Март
Чт
27
2025

Прадвызначана лёсам

«У працы і песні сакрэт актыўнасці», – упэўнены ветэран чыгункі Пётр Ігнатавіч Лосіч, які днямі адзначыў 85-годдзе.

Шлях на сталёвай магістралі пачаўся, калі яму не споўнілася яшчэ і 17-ці: хлопца ўзялі ў Лунінецкую дыстанцыю пуці. Пасля тэрміновай службы ў арміі вярнуўся на гэта прадпрыемства, паступова рухаўся па службовай лесвіцы – стаў брыгадзірам, дарожным майстарам. У 1962-м перайшоў у лакаматыўнае дэпо Лунінец. Пачынаў качагарам на паравозе, потым працаваў памочнікам машыніста, машыністам цеплавоза. З лакаматывамі не развітваўся і на пенсіі: быў электраманцёрам па рамонце абсталявання.
А вольны час нярэдка бавіў у Доме культуры чыгуначнікаў. Мужчынскі хор дэпо добра ведалі далёка за межамі Лунінца. Спевамі Пётр Ігнатавіч захапіўся з самага пачатку працы на прадпрыемстве. Адметная знешнасць і прыгожы голас вылучалі яго ў калектыве. Ганарылася мужам і жонка Яўгенія Васільеўна. Яна хоць і не працавала на магістралі, але чыгуначнікаў заўсёды лічыла сваёй сям’ёй. Жанчыне лёс адмерыў толькі 60 гадоў, і вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі памяць аб ёй жыве ў сэрцы мужа, дзяцей і ўнукаў.
Пётр Ігнатавіч вельмі задаволены тым, што з траіх дзяцей двое па яго прыкладу прыйшлі на чыгунку. Магчыма, так было прадвызначана лёсам. Такім чынам працоўная дынастыя Лосічаў сёння налічвае ўжо тры пакаленні. Сын юбіляра, Аляксандр Пятровіч Лосіч, які, дарэчы, сёлета адзначыць 60-годдзе, таксама ў свой час уладкаваўся ў лакаматыўнае дэпо. Пачынаў слесарам, потым памочнікам машыніста цеплавоза, кіраваў дызель-цягніком. Яго жонка, Людміла Цеафільеўна, амаль дзесяць гадоў працавала псіхолагам у лакаматыўным дэпо.
Для дачкі Пятра Ігнатавіча – Варвары Пятроўны Варабей – гэта прадпрыемства таксама стала без перабольшання другім домам. Там яна працавала брыгадзірам па замерах, інспектарам аддзела кадраў, лабарантам хімічнага аналізу, загадвала лабараторыяй. Завочна скончыла гомельскі чыгуначны тэхнікум. У калектыве знайшла другую палавіну: мужам стаў машыніст цеплавоза. Іх старэйшы сын выбраў медыцыну, а вось малодшы Яўген вырашыў працягваць справу дзеда і бацькі – ён лакаматыўшчык.
Яшчэ аднаго ўнука Пятра Ігнатавіча назвалі ў гонар дзеда. Мужчына трэці сёлетні юбіляр Лосічаў! У свае амаль 35 гадоў Пётр практычна палову з іх працуе ў дэпо. Быў слесарам-рамонтнікам гаспадарчага ўчастка, цяпер – машыніст цеплавоза грузавога руху. Яго малодшая сястра Вольга пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту працуе ў дэпо эканамістам.
Акрамя прафесійных Пятра Ігнатавіча з дзецьмі звязваюць агульныя захапленні. У мужчынскім хоры дэпо спяваў і яго сын. На жаль, дзейнасць заслужанага калектыву спынілася. Але працягваецца песня – на сямейных урачыстасцях, падчас адпачынку. Бацька і сыны любяць парыбачыць на Прыпяці.
Радасць для Пятра Ігнатавіча – праўнукі. Па якой прафесійнай сцежцы пойдуць прадстаўнікі маладога пакалення, невядома. Але верыцца, што ў любой сферы прыярытэтамі і для іх будуць добрасумленная праца і песня, як і заведзена ў іх вялікай сям’і.

Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец

Яндекс.Метрика