Быць годнымі продкаў
У горадзе Вілейка 1 – 2 ліпеня адбудзецца рыцарскі фэст «Гонару Продкаў – 2017», удзел у якім возьме і работнік Беларускай чыгункі.
Павел Цярлюк на магістра-лі з 2013-га. Працуе начальнікам стралковай каманды на станцыі Мінск Мінскага атраду Ваенізаванай аховы. Нягледзячы на малады ўзрост (хлопцу 27 гадоў), ён ужо рэканструктар са стажам. У вілейскі тэматычны клуб «Паходня» прыйшоў яшчэ школьнікам.
– Зазірнуў проста пацікавіцца, – узгадвае суразмоўца, – але так і застаўся. Калі я ўбачыў сярэднявечную зброю, вопратку, посуд, у мяне – юнака-дзевяцікласніка – вочы загарэліся. Захацелася паглыбіцца ў гэтую цудоўную атмасферу, стаць часткай гісторыі, якая ажыла. Наш клуб займаецца рэканструкцыяй эпохі (касцюмаў, побыту, баёў) Вялікага княства Літоўскага перыяду XIV – XV стагоддзяў. Сёлета мы ладзім другі рыцарскі фэст «Гонару Продкаў» (першы адбыўся ў 2015-м). Праграма будзе надзвычай насычаная і разнастайная. Пройдуць турніры (рыцараў, лучнікаў, збраяносцаў), бугурты (групавы бой), майстар-класы па стральбе з лукаў, сярэднявечных танцах і народных рамёствах, выступленні этнічных музычных калектываў. І канешне ж – штурм замка.
Да будавання яго імітацыі мы падыходзім максімальна сур’ёзна. Там размесцім экспазіцыю рэканструяваных даспехаў і зброі, а таксама сярэднявечных беларускіх прадметаў побыту. Будзе цікава.
У клубе «Паходня» Павел ужо больш за дзесяць гадоў. Па яго словах, уступных іспытаў для навічка тут не патрабуюць. Неабходны толькі жаданне займацца рэканструкцыяй і запал. Першае, што павінен зрабіць «неафіт», – гэта вызначыцца з вобразам, якім персанажам ён хоча быць: манахам, рамеснікам, лучнікам, пехацінцам, гараджанінам і інш. Калі выбар зроблены, час прыступаць да стварэння адпаведнага касцюму.
– Я ўвасабляю заходнееўрапейскага латніка-найміта, які змагаецца поплеч з ваярамі Вялікага княства Літоўскага, – тлумачыць чыгуначнік. – На «зборку» свайго першага камплекту даспехаў мне спатрэбілася шмат часу. Толькі кальчугу я плёў дзесьці з паўгода. Там каля 30 тыс. кольцаў, кожнае з якіх трэба было звесьці ўручную. А паколькі таўшчыня сталёвага дроту складала 1,5-2 мм, рукамі яго не сагнеш – даводзілася «апераваць» двума абцугамі. Праца ювелірная і патрабуе фізічнай сілы. Што цікава: у Сярэднявеччы кальчугі мужам плялі жонкі. Але мы, канешне, сёння робім гэта самі.
Поўныя даспехі прадугледжваюць не толькі «жалеза». Реканструкцыя пачынаецца з нацельнай бялізны. Яе, між іншым, вырабляюць таксама ўручную і толькі з натуральных матэрыялаў (ільну) і аўтэнтычных шаўкоў. Паверх апранаецца мяккі паддаспешнік, на галаву – падшлемнік (іх задача – амартызаваць удары). За імі – кальчуга (ці кіраса), накаленнікі, понажы, наручы, шлем і інш. Завяршае ўбор кота з тканіны з выявай пэўнай эмблемы ці герба. Асобныя элементы сярэднявечнага ваярскага гардэробу маглі насіць толькі мужчыны, пасвечаныя ў рыцары. Гэта намёт (плюмаж на шлеме), багаты, з латунным ліццём, пояс…
Галоўны атрыбут экіпіроўкі ваяра Сярэднявечча – меч. Выкарыстоўваліся таксама баявыя сякеры, алебарды і інш.
– Зброю і шчыты, як і даспехі, мы робім самі. У нас ёсць свая кузня, – працягвае Павел. – На мячы звычайна ідуць аўтамабільныя рэсоры. Мы разаграем іх, выпростваем і надаем патрэбную форму. Мой першы меч быў аднаручны. Калі я сабраў латны камплект, зрабіў яшчэ двуручны. Выглядае ён вельмі эфектна, гэта мая любімая зброя. Але тэхніка бою з такім мячом аказалася для мяне не вельмі зручнай. Таму сёння я карыстаюся паўтараручным (звычайна ў камбінацыі шчыт – меч).
Баі мы праводзім у поўны кантакт, зброя не драўляная, але затупленая (перад паядынкамі яе правяраюць, каб звесці рызыку траўмы да мінімуму). Хаця цалкам пазбегнуць гэтага атрымліваецца не заўсёды, таму звычайна ніхто ні на каго не крыўдуе. На фэстах рэканструктараў пануе цёплая, сяброўская атмасфера. Калі ўжо чалавек бярэ ўдзел у кантактным баі, ён добра разумее, на што ідзе. Асабіста я – шчасліўчык, за дзесяць гадоў абышоўся без сур’ёзных траўм. Былі гематомы, расцяжэнні, вывіхі, аднойчы давялося зашываць брыво – карацей кажучы, дробязі. Некаторыя мае знаёмыя пацярпелі значна больш.
Відавочна, што мала зрабіць сабе латы, зброю і шчыт. Трэба ўмець імі карыстацца. Па словах суразмоўцы, трэніроўкі ў клубе праводзяцца рэгулярна: як спарынгі, так і бугурты. З цягам часу чалавек прывыкае да свайго «жалеза», калі трэба – «падганяе» даспехі, каб былі зручнымі. Лучнікі практыкуюцца па сваёй сістэме.
Апроч баёў і штурмаў замкаў, рэканструкцыя прадугледжвае замалёўкі мірнага жыцця людзей Сярэднявечча. Таму падчас фэсту яго ўдзельнікі носяць вопратку, ладзяць побыт, як гэта рабілі жыхары пэўнай тэрыторыі.
– Посуд у нас самаробны (драўляны, гліняны, кубкі – з рогу), – распавядае Павел Цярлюк. – Прылады для вогнішча каваныя (мы іх заказваем), спім на саломе ці ваўчыным футры. Стравы гатуем таксама аўтэнтычныя: апроч варанай ці тушанай гародніны можам засмажыць кабанчыка. І запіць півам ці крамбамбуляй, якія вараць нашы хлопцы.
Павел падкрэсліў, што для ўдзелу ў фэстах рэканструктараў (асабліва фармату «living history» – жывая гісторыя) трэба не толькі мець касцюм адпаведнай эпохі, але і доказы яго аўтэнтычнасці. Крыніцамі могуць служыць музейныя экспанаты, гравюры, карціны і скульптуры таго перыяду. З развіццём Інтэрнету знаходзіць спасылкі на іх стала значна прасцей.
Разам з калегамі па клубе Павел браў удзел у шматлікіх фэстах па тэме Сярэднявечча: «Грунвальд» (Дудуткі), «Рубон» (Полацк). Выязджала «Паходня» і за мяжу, да бліжэйшых суседзяў. Яе першы самастойны фэст «Гонару Продкаў» у 2015-м таксама атрымаўся міжнародным – там былі аматары рэканструкцыі з Расіі, Украіны, Чэхіі.
– Варта адзін раз пабачыць на ўласныя вочы, і гэта стане захапленнем на ўсё жыццё, – падсумаваў суразмоўца. – Рэканструкцыя – не проста гульня і забава. Гэта вывучэнне і захаванне нашай гісторыі, традыцый, якія робяць нас самабытным народам, даніна павагі продкам.
Інга
МІНДАЛЁВА