Дасягнулі добрых вынікаў
19 лістапада – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Беларусі.
Яго заўтра будуць адзначаць і ў калектывах сямі сельгасарганізацый Беларускай чыгункі, дзе ўжо завершаны асноўны аб’ём сезонных работ.
Агульны намалот збожжа склаў больш за 35,8 тыс. тон (гэта вышэй за мінулагодні паказчык – 32,5 тыс. тон), сярэдняя ўраджайнасць – 40,9 ц/га (летась – 38,3 ц/га). Добрых вынікаў аграрыі чыгункі дасягнулі і па іншых культурах. Напрыклад, бульбы сабралі 8,1 тыс. тон (на 3 тыс. тон больш), цукровых буракоў – 28,8 тыс. тон (на 4 тыс. тон), рапсу – 2,7 тыс. тон (удвая больш), кукурузы – як і летась: каля 1,7 тыс. тон.
Даведзенае заданне па нарыхтоўцы травяных кармоў на зiмова-стойлавы перыяд сельгасарганізацыі Беларускай чыгункі выканалі на ўзроўнi 122,6%. Завершана сяўба азімых збожжавых культур: план перавыкананы на 2,7%. З пачатку года аграрыі вырабілі прадукцыі на 37,2 млн. рублёў, выручка
ад рэалізацыі склала 29,7 млн. рублёў, прыбытак – 1,8 млн. рублёў.
– Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што па шэрагу асноўных паказчыкаў нашы гаспадаркі сёлета працавалі лепш, чым у 2016-м, – патлумачыла кіраўнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання Упраўлення Беларускай чыгункі Алена Лагацкая. – У асноўным гэта абумоўлена той падтрымкай, якую ім аказвае сталёвая магістраль. Карыстаючыся магчымасцю, віншую калектывы сельгасарганізацый Беларускай чыгункі з прафесійным святам, жадаю здароўя, добрага настрою і высокіх ураджаяў.
Інга МІНДАЛЁВА