Январь
Пт
17
2025

Не зніжаць тэмпаў

Пашырыць ахоп работнікаў галіны гарачым харчаваннем да 50%.

Начальнік участка вытворчага харчавання Баранавіцкага аддзялення Іна Салейка з дыпломам трэцяй ступені, заваяваным сталоўкай у лакаматыўным дэпо Ваўкавыск

Такую задачу паставіў перад удзельнікамі выніковай нарады намеснік старшыні начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі. І падкрэсліў, што лічыць яе хоць і складанай, але цалкам выканальнай.
Ён нагадаў, што летась, нягледзячы на няпростую эканамічную сітуацыю, чыгунка здолела захаваць згаданы паказчык на ўзроўні 30,7%. У многім гэтаму спрыяла ўвядзенне адзінай нацэнкі на прадукцыю ўласнай вытворчасці на ўсіх профільных аб’ектах харчавання. Яе памер (30%) пазначаны ў Пагадненні Беларускай чыгункі па сацыльяна-працоўных адносінах і ў калектыўных дамовах.
– Гэта адна з формаў сацыяльнай падтрымкі нашых работнікаў, і яна павінна быць аднолькавай для кожнага з іх! – адзначыў Пётр Васільевіч.
Сёння ва ўсіх аддзяленнях на аб’ектах вытворчага харчавання паспяхова дзейнічаюць аўтаматызаваныя сістэмы разліку. Чыгуначнік мае магчымасць аплаціць абед у лік будучага заробку. У перспектыве асобныя сістэмы злучацца ў адзіную сетку, і работнік любога прадпрыемства Беларускай сталёвай магістралі з дапамогай сваёй карпаратыўнай карткі зможа паесці ў любой чыгуначнай сталоўцы ў межах краіны, а значыць – і атрымаць абед з мінімальнай нацэнкай. Сёння такі падыход ужо рэалізаваны для арганізацый Мінскага вузла і станоўча сябе зарэкамендаваў.
– Мы распачалі гэты праект добрымі тэмпамі і не павінны іх зніжаць да поўнага яго ажыццяўлення, – падкрэсліў Пётр Стоцкі.
Звяртаючыся да начальнікаў створаных летась у кожным аддзяленні ўчасткаў вытворчага харчавання, ён парэкамендаваў ім больш актыўна супрацоўнічаць з сельгаспрадпрыемствамі чыгункі і забяспечваць іх прадукцыяй сталоўкі і буфеты. Акрамя таго, самую пільную ўвагу звяртаць на якасць прапанаваных страў і на разнастайнасць асартыменту.

Сталоўка ў лакаматыўным дэпо Полацк

На пачатак года паслугі вытворчага харчавання на Беларускай чыгунцы аказвалі 29 сталовак (на больш як 2,1 тыс. месцаў) і 32 буфеты (амаль 600 месцаў). Са сваёй асноўнай задачай – прадастаўленнем работнікам галіны гарачых абедаў высокай якасці і па даступнай цане – яны цалкам справіліся. Чыгунка выконвае нарматыў забяспечанасці работнікаў аб’ектамі грамадскага харчавання, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2012 года № 1190.
Аб гэтым расказала начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання Упраўлення Беларускай чыгункі Алена Лагацкая. Яна адзначыла, што дзейнасць згаданых аб’ектаў на магістралі мае сацыяльную скіраванасць. Але пры гэтым неабходна імкнуцца скарачаць выдаткі на іх утрыманне. І ў гэтым плане за першыя месяцы бягучага года ўжо акрэслілася станоўчая дынаміка – дзякуючы праведзенай летась аптымізацыі структуры.
Самая важная задача на 2017-ты – далейшае пашырэнне ахопу чыгуначнікаў вытворчым харчаваннем. Для яе вырашэння трэба больш актыўна ўзаемадзейнічаць з прафсаюзнымі арганізацыямі.
Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй узнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу на лепшую вытворчую сталоўку магістралі.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика