«Гэта трэба жывым…»
У Лунінцы каля рамонтна-механічнага завода ў свой час была ўзведзена стэла з красамоўнымі словамі: «Лунінецкім чыгуначнікам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.». Выклікала здзіўленне, што помнік знаходзіцца за тры кіламетры ад вакзала і на прыкметнай адлегласці ад чыгункі.
І толькі ў ХХІ стагоддзі пачалі аднаўляць сапраўдную гісторыю падзеі, што ўвекавечана такім чынам. Аказваецца, фашысты бамбілі станцыю Лунінец 28 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень у чэргах у магазіны на Прывакзальнай плошчы стаялі мірныя жыхары – жанчыны, дзяўчыны, падлеткі, многія з якіх загінулі. Ахвярамі авіяўдару сталі і пасажыры – чырвонаармейцы і тыя, каго эвакуіравалі, а таксама чыгуначнікі. Калі ўсё скончылася, стала відавочна, што перон і станцыя былі перапоўнены параненымі і загінуўшымі. Па загаду ваеннага каменданта трупы былі вывезены за горад. Вечарам некаторых з іх апазналі родныя і пахавалі па-хрысціянску. Для большасці ахвяр ускраіна Лунінца стала брацкай магілай.
Паводле архіўных дадзеных у гэты дзень загінулі 203 чалавекі. Дзякуючы неабыякавым людзям, удалося выявіць прозвішчы дваццаці ахвяр фашысцкага налёту. Да 75-годдзя гэтай трагедыі агульнымі намаганнямі калектываў чыгуначнага вузла і рамонтна-механічнага завода было вырашана ўсталяваць на стэле мемарыяльную дошку з удакладненым спісам ахвяр.
Калі аб падзеях 75-гадовай даўніны паведаміла газета «Беларускi час», у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар горада Бяроза Аляксандр Салавей і паведаміў, што падчас гэтай бамбёжкі на станцыі Лунінец загінуў і яго бацька Пётр Васільевіч Салавей (на здымку), які працаваў у Брэсцкім рэзерве. З пачаткам вайны з пераабсталяваных вагонаў фарміраваліся санітарныя саставы. Бацька і быў якраз прызначаны начальнікам аднаго з тых, што дастаўлялі ў Лунінец параненых чырвонаармейцаў… Мне было тады 5 гадоў… Памятаю, мама называла імя яшчэ аднаго жыхара Бярозаўскага раёна, які загінуў у той дзень. Аляксандр Рыгоравіч Гардзейчык служыў правадніком…
Так на мемарыяльнай дошцы з’явіліся яшчэ два прозвішчы. Спадзяемся, што адгукнуцца і іншыя неабыякавыя людзі, якія працягнуць мартыралог трагедыі вайны. Асабліва чакаем звестак з Брэсцкага аддзялення чыгункі.
У Лунінцы ўрачыстасць каля стэлы адбылася 10 ліпеня, у чарговую гадавіну вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як ганаровых гасцей прымалі тут сям’ю П. В. Салаўя. Прыехалі яго дзеці і ўнукі, адзін з якіх носіць імя загінуўшага дзеда. Памяць ахвяр ушанавалі хвілінай маўчання.
Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец