Декабрь
Ср
11
2024

Юбілейныя радкі

Лепшых чыгуначнікаў, адораных паэтычным талентам, ва Упраўленні магістралі ўзнагародзілі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Сімвалічна, што гэта адбылося ў дзень святкавання 80-годдзя газеты «Железнодорожник Белоруссии».

Электрамеханік Маладзечненскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Святлана Войтава атрімала першае месца

Электрамеханік Маладзечненскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Святлана Войтава атрымала першае месца

На конкурс «Дороге посвящаю строки», прымеркаваны да юбілею выдання, свае вершы даслалі каля 30 прадстаўнікоў Беларускай чыгункі. Сярод іх – творчыя асобы з усіх аддзяленняў магістралі, спецыялісты розных профіляў. Іх натхненне, літаратурны талент, вобразнасць мыслення ацаніла камісія на чале з намеснікам начальніка Беларускай чыгункі Пятром Стоцкім.
Конкурс праводзіўся ў красавіку-маі. Сярод крытэрыяў – наяўнасць адметнага аўтарскага стылю, выкарыстанне сродкаў моўнай выразнасці, глыбіня раскрыцця тэмы, бездакорнасць тэхнікі вершаскладання, моц эмацыянальнага ўплыву на чытачоў.
Вынікі творчага спаборніцтва падвялі ў рэдакцыі «Железнодорожника Белоруссии». На конкурс удзельнікі даслалі больш за 60 вершаў. У выніку абмеркавання пераможцай прызналі Святлану Войтаву – электрамеханіка Маладзечненскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Другое месца аддалі Дзмітрыю Сялькову – інжынеру Бабруйскай дыстанцыі пуці. «Бронзу» ўзяла Жанна Барабанава, сакратар Магілёўскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў.
Акрамя таго, было вырашана ўручыць памятныя прызы двум паэтам: мастацкаму кіраўніку Дома культуры чыгуначнікаў Культурна-спартыўнага цэнтра Брэсцкага аддзялення дарогі Леаніду Фейгіну і Максіму Зыкаву, электрамеханіку Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі.
– Вельмі прыемна, што на Беларускай чыгунцы ёсць таленавітыя людзі, – адзначыў Пётр Стоцкі. – Яны не толькі сумленна і адказна працуюць, гарантуюць бяспеку руху цягнікоў, перавозяць грузы і пасажыраў. Яны яшчэ і пішуць выдатныя вершы, у тым ліку прысвечаныя магістралі.
Па яго словах, паэтычныя конкурсы на чыгунцы праводзіліся і раней. Але гэты быў асабліва важны. Ён прайшоў у Год культуры і быў прысвечаны юбілею газеты. Па памеры тыража выданне – адзін з лідэраў сярод галіновай прэсы.
Дарпрафсаж, у сваю чаргу, вырашыў узнагародзіць за кошт уласных сродкаў яшчэ трох аўтараў: правадніка пасажырскага вагона Віцебскага вагоннага ўчастка Вольгу Гілавейню, былога памочніка машыніста лакаматыўнага дэпо Ма-гілёў Міхаіла Чаканава і старшыню прафсаюзнай арганізацыі Полацкай дыстанцыі пуці Валянціну Каваленка.
– У гэтых радках адлюстроўваецца ваша крапатлівая праца, вашы памкненні, – заўважыў падчас узнагароджання кіраўнік Дарпрафсажа Уладзімір Рынг. – Адчуваецца, што кожнае слова ідзе ад сэрца.
На яго погляд, паэтычная творчасць чыгуначнікаў мае высокі ўзровень. Таму нядзіўна, што і гімн Беларускай магістралі ў свой час напісаў яе работнік.
Яшчэ два творцы атрымалі спецыяльныя прызы ад рэдакцыі «Железнодорожника Белоруссии». Высокую ацэнку паэтычнага таленту заслужылі машыніст крана Баранавіцкага вагоннага дэпо Ірына Куратнік і манцёр Жлобінскай дыстанцыі пуці Сяргей Качура. Галоўны рэдактар газеты Сяргей Коктыш падзякаваў усіх удзельнікаў конкурса за творчае натхненне, ініцыятыўнасць. Сяргею Качуру і Ірыне Куратнік ён уручыў памятныя прызы.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика