У гонар вузкакалейкі

Манумент вузкакалейцы Наваельня – Зарой – Навагрудак – Любча ўрачыста адкрыўся ў Дзень вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў вёскі Зарой Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Свята зладзілі мясцовыя жыхары. Кіраўніцтва Баранавіцкага аддзялення падтрымала гэту ідэю, а яго прадстаўнікі прынялі ў ім актыўны ўдзел.

img423– Ліпеньскімі днямі 1944 года 334-ы стралковы полк 120-й гвардзейскай дывізіі вызваліў нашу вёску Зарой, а затым і суседнія Кузьмічы, Барышына, Касцюкі, Данілавічы, Дварэц, – расказвае стараста Святаслаў Сас.
Мерапрыемствы распачаліся з мітынга-рэквіема ля помніка мясцовым жыхарам, якія былі закатаваны падчас вайны. Прысутныя яшчэ раз узгадалі жудасныя падзеі, што адбываліся тут у гады Вялікай Айчыннай. Пасля хвіліны маўчання ўдзельнікі перамясціліся да манумента вузкакалейцы, якая існавала тут да 1966 года.
Магістральную вузкакалейку пабудавалі немцы падчас Першай сусветнай вайны на акупіраванай імі тэрыторыі. Дарога звязвала станцыю Наваельня з лініяй фронту, якая праходзіла побач з Любчай і Карэлічамі. Чыгунка каляінай 600 мм была пабудавана менш, чым за год і праходзіла праз вёскі Зарой, Скрыдлева, Гарадзечна, Басіна, Вялікія Вераб’евічы, Нянькава, Наваселкі, Ачукевічы. Па ёй хадзілі вузкакалейныя нямецкія паравозы і вагоны, на станцыі Наваельня было пабудавана дэпо.
З 1919 года з устанаўленнем Савецкай улады вузкакалейка працавала на патрэбы гаспадаркі. Актыўна эксплуатаваўся гэты ўчастак і пасля 1921 года, калі Навагрудчына адышла да Польшчы. Згодна з раскладам руху пасажырскіх цягнікоў Польскай чыгункі 1930 года, ад Наваельні да Навагрудка курсіравалі тры пары пасажырскіх цягнікоў, якія пераадольвалі ўвесь маршрут за паўтары гадзіны. Падчас Вялікай Айчыннай нямецкія акупанты зноў імкнуліся захапіць вузкакалейку, аднак яе рэгулярна адбівалі партызаны, якія падрывалі пуці, масты, тэлефонную лінію.
Пасля вызвалення гэтай тэрыторыі ад гітлераўцаў вузкакалейка перайшла на баланс Брэст-Літоўскай чыгункі і абслугоўвалася 2-й Баранавіцкай дыстанцыяй пуці. Каляіна была перароблена на памер 750 мм, па ёй пачалі хадзіць савецкія паравозы і вагоны. Дзякуючы гэтаму актыўна развіваўся і рэгіён: у мясцовыя калгасы ішлі мінеральныя ўгнаенні, тэхніка. Адсюль вывозілі насенне і шмат іншых відаў грузаў, ураджай і прадукцыю прадпрыемстваў. У сярэдзіне 60-х вузкакалейка стала стратнай, пасажырскія перавозкі ўвогуле спыніліся, бо з Навагрудка да Наваельні танней было даехаць аўтобусам. У 1965 годзе яна спыніла сваё існаванне.
Манумент нагадвае пра час існавання вузкакалейкі і яе прызначэнне, а таксама ўтрымлівае спіс вяскоўцаў, якія на ёй працавалі. Ён зроблены сіламі мясцовых жыхароў і за іх сродкі. Падчас урачыстага адкрыцця перад прысутнымі са словамі падзякі выступілі член савета ветэранаў Баранавіцкага аддзялення Мікалай Юрчанка, паяздны дыспетчар Баранавіцкага аддзялення, ураджэнец вёскі Зарой Дзмітрый Сас, кіраўнік справамі Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Галіна Дворык, супрацоўнік Навагрудскага краязнаўчага музея, ураджэнец вёскі Зарой Георгій Шараў.
Урачыстыя мерапрыемствы прадоўжыліся канцэртнай праграмай. Да вяскоўцаў завіталі артысты з Дзятлава. Адметны фальклорны калектыў, тэатр-студыя «Прымакі» парадавалі задушэўнымі беларускімі спевамі.
– Стварэнне манумента і наша свята былі б немагчымы без падтрымкі кіраўніцтва Баранавіцкага аддзялення, а таксама мясцовага жыхара Віктара Церашкоўскага і індывідуальнага прадпрымальніка з Наваельні Аляксандра Ката, якім належыць ідэя стварэння і дапамога ў мастацкім афармленні помніка, – адзначыў Святаслаў Сас. – Гэтыя нераўнадушныя людзі заслугоўваюць шчырай падзякі ад імя ўсіх жыхароў вёскі.

Алена КРАВЕЦ

Яндекс.Метрика