Декабрь
Ср
11
2024

Сэрвіс добрага настрою

Праваднік пасажырскага вагона Гомельскага вагоннага ўчастка Кацярына Юрчанка будзе прымаць віншаванні з жаночым святам далёка ад роднай хаты.

Да такіх вандровак, звязаных з працай, яна прызвычаілася. І нават бачыць у гэтым пэўныя перавагі.
– Бліжэйшае свята сустрэну ў Маскве, – расказвае яна. – Буду ў расійскай сталіцы 8 сакавіка. Рэйс на свята заўсёды вельмі асаблівы: віншуюць не толькі калегі-праваднікі, але і пасажыры. Жадаюць здароўя, дабрабыту ды шмат чаго іншага. Гэта так прыемна!
Такіх святочных паездак у Кацярыны і дагэтуль было нямала. Напрыклад, 2017 год сустрэла ў дарозе. А вось на дзень нараджэння, які прыпадае на 26 студзеня, сёлета паспела вярнуцца ў родны Гомель з чарговага рэйсу.
Да працы без святочных дзён за 17 гадоў жанчына ўжо прызвычаілася. Штодзень людзям неабходна адпраўляцца ў камандзіроўку ці па асабістых справах, і чыгуначнікі даюць ім такую магчымасць, імкнуцца, каб паслугі былі прывабнымі, а сэрвіс – на высокім узроўні.
Кацярына як праваднік пасажырскага вагона фірменнага цягніка Гомель – Масква добра ведае, наколькі важна трымаць высокую марку.
– Чысціня ў вагоне, інтэр’ер ды іншыя складнікі фірменнага сэрвісу, – расказвае жанчына. – Вельмі важны і настрой правадніка, яго ўважлівасць да пасажыраў, добразычлівасць. Кожны новы рэйс не падобны на папярэднія. Мая задача – знайсці паразуменне з кожным чалавекам, дапамагчы яму, калі патрэбна.
Гаворыць гэта і ветліва паглядае, раскрываючы такім чынам яшчэ адзін важны кампанент прафесіяналізму. Усміхнецца праваднік пасажыру, скажа добрае слова, паклапоціцца, каб паездка была зручнай – і ў наступны раз чалавек ізноў аддасць перавагу чыгунцы.
Абраць прафесію правадніка пасажырскага вагона Кацярыне параіла сяброўка, услед за якой паступіла ў гомельскі каледж. Спачатку працавала на цягніках, якія звязвалі Гомель з Мінскам, Брэстам, Гродна, іншымі гарадамі. З ахвотай асвойвала тонкасці прафесіі, сумленна выконвала свае абавязкі. Гэта заўважыла кіраўніцтва, і ёй прапанавалі працу ў брыгадзе фірменнага цягніка. Сёння Кацярыну паважаюць за прафесіяналізм, ставяць у прыклад іншым.
Жанчына абслугоўвае маскоўскі напрамак ужо некалькі гадоў. Працягвае вучыцца, удасканальваць свае веды. За добрасумленную працу дзякуюць пасажыры, цэняць калегі. Сёлета гэта пацвердзілася прызнаннем яе дасягненняў на самым высокім узроўні: Кацярына Юрчанка ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускай чыгункі.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика