Январь
Пт
17
2025

Запрашаем да ўдзелу

Маштабны конкурс «Чалавек Года культуры» па 14 намінацыях пройдзе ў Беларусі. За перамогу ў ім будуць змагацца і таленавітыя людзі Беларускай чыгункі.

Да 10 лютага 2017 года лепшых вызначаць у сферах выяўленчага, тэатральнага, музычнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога, народнага дэкаратыўна-прыкладнога і кінавідэамастацтва. Пераможцаў назавуць і ў катэгорыях музейнай, бібліятэчнай, клубнай дзейнасці. Спаборнічаць таленавітыя людзі будуць і па такіх катэгорыях, як «Народная творчасць», «Педагагічная дзейнасць з творчай моладдзю», «Асвятленне пытанняў культуры ў сродках масавай інфармацыi».
Арганізатарамі творчага конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі Беларусі, абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы, Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Спаборніцтва праводзіцца для стымулявання ініцыятывы работнікаў культуры, прапаганды інавацыйных ідэй, перадавога досведу і забеспячэння шырокага грамадскага прызнання іх дасягненняў у культурнай дзейнасці. За перамогу могуць пазмагацца грамадзяне Беларусі, якія з’яўляюцца работнікамі культуры, педагогамі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі, якiя з’яўляюцца членамі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку творчых саюзаў. Пераможцы конкурсу будуць адзначаны дыпломамі і ўзнагароджаны грашовымі прэміямі ў памеры 25 базавых велічынь.
Вылучэнне кандыдатур удзельнікаў конкурсу будзе ажыццяўляцца ў перыяд з 2 па 15 студзеня 2017 года на пасяджэннях калегіяльных органаў ці сходах працоўных калектываў арганізацый культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі, грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку творчых саюзаў.
Кіраўніцтва галіновага прафсаюза заклікае чыгуначнікаў актыўна паўдзельнічаць у гэтым важным спаборніцтве, прымеркаваным да Года культуры, які праходзіць у 2016 годзе.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика