Гімназісты наведалі дэпо
Вучні лунінецкай гімназіі пабывалі на экскурсіі ў мясцовым лакаматыўным дэпо.
Па прадпрыемству іх правёў колішні выпускнік навучальнай установы. Канстанцін Калянковіч набыў вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарта ў Гомелі. Свой прафесійны шлях пачаў на малой радзіме. Накіраваны ў лакаматыўнае дэпо Лунінец, паўгода быў памочнікам машыніста цеплавоза на грузавых і дызель-цягніках. І вось ужо на працягу амаль пяці гадоў працуе інжынерам па тэхніцы бяспекі, карыстаецца аўтарытэтам у калектыве і сярод старэйшых калег.
Юнакі і дзяўчаты былі здзіўлены, што частку рабочага часу лакаматыўшчыкі і рамонтнікі праводзяць у вучэбных класах – займаюцца двойчы ў месяц. З задавальненнем яны прадэманстравалі гасцям абсталяванне кабінетаў, цэхаў, месцаў адпачынку. Гімназістаў зацікавіла работа псіхолага, тэсты на знаходлівасць і ўменне знайсці выйсце ў нестандартнай сітуацыі. Таксама важна было нагадаць дзецям правілы паводзін на аб’ектах Беларускай чыгункі.
Магчыма экскурсія дапаможа гімназістам вызначыцца з выбарам прафесіі.
Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец