў лакаматыўнае дэпо Орша.
Азначаныя нарады ладзяцца на магістралі штогод. Яны дазваляюць профільным спецыялістам сустрэцца на адной пляцоўцы, абмяняцца вопытам, знайсці адказы на актуальныя пытанні, павысіць свой узровень прафесійнай кампетэнтнасці.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика