Павел Харланчук-Южакоў: «Цуды здараюцца, калі ў іх верыць»

Доўгі час існавала традыцыя сустракаць Новы год з фільмам «Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!», прэм’ера якога адбылася 31 снежня 1975 года.

У ролі лейтэнанта Качуры

Ён стаў неад’емным атрыбутам зімовых святаў для некалькіх пакаленняў. Але жыццё не стаіць на месцы. З’явіліся новыя фільмы, прагляд якіх таксама з часам можа стаць добрай традыцыяй. Сярод іх – беларускі міні-серыял «Усё, што нам патрэбна» рэжысёра Івана Паўлава. Аповед ідзе пра чатыры апошнія дні года, калі з галоўнымі героямі адбываюцца сапраўдныя цуды. Яны праходзяць праз выпрабаванні, паспяваюць перажыць унутраны крызіс і знайсці сваё каханне. Адну з галоўных роляў выканаў акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Харланчук-Южакоў. Паводле сюжэта работнік Беларускай чыгункі выратаваў яго героя. Падрабязней пра ролю сталёвай магістралі ў жыцці і творчасці артыста – у эксклюзіўным інтэрв’ю для нашай газеты.

– Вы родам з Гомеля. Гэта буйны чугыначны вузел. Як часта даводзілася карыстацца паслугамі магістралі? Ці захаваліся ў Вас дзіцячыя ўспаміны пра чыгунку?
– Успамінаў шмат. Сам я з Навабеліцкага раёна Гомеля, ён размешчаны на другім баку Сожа. Там ёсць чыгуначныя пуці. Мы дзецьмі часта хадзілі гуляць бліжэй да лесу, бадзяліся па наваколлі. Але ведалі: калі заблукаў, шукай чыгунку і трымайся яе. Чыгунка вывядзе да людзей.
Узгадаю яшчэ гісторыю пра сваё падарожжа, калі я быў зусім маленькім. Неяк маці з маім старэйшым братам паехалі адпачываць, а я застаўся з татам і вельмі засумаваў. Бясконца пытаў «Дзе мама?», прасіў: «Давай паедзем да мамы». І так я бацьку дапёк, што ён заявіў: «Добра! Паедзем да мамы на чырвоным цягніку!» Мы прыйшлі на чыгуначны вакзал, дзе сапраўды стаяў чырвоны цягнік. Але я тады не ведаў, што ён прыгарадны і ходзіць па кальцавым маршруце (Гомель – Гомель). Мы зрабілі кола, аб’ехалі горад, для мяне гэта было цэлае падарожжа. Калі выйшлі, я месца не пазнаў, хоць мы менавіта там і садзіліся ў цягнік. Потым бацька прывёў мяне туды, дзе працавала маці. «Вось, бачыш, – сказаў, – мамы яшчэ няма. Давай, заўтра паглядзім». Я цалкам гэтым задаволіўся, бо зрабіў сапраўднае падарожжа.
З трэцяга класа я займаўся ў дзіцячым эксперыментальным тэатры «Сінтэз», у якім прабыў аж да заканчэння школы. Мы часта падарожнічалі чыгуначным транспартам – ездзілі выступаць, а таксама на аздараўленне ў летнік. Ну і адпачываць усёй сям’ёй у Крым адпраўляліся, вядома ж, на цягніках. Увогуле, я вельмі люблю чыгунку. Праўда, люблю. Садзішся ў вагон, і сама дарога вабіць. Хочацца проста ехаць і ехаць, паглядаючы ў вакенца. Рамантыка падарожжа.
– Не так даўно паміж Гомелем і Мінскам пачаў хадзіць новы рухомы састаў, цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа. Ці давялося Вам альбо Вашым родным карыстацца імі?

Спектакль «Паўлінка»

– Я сам ездзіў. Маці з братам таксама. Яны ў жніўні былі тут у гасцях. Ім так спадабалася паездка ў гэтым цягніку, што, вярнуўшыся ў Гомель, напісалі па-дзяку. Я таксама ездзіў, бо ў мяне ў Гомелі была пастаноўка – спектакль «Безыменная зорка». І пры гэтым я працягваў працаваць у Мінску. Каб усюды паспець, мне давялося пакруціцца паміж двума гарадамі. Я б увесь час ездзіў толькі на цягніках, але на жаль, не заўсёды бывае зручным расклад. А так – у дарозе ўсяго тры гадзіны. Гэта зручна. Калі патрапіцца цікавы суразмоўца, час пралятае непрыкметна.
Давялося мне карыстацца і сучаснымі цягнікамі гарадскіх ліній – мая цешча жыве ў Ратамцы. А яшчэ я нядаўна браў удзел у кароткаметражнай стужцы, дзе адзін з эпізодаў здымалі ў гэтым рухомым саставе. Нам вельмі спадабалася атмасфера ў «Штадлеры».
– А ці бывалі Вы з сям’ёй на Дзіцячай чыгунцы, што ў Мінску?
– Якраз збіраюся днямі адвесці туды сваіх малых, пракаціцца ў «Навагоднім экспрэсе», які курсіруе ў час зімовых канікул (з 24 снежня па 8 студзеня).
– Давайце звернемся да фільма «Усё, што нам патрэбна».
– У ім ёсць пэўны элемент казкі, нейкай умоўнасці, як, напрыклад, падзенне прыватнага самалёта, якім кіраваў мой герой. Але самае галоўнае ў стужцы – гэта адносіны паміж людзьмі.
– Ваш персанаж – Дзяніс Чашчын, зорка хакею – па пэўных прычынах дабіраецца з Чалябінска ў Мінск «зайцам». Колькі часу Вам давялося правесці ў скрыні пад лаўкай?
– Колькі рабілі дубляў, столькі і сядзеў. Дзіркі там былі зроблены вялікія, таму паветра хапала. Месца таксама. Здаецца, для мяне скрыню зрабілі шырэйшай. Але я б і ў звычайную памясціўся.
– Цягнік рухаўся падчас здымкаў ці стаяў?
– Калі здымалі агульны план, звонку, цягнік рухаўся. А над сцэнамі ў салоне працавалі, калі састаў стаяў. Аднак, каб стварыць ілюзію руху, вагон раскачвалі, а за вокнамі праносілі ліхтары, быццам слупы асвятлення прабягаюць міма. Здымкі вяліся ў Мінску. Дапамагалі сапраўдныя чыгуначнікі, якія кансультавалі акцёраў.
– Ваш герой у хакейнай камандзе выступаў пад № 13, і ў цягніку, дзе сустрэў сваё каханне (правадніка ў выкананні актрысы Алесі Пухавой), апынуўся ў вагоне таксама № 13. Гэтыя лічбы сталі для яго шчаслівымі. А ў Вас у жыцці ёсць такія шчаслівыя лічбы, даты?
– Не. Я ўвогуле не схільны да такіх забабонаў. Кагосьці лічба 13 палохае, але не мяне. Мы з жонкай 13 гадоў у шлюбе. Цудоўна. Насамрэч усё ад чалавека залежыць: калі ён будзе палохацца нейкай лічбы, запраграмуе сябе на непрыемнасці, то яны з ім і будуць здарацца. А ў што
будзеце верыць, тое і спраўдзіцца.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў Гомелі 27 чэрвеня 1978 года. Скончыў акцёрскае (2000 год) і рэжысёрскае (2003 год) аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2003-га па 2006-ты працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, з 2010-га – у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Першая роля ў кіно – у стужцы «Бабін Яр». Сёння на яго творчым рахунку больш за паўсотні фільмаў. Здымаўся ў карцінах «Дзяржаўная мяжа», «Белыя росы. Вяртанне», «Чаго хочуць мужчыны», «Каменская-5», «Салодкае развітанне Веры», у міні-серыяле «Сляды апосталаў», а таксама ў цыкле стужак «Участак лейтэнанта Качуры», дзе выканаў галоўную ролю. Сям’я: жонка Ганна Харланчук-Южакова, актрыса, 5 дзетак – Адэль, Івона, Філіп, Алівія і Паўліна.

– З героямі ў фільме здараюцца цуды. А ў іх Вы верыце? І што для Вас асабіста гэта значыць?
– Цуд – гэта тое, што можа адбыцца з любым з нас. Мая Ганна мне аднойчы распавядала, як прайшоў яе дзень. Я быў на працы, а яна нікуды не паспявала. Дачка Адэлька павінна была ўдзельнічаць у канцэрце ў музычнай школе. Але штосьці пераблыталася, Ганна думала, што будзе проста запіс, аказалася – канцэрт, і для выступлення Адэльцы неабходны сукенка, белыя калготачкі. Трэба было ехаць дамоў пераапранацца, а да пачатку мерапрыемства заставалася менш за гадзіну. І Ганка адпраўляецца, хоць разу-мее, што не паспявае. Яна едзе ў краму, але не ведае, ці хопіць у яе грошай, каб набыць патрэбнае, і ці застанецца паліва ў машыне, каб вярнуцца ў школу. Тады Ганка просіць у думках вышэйшыя сілы аб дапамозе. Яна знайшла ўрэшце дзіцячую сукенку на тыя грошы, што ў яе былі, паліва хапіла даехаць да школы. Яна моцна спазнілася, але аказалася, што пачатак мерапрыемства чамусьці затрымалі. І толькі Адэлька пера-апранулася, як аб’явілі яе выхад на сцэну. Што гэта, як не цуд? Калі ты шчыра просіш у Бога дапамогі і прыкладаеш усе намаганні для таго, каб гэты цуд адбыўся, то так і будзе. Трэба верыць. Калі ты сапраўды моцна нечага хочаш, абавязкова атрымаецца. Усё можа быць у гэтым жыцці.

Спектакль «Людзі на балоце»

– Як Вы сустракаеце Новы год? Ці ёсць нейкія сямейныя традыцыі?
– Так атрымалася, што раней мы сустракалі Новы год у сваякоў. Але сёлета плануем застацца дома і такім чынам распачаць сваю сямейную традыцыю. У прыватнасці, пасля вячэры ўладкуемся ўсе разам на канапе і паглядзім нейкі калядны фільм ці мультфільм. Я вельмі люблю такія моманты, калі ўся сям’я побач.
– Я так разумею, калі тата і мама – акцёры, пытанне «каму быць Дзедам Марозам і Снягуркай?» у сям’і не ўзнікае?
– Да Вы што! Кожны год мы запрашаем Дзеда Мароза да нас у госці. І ён радуе дзяцей жартамі і падарункамі.
– А Вам, як артысту, даводзілася бываць у ролі Дзеда Мароза?
– Даводзілася. Яшчэ студэнтам Акадэміі мастацтваў я быў Дзедам Марозам на ранішніках для дзяцей чыгуначнікаў, а таксама на навагодніх вечарах для работнікаў і ветэранаў вагоннага дэпо. Пазней выступаў у гэтым вобразе і ў тэатры. Увогуле, гэта вельмі няпростая праца. Для мяне ўзорам выканання ролі Дзеда Мароза застаецца мастацкі кіраўнік дзіцячага тэатра «Сінтэз» Валерый Пятровіч Курдзюмаў.
– Большасць Вашых персанажаў – людзі станоўчыя, аднак трапляюцца і адмоўныя, як, напрыклад, Яўхім са спектакля «Людзі на балоце». Такія вобразы больш цікавыя, чым станоўчыя?
– Станоўчых іграць больш складана, бо трэба трымацца пэўных межаў, каб не зрабіць персанаж залішне «прэсным», прыкрым. Гэта не адпавядае рэальнаму жыццю. Неабходна зрабіць яго не ўмоўным наборам якасцяў, а чалавекам. Адмоўны герой – ён ужо адразу чалавек са сваімі слабасцямі і заганамі. Іграць такіх цікавей, бо прыходзіцца пакорпацца ў сабе, змадэляваць, як бы ты павёў сябе ў тых ці іншых абставінах. Аднак такое не заўсёды атрымліваецца, бо ёсць рэчы, на якія асабіста я ніколі б не пайшоў, як, напрыклад, гвалт над жанчынай. А той жа Яўхім робіць да гэтага некалькі спроб. Такія ролі – на пераадоленне, пэўнае выпрабаванне.
– Кожны акцёр марыць аб вялікай ролі. Каго б Вы хацелі сыграць?
– Якую-небудзь гістарычную асобу, канкрэтнага чалавека з мінулага, музыку, навукоўца ці палітыка. Падысці да гэтага дасканала, з паглыбленнем у біяграфію, раскрыць характар.
– Вашы пажаданні нашым чытачам на наступны год…
– Жыццё падобнае на цягнік. Хацелася б пажадаць, каб кожны чалавек знайшоў свой вагон у гэтым цягніку і быў задаволены месцам і ўмовамі. Напаўненне цягніка і вагона залежыць і ад нас у тым ліку. Трэба разумець, што кожны на да-дзеным этапе жыцця знаходзіцца менавіта ў тым вагоне і на тым месцы, дзе ён зараз найбольш патрэбны. Будзе час – пяройдзе і ў вагон-рэстаран, і ў галаву састава, а калі захоча, то зможа сысці і перасесці на іншы цягнік. Проста трэба верыць у лепшае. Няхай машыністам вашага лакаматыву будзе Бог, які вядзе вас па жыцці.

Гутарыла Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика