Январь
Вт
14
2025

Вакзалы, станцыi, масты…

Як фотаздымак чыгункi, зроблены сто гадоў таму, можа распавесці гісторыю.

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусi разгарнулася фотавыстава даследчыка Першай сусветнай вайны, фатографа і калекцыянера Уладзіміра Багданава. у Уладзіміра Анатольевіча шмат ілюстрацый на тэму чыгункі.
…Вакзалы, станцыі, масты. Адкуль яны з’яўляюцца ў калекцыянера, чым цікавыя і каштоўныя далёкім ад гісторыі людзям? Што трэба для адкрыцця выставы на чыгуначную тэматыку? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, мы запрасiлi да размовы самога даследчыка.
Уладзімір Анатольевіч адразу прызнаецца, што дакладна не скажа, калі ён захапіўся фотагісторыяй. Свой першы здымак зрабіў прыкладна гадоў 15 таму.
– У мяне была цікавасць да тых месцаў, дзе жыву, – я займаўся краязнаўчай фатаграфіяй. Вырашыў сфатаграфаваць усе цікавыя архітэктурныя пабудовы: палацы, касцёлы, сядзібы, руіны былых цэркваў. Для гэтага патрабаваўся час. Я шмат ездзіў і вывучаў. А ўжо потым пачаліся выставы. Іх было багата: ад 20 да 30-ці. мае фатаграфіі на тэму краязнаўства дэманстраваліся і ў мастацкім музеі, і ў гістарычным. Выстаўляўся я таксама ў Польшчы і Украіне. Дзесьці ў 2004 годзе я стаў звяртаць увагу, што ў мяне шмат здымкаў па Першай сусветнай вайне. Вось тады і прапанаваў Нацыянальнаму гістарычнаму музею правесці выставу на гэтую тэму. Яна прайшла ў тым жа годзе і стала першым вернісажам такога фармату. Аказалася, што да падзей таго часу ў наведвальнікаў ёсць цікавасць.

Чыгуначны вакзал у Баранавічах. 1916 год.

Уладзімір Багданаў шмат расказвае пра даследчую працу на месцах. Частку лініі фронту той вайны, што праходзiла па тэрыторыі сучаснай Беларусі, даследчык прайшоў сам. А гэта прыкладна 400 кіламетраў! Да таго ж ён займаўся пытаннем закінутых вайсковых пахаванняў: «Былі звесткі, што іх каля сотні на Беларусі. Толькі я знайшоў 350».
– Раней лічылася, што па гэтай тэме няма звестак, тым больш ніякіх выяў. Але, насамрэч, іх шмат і розных. Проста трэба шукаць, чым я і займаюся. Зараз у мяне адна з самых вялікіх калекцый фотаздымкаў аб Першай сусветнай вайне ў Беларусі. І ведаю я ўжо шмат – не тое, што спачатку. Ёсць шэраг людзей з тымі ж інтарэсамі. З аднадумцамі варта мець стасункі, – падсумоўвае Уладзімір Анатольевіч.

Расійскі цягнік, які зышоў з рэек на ўчастку Смаргонь — Солы

Даследчык не ўтойвае, што галоўная крыніца папаўнення калекцыі – Iнтэрнэт і нават дзеліцца геаграфіяй сваіх пошукаў: «Прасцей працаваць з нямецкім бокам. Там ёсць сістэматызаванасць, аператыўнасць, шмат інфармацыі, вялікая колькасць фота. Тэхнічны ўзровень немцаў вышэйшы за наш».

 

Фотаздымкі чыгункі – асобны раздзел, але, па словах Уладзіміра Багданава, з кантэксту агульнай гісторыі яго вылучаць не трэба. Бо, так ці інакш, любы фотаздымак – гэта ў першую чаргу адлюстраванне гістарычнага моманту. Паказ аднаго эпізоду з жыцця чыгункі і ўсяго, што яе датычыцца, можа быць часткай вялікай падзеі.

Чыгуначны мост праз Вілію падчас будаўніцтва…

…Калекцыянер уключае ноўтбук і пачынае аб гэтым разважаць, дэманструючы свой унiкальны здабытак:
– У гады Першай сусветнай вайны чыгуначная сетка, у тым лiку на тэрыторыi Беларусi, была добра развітая. Немцы яе будавалі, каб падвозіць неабходныя грузы да лiнii фронту, расiйскі бок таксама не адставаў. Выдаткаў на вайну не шкадавалі, канструявалі, дзе заўгодна, нават на балотах, узводзілі масты праз рэкі. Потым гэта iнфраструктура выкарыстоўвалася надалей – у гады Вялiкай Айчыннай вайны і ў пасляваенныя дзесяцiгоддзi.
Зараз цяжка падлічыць колькасць маіх «чыгуначных» фотаздымкаў. Нярэдка яны ідуць у серыях, у падборках па канкрэтнай мясцовасці. У мяне шмат фотаработ і малюнкаў з выявамі менавіта будынкаў станцый, асабліва Смаргонi. У гэтага збудавання цікавая гісторыя: станцыя, па сутнасцi, знаходзілася на лініі фронту. Толькі пра адзін гэты аб’ект можна распавядаць бясконца.

… і напачатку ХХІ стагоддзя

Напрыклад, ёсць падборка пра чыгуначныя войскі. Людзi, якiя праходзiлi там службу, фатаграфавалі непасрэдна чыгуначную інфраструктуру. Ёсць і малюнкі. Большасць з іх створана немцамі. Яны вызначаюцца асаблiвай дакладнасцю, аўтары зрэдку памыляюцца ў подпісах. Па іх можна нават дакладна скласцi храналогiю ваенных падзей. Як крыніца аб’ектыўнай інфармацыі, нямецкія фотаздымкі вельмі важныя.
Ёсць асабіста мае здымкі з сучаснымі краявідамі. Вакол, напрыклад, лес, але калі прыгледзецца, то можна заўважыць старадаўні чыгуначны насып метра з тры ў вышыню. Усё «чытаецца», толькі трэба гэтаму навучыцца.
калекцыянер звяртае ўвагу на адну з тагачасных выяў: «На гэтым старым фотаздымку рыхтуюцца да ўзвядзення чыгуначнага моста праз Вілію. Бачна, што палатно пракладзена, але ўсе гэтыя канструкцыі потым яшчэ будуць заліваць бетонам. А вось тут (фотаздымак 2005 года) – тое, што ў вынiку засталося. Зараз адна з гэтых апор, якую бачым на фатаграфіі, ужо павалілася».

Фотаздымкі з калекцыі Уладзіміра Багданава

Уладзімір Анатольевіч гартае альбом далей і спыняецца на адным з фотаздымкаў:
– Вось глядзіце. Шмат часу спатрэбілася, каб разабрацца, што за лакаматыў тут сышоў з рэек. Гэта пад Смаргонню. На вагоне нават ёсць нумар. Кожная выява можа даць значна больш інфармацыі для разважання, чым здаецца на першы погляд. Калі атрымаецца разгледзець нумар, то можна даведацца пра нумар саставу, прасачыць яго шлях, зразумець, якiя задачы выконваў у тым ці іншым месцы. А таксама чаму пацярпеў крушэнне. Такiм чынам, адна картка – сапраўдная ілюстрацыя гістарычнай падзеі.
Пра тое, каб зладзіць фотавыставу і выставу малюнкаў, звязаных з чыгункай, калекцыянер кажа шчыра, што пакуль пра гэта не думаў і дадае:
– Распрацаваных ідэй хапае. Чыгунка – цэлы сусвет, агульных ведаў тут недастаткова. Патрэбны час. Магчыма, і займуся гэтым. А калі хтосьці гатовы працаваць, з радасцю падзялюся ўсёй інфармацыяй, што маю сам. Выставу проста так не зробіш. Калі ты разумееш, што па пэўнай тэме ў цябе сабралася шмат цікавага і важнага, і калі гэта можа даць лю-
дзям веды дастаткова поўна, толькі тады задумваешся аб ёй. Трэба асэнсоўваць, для каго ты працуеш: ці гэта спецыяльны глядач, ці масавы, якому варта прапанаваць тэму даходліва і зразумела. Чыгунка – тэма, якая патрабуе асаблівай развагi.

Сяргей САЛАНКЕВIЧ

Яндекс.Метрика