Май
Ср
14
2025

«Ні дня без чыгункі пражыць…»

Пра гісторыю Беларускай чыгункі, прафесіі яе працаўнікоў, станцыі, уражанні аб вандроўках ды многае іншае вершаванымі радкамі распавялі ўдзельнікі паэтычнага конкурса, прымеркаванага да 80-годдзя газеты «Железнодорожник Белоруссии».

6На конкурс «Дороге посвящаю строки» свае вершы даслалі каля 30 прадстаўнікоў Беларускай чыгункі. Сярод іх – творчыя асобы з усіх аддзяленняў магістралі, спецыялісты розных профіляў. Іх творчае натхненне, літаратурны талент, вобразнасць мыслення ацаніла камісія пад старшынствам намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Стоцкага. Сустаршынёй стаў Уладзімір Рынг – кіраўнік Беларускага прафесіянальнага саюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў. У склад камісіі таксама ўвайшлі начальнік аддзела ідэалогіі і сацыяльна-культурнай працы Упраўлення дарогі Андрэй Баравы, кіраўнік прэс-цэнтра Упраўлення Беларускай чыгункі Таццяна Бондарава, галоўны рэдактар газеты «Железнодорожник Белоруссии» Сяргей Коктыш, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Аўруцін, электрамеханік Магілёўскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік клуба аматараў паэзіі «Магістраль» Марына Сліўко, намеснік дырэктара Культурна-спартыўнага цэнтра Баранавіцкага аддзялення Алена Сапешка i iнш.

Больш за 60 вершаў

Конкурс праводзіўся ў красавіку-маі. Яго вынікі журы ацаніла па некалькіх крытэрыях. Сярод іх – наяўнасць адметнага аўтарскага стылю, выкарыстанне сродкаў моўнай выразнасці, глыбіня раскрыцця тэмы, бездакорнасць тэхнікі вершаскладання, моц эмацыянальнага ўплыву на чытачоў. Конкурсныя заяўкі можна было накіраваць не пазней 20 мая.
Вынікі творчага спаборніцтва падвялі ў рэдакцыі газеты «Железнодорожник Белоруссии». Журы прачытала вялікі стос вершаў. Па ўмовах кожны з прэтэндэнтаў на перамогу мог прапанаваць не больш за тры свае творы на рускай ці беларускай мовах. Таму на суд камісіі прыйшло больш за 60 вершаў.
Кожны з членаў журы вызначыў сваіх намінантаў на перамогу. Пасля гэтага яны падзяліліся думкамі і прыйшлі да кансэнсусу. У выніку пераможцай прызналі Святлану Войтаву – электрамеханіка Маладзечненскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Другое месца аддалі Дзмітрыю Сялькову – інжынеру Бабруйскай дыстанцыі пуці. «Бронзу» узяла Жанна Барабанава, сакратар Магілёўскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаваннняў. Акрамя таго, было вырашына ўручыць памятныя прызы двум паэтам: мастацкаму кіраўніку Дома культуры чыгуначнікаў Культурна-спартыўнага цэнтра Брэсцкага аддзялення Леаніду Фейгіну і Максіму Зыкаву, электрамеханіку Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Дарпрафсаж, у сваю чаргу, вырашыў узнагародзіць за кошт уласных сродкаў яшчэ трох аўтараў: правадніка пасажырскага вагона Віцебскага вагоннага ўчастка Вольгу Гілавейню, былога памочніка машыніста лакаматыўнага дэпо Магілёў Міхаіла Чаканава і старшыню прафсаюзнай арганізацыі Полацкай дыстанцыі пуці Валянціну Каваленка.
Яшчэ два творцы атрымаюць спецыяльныя прызы ад рэдакцыі «Железнодорожника Белоруссии». Высокую ацэнку паэтычнага таленту заслужылі машыніст крана Баранавіцкага вагоннага дэпо Ірына Куратнік і манцёр Жлобінскай дыстанцыі пуці Сяргей Качура.

Падарожжа ў дзяцінства

Перамогу ў конкурсе Святлане Войтавай аддалі ў першую чаргу за яе верш «Вагончык з чыгункамі». Высока ацанілі вобразнасць радкоў, іх душэўнасць.
– Раней я складала вершы толькі на рускай мове, – патлумачыла Святлана. – Але калі прачытала ўмовы конкурсу, вырашыла паспрабаваць і на беларускай.
Войтова-1Па яе словах, тэму доўга не шукала. Узгадала, як яшчэ ў дзяцінстве цікавілася, чаму чыгунка менавіта так называецца. І вершаваныя радкі пачалі прыходзіць адзін за адным:

Шмат таямнічага ў свеце
І з невядомасцю спатканняў.
У час маленства ўсе мы, дзеці,
Адказ шукаем на пытанні:
– Чаму агеньчык з язычкамі?
– Чаму з нябёс вада ліецца?
– І тое месца з цягнікамі
Чаму чыгункаю завецца?

Складаць вершы Святлана Аляксандраўна пачала яшчэ ў студэнцкія гады, калі пачуцці лёгка клаліся на ліст паперы, а потым, бывала, спалучаліся з гітарнымі акордамі. Напэўна, з гэтай прычыны і большасць яе вершаў ліюцца, бы тэксты песень. З цягам часу сямейныя і прафесіянальныя клопаты адсунулі такое захапленне на другі план. Тым не менш прага да вершаскладання застаецца. У 2013 годзе яна паўдзельнічала ў дарожным фестывалі паэзіі «Свитязи ясной изящные крылья». І гэта спарадзіла новыя ідэі, адкрыла дарогу да іншых творчых конкурсаў.

сельков-1«Гадзіннік» памяці

У падарожжа ў сваё дзяцінства запрасіў і срэбраны прызёр паэтычнага конкурса – Дзмітрый Сялькоў:

Кто может знать свое призванье?
Дороги… Их не сосчитать.
Себе дал в детстве обещанье:
Должна одна моею стать!
В деревне проводил я лето,
Вдали от пыльных городов.
Сверял часы, встречал рассветы
Я вместе с шумом поездов.

Талент вершаскладання сябры заўважылі ў Дзмітрыя яшчэ ў школьныя гады. Раней было шмат натхнёнай рамантыкі. Пазней, калі ён пасталеў, вершы напоўніліся разважлівасцю, філасофскімі думкамі.
– Тым не менш схільнасць да простых рыфмаў і лаканізму засталіся, – гаворыць ён. – Мне заўсёды падабалася творчасць Ясеніна, Высоцкага, Разэнбаўма. Для мяне іх вершы – творчы арыенцір.
Свае радкі інжынер Бабруйскай дыстанцыі пуці прысвячае не толькі чыгунцы. З вялікай ахвотай складае вершы для юбіляраў. Удзельнічае ў падрыхтоўцы сцэнарыяў святочных вечарын, у тым ліку дзіцячых спектакляў у праваслаўнай нядзельнай школе. Летась быў адным з аўтараў мініяцюр і ўдзельнікам каманды Магілёўскага аддзялення ў Клубе вясёлых чыгуначнікаў. Акрамя таго, захапляецца фотамайстэрствам, здымае і манціруе відэа.

БарабановаУ люстэрцы жыцця

Сакратар Магілёўскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Жанна Барабанава, якая заняла ў конкурсе трэцяе месца, у старэйшых класах школы марыла стаць журналістам. Нават займалася на падрыхтоўчых курсах. Але потым, калі ўсё ўзважыла, выбрала сабе іншы прафесійны шлях.
– Тым не менш прага да творчасці захавалася, – прызнаецца яна. – Вершы нараджаюцца, бо ёсць пэўная ўнутраная патрэба. Гэта – мой спосаб самавыражэння.
Па яе словах, вершаваныя радкі звычайна нараджаюцца ў перыяд эмацыянальнага ўздыму. Спачатку прыходзяць першыя і апошнія чатыры радкі. А потым «выплываюць» і астатнія. Асабліва лёгка гэта адбываецца, калі ў вершах – уласнае жыццё з рознакаляровай кнігі ўспамінаў. Так адбылося і з вершам «Ода чыгунцы», дасланым на конкурс. У ім яна дзякуе лёсу, што наканаваў ёй шлях, звязаны з дарогай:

…Ты можаш зрабіцца вяльможным,
Пачэсную справу набыць.
Адно толькі здолець не зможаш –
Ні дня без чыгункі пражыць.
Узрушанасць скрыць не спрабую
І кропкі расстаўлю сама:
Бліжэй за чыгунку маю дарагую
Нічога ў свеце няма!

На новы ўзровень

– Ацэньваючы творы канкурсантаў, мы, канешне ж, звярталі ўвагу на прафесіяналізм удзельнікаў, адпаведнасць іх твораў паэтычным канонам, – патлумачыла член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марына Сліўко. – Але важнае значэнне мелі і арыгінальнасць аўтарскага стылю, наяўнасць «разынак», яркіх адметнасцей.
Па яе словах, многія канкурсанты і раней удзельнічалі ў творчых спаборніцтвах, у тым ліку ў дарожнай «Свитязи…».
– Вельмі прыемна назіраць за творчым развіццём чыгуначнікаў, – адзначыла Марына Сліўко. – Паэты-аматары кантактуюць адзін з адным, вучацца, шукаюць новыя вобразы і рыфмы. У выніку іх вершы становяцца больш прафесійнымі, пранікнёнымі.
Важнасць конкурсу адзначыў і начальнік аддзела ідэалогіі і сацыяльна-культурнай працы Упраўлення Андрэй Баравы. Задачы творчага спаборніцтва – прапаганда паэтычнага слова, а праз паэзію – паляпшэнне іміджу Беларускай чыгункі, ушанаванне яе людзей, прыцягненне ўвагі да тэхнікі, павышэнне прывабнасці паслуг для пасажыраў і ўладальнікаў грузаў. Важную ролю адыгрывае паэзія і ў папулярызацыі чыгуначных прафесій.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика