Пры падтрымцы магістралі
Нягледзячы на няпростыя кліматычныя ўмовы і эканамічныя абставіны, сельгасарганізацыі Беларускай чыгункі спрацавалі без страт.
Аб гэтым ішла размова на выязной нарадзе пад старшынствам намесніка кіраўніка магістралі Пятра Стоцкага, дзе разглядаліся вынікі дзейнасці гаспадарак у 2016-м і абмяркоўваліся задачы на 2017-ты. Мерапрыемства прайшло на базе СГП «Свіцязь» Баранавіцкага аддзялення.
Адзначана, што на дастойным узроўні была арганізавана леташняя ўборачная кампанія. Агульнымі намаганнямі намалочана больш за 32,5 тыс. тон збожжа пры ўраджайнасці 38,3 ц/га. Асобныя прадпрыемствы дасягнулі яшчэ лепшых вынікаў: СГП «Авангард» – 53,4 ц/га, СГП «Рачкавічы» – 49 ц/га. Дзяржаве прададзена больш як 7,3 тыс. тон збожжа, ці 102,6% ад плана. Даведзенае заданне таксама перавыканалі «Радзежскае», «Рачкавічы» і «Авангард».
Паспяхова прайшла кампанія па нарыхтоўцы кармоў. Удалося значна перавысіць паказчыкі папярэдняга года.
Аналізуючы вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання Алена Лагацкая звярнула ўвагу на невыкананне шэрагу даведзеных заданняў. У прыватнасці – па аб’ёме валавой вытворчасці прадукцыі, а таксама выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг. Сёлета неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб выправіць сітуацыю, падкрэсліла Алена Мікалаеўна. Пры гэтым яна адзначыла і станоўчыя моманты. Напрыклад, суадносіны росту вытворчасці працы і росту заработнай платы склалі 1,094. Рэнтабельнасць продажу – адзін працэнтны пункт. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі – 606 тыс. рублёў. У цэлым па выніках 2016 года ні адно з сямі сельгаспрадпрыемстваў Беларускай чыгункі не было стратным.
У многім гэтыя дасягненні абумоўлены спонсарскай дапамогай, якую аказвае магістраль (летась яе памер склаў 1084 тыс. рублёў).
Такая фінансавая падтрымка дазваляе сельгасарганізацыям забяспечыць станоўчую дынаміку развіцця, абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу, развіваць сацыяльную галіну.
Асаблівая ўвага – працаўніку вёскі. У аддзяленнях магістралі праводзяцца ўшанаванні перадавікоў уборачных кампаній, разам с прафсаюзам ладзяцца віншаванні работнікаў дачэрніх сельгаспрадпрыемстваў з нагоды прафесійнага свята беларускіх аграрыяў.
Звяртаючыся да дырэктараў гаспадарак, Алена Мікалаеўна параіла ім больш актыўна ўключацца ў працэс эфектыўнага кіравання сваімі арганізацыямі. З належнай сур’ёзнасцю падысці да веснавой сяўбы і прадугледзець вырошчванне даходных культур. Кіраўніцтву аддзяленняў, асабліва намеснікам па эканоміцы, варта больш увагі ўдзяляць фінансава-гаспадарчай дзейнасці дачэрніх прадпрыемстваў, не дапускаць фармалізму пры абароне імі сваіх бізнес-планаў, жорстка кантраляваць выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Як здавальняючую ацаніў работу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў магістралі і намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі. Ён жа акрэсліў ім кола задач на бягучы год. Гэта найперш – выкананне нормаў аховы працы, супрацьпажарнай бяспекі і працоўнай дысцыпліны падчас правядзення сяўбы. Таксама Пётр Васільевіч запатрабаваў ад кіраўнікоў гаспадарак узмацніць кантроль за выкананнем работнікамі іх непасрэдных абавязкаў, павысіць эканамічную эфектыўнасць сельгасвытворчасці, забяспечыць дастойны ўзровень заработнай платы і вытворчасць высокаякаснай прадукцыі, выканаць даведзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Інга МІНДАЛЁВА