Моцная сувязь пакаленняў

Даніну павагі былым калегам – ветэранам вайны аддалі актывісты прафсаюзнай і ветэранскай арганізацый лакаматыўнага дэпо Лунінец. Напярэдадні Дня Перамогі яны завіталі ў госці да пажылых людзей, падарылі ім цяпло сваіх сэрцаў.

Сярод ветэранаў дэпо засталося толькі дзевяць былых франтавікоў, партызан і працаўнікоў тылу. Яны з гонарам прайшлі праз полымя баёў, ліхалецце акупацыі, выпрабаванні няпростага пасляваеннага жыцця, добра ведаюць цану міру і не шкадавалі сіл для аднаўлення гаспадаркі, разбуранай вайной.
Старэйшы з ветэранаў – 97-гадовы Адам Аляксеевіч Арашкевіч. Больш чым 42 гады ён адпрацаваў у калектыве, памятае калег, дзякуе ім за клопат і ўвагу. Не меншай пашаны заслужылі Георгій Паўлавіч Камандзіс, Мікалай Мартынавіч Філонік, Марыя Данілаўна Коўка, Віктар Парфёнавіч Селядцоў. Кожны з іх дасягнуў 90-гадовага ўзросту. Сёлета такі ж юбілей адзначыў Дзмітрый Паўлавіч Шэйнюк.
У верасні будзе прымаць віншаванні Міхаіл Міхайлавіч Канапацкі. Ён адзначаны знакам «Выдатнік Беларускай чыгункі» (а днямі, дарэчы, аналагічная ўзнагарода ўручана і яго сыну – машыністу лакаматыўнага дэпо Лунінец Генадзю Канапацкаму). Да 30-годдзя стварэння грамадскіх суполак ветэранаў вайны і працы Міхаіл Міхайлавіч атрымаў Ганаровую грамату раённага савета дэпутатаў. Сярод партызан і працаўнікоў тылу, якіх наведалі работнікі дэпо, – Ганна Ігнатаўна Жук і Марыя Іосіфаўна Драніч.
Пажылым людзям уручылі прадуктовыя наборы, павіншавалі з 9 Мая. А галоўнае – падтрымалі іх упэўненасць у тым, што ўсе цяжкасці, праз якія яны прайшлі ў гады вайны, былі недарэмнымі, а іх подзвіг заўсёды будзе ў памяці пакаленняў.
Не забылі работнікі дэпо і пра былых работнікаў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай. Добраўпарадкавалі помнікі Івана Ліманта, Аляксандра Харытановіча, Ігната Жука і яго пляменніка Аляксея Жука.

Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец