Октябрь
Сб
12
2024

Экзамен на чалавечнасць вытрымалі

Будучыя работнікі Беларускай чыгункі дапамагаюць ветэранам магістралі.

Уладзімір Чартко – адзін з найбольш паважаных ветэранаў працы лакаматыўнага дэпо Лунінец. Чалавек ён сціплы, не патрабуе да сябе празмернай увагі, імкнецца сам спраўляцца са сваёй гаспадаркай. Між тым, Уладзіміру Міхайлавічу ўжо 86-ты год. Напярэдадні зімы мужчына не адмовіўся ад дапамогі.
У адзін з дзён на ціхі двор па вуліцы Гомельская завітала каманда добраахвотных памочнікаў – навучэнцаў Гомельскага і Брэсцкага ліцэяў чыгуначнага транспарту. Аляксандр Шкут, Васіль і Дзмітрый Вярэнічы, Максім Сельвіч праходзяць вытворчую практыку ў лакаматыўным дэпо. Яны ахвотна адгукнуліся на заклік дапамагчы ветэрану. Хлопцы напілавалі дроў, паскладвалі іх, а яшчэ атрымалі жыццёвыя парады ад мудрага старажыла.
Гэта далёка не адзінкавы выпадак. Шэфская дапамога была аказана былой чыгуначніцы з Ракітна Ганне Аляксееўне Чарнавокай, лунінчанкам, ветэранам вайны і працы Марыі Данілаўне Коўцы і Ганне Ігнатаўне Жук.
Акрамя таго, у рамках комплекснай праграмы «Клопат» работнікі лакаматыўнага дэпо адрамантавалі веранду франтавіку Віктару Парфёнавічу Селядцову, а тры кватэры ветэранаў былі абсталяваны аўтаматычнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.
Вытворчая практыка будучых чыгуначнікаў аказалася насычанай на карысныя справы. Яны паспелі авалодаць слясарным рамяством, а зараз дублёрамі памочнікаў машыністаў ездзяць на цягніках. Хочацца спадзявацца, што юнакі паспяхова здадуць прафесійны экзамен. А свой галоўны тэст – на чалавечнасць – яны годна вытрымалі.

Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец

Яндекс.Метрика