Зімовы дзень здароўя
На «Зімовы дзень здароўя» запрасіў работнікаў станцыі Баранавічы-Цэнтральныя і іх родных Культурна-спартыўны цэнтр Баранавіцкага аддзялення.
Раніцай на цягніку яны адправіліся ў бок Лунінца і праз некалькі хвілін выйшлі на станцыі Русіно. Чыгуначнікі пачаставаліся блінамі, сагрэліся гарачай гарбатай. І неўзабаве гараджане, якiя засумавалi па актыўным адпачынку на прыродзе, накіраваліся на лыжню. Яна праходзіла па загадзя пракладзеным маршруце ў зiмовым лесе. Калi адны выбралі лыжню, іншыя каталіся на санках, спаборнічалі ў гонках «сямейных экіпажаў».
Акрамя таго, для працаўнікоў магістралі і іх родных падрыхтавалі цікавую культурную праграму. Яны адгадвалі загадкі, спявалі. Час праляцеў iмклiва. Дарослыя i дзецi вярталiся ў Баранавічы напоўненыя бадзёрасцю i яркімі ўражаннямі ад актыўнага і праведзенага з карысцю дня.
Аляксандр БОКАЧ