Декабрь
Ср
11
2024

Жыццё, як фотастужка

Унікальны архіў пасляваенных кадраў фатографа-аматара, машыніста паравоза Пятра Таранды выстаўляецца ў Мінску.

Нарадзіўся ён у 1921 годзе ў вёсцы Зарытава Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1938 годзе скончыў у Баранавічах курсы і стаў гмінным інструктарам па радыёфікацыі, а пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР уладкаваўся на працу ў паравознае дэпо. Праз некалькі месяцаў яго разам з хлопцамі з Баранавічаў, Лунінца, Ганцавічаў, Бярозы-Картузскай накіроўваюць у Ленінград на курсы пры Інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. За шэсць месяцаў Пётр атрымлівае прафесію нарміроўшчыка. Калі пра гэта даведаўся бацька, упікнуў яго, і хлопец пайшоў прасіцца ў памочнікі машыніста. Затым стаў машыністам, вадзіў цягнікі да Брэста. 22 чэрвеня 1941-га Пётр Таранда на апошнім паравозе, які адыходзіў з Баранавічаў пад бамбёжкамі, вывез эшалон з сем’ямі савецкіх работнікаў і дакументамі Брэст-Літоўскай чыгункі. Цягнік прайшоў праз ахопленыя агнём беларускія гарады і даехаў да Вязьмы. На пачатку вайны ён вадзіў да лініі фронту эшалоны з салдатамі, перавозіў у эвакуацыю абсталяванне фабрык і заводаў. Успаміны пра той час, запісаныя на магнітафонную стужку, захоўвае яго пляменнік Мікалай.
«Гэта быў пачатак вайны. Наш састаў стаяў на станцыі Койданава. Бачу, ляцяць нямецкія самалёты: можа сотня, а то і дзве. Роў стаяў такі, што вушы закладвала. Яны рухаліся ў бок Менска. Калі наш цягнік падышоў да горада, ён нагадваў вялізнае вогнішча, гарэлі чыгуначныя склады, сігналаў не было. Рухаліся да Оршы, што называецца, «курыным крокам». Там уся станцыя таксама была забітая эшалонамі. Наш паравоз адчапілі, і мы пачалі іх расцягваць. Камандаваў усім Канстанцін Заслонаў».
Гэта толькі адзін з эпізодаў аповеда Пятра Пятровіча. У некалькіх гадзінах запісу – і боль, і пакуты, і мужнасць, якая дапамагала выжыць у тых цяжкіх умовах. Пляменнік Пятра Пятровіча Мікалай асабліва запомніў выпадак пра паравоз, у які трапіў снарад. Усе шрубкі на корпусе былі быццам зрэзаныя, сцены – як пасля шліфоўкі. Пазней Пётр запісаўся добраахвотнікам на фронт, стаў кулямётчыкам, потым працаваў на лесанарыхтоўках у Сібіры, будаваў чыгунку каля горада Сярова. Тут трапіў у лагер.
«Насельніцтва галадала, а Пётр са сваім сябрам, каб выратаваць знаёмую дзяўчыну, скралі мяшок мукі. Атрымалі ўдваіх па пяць гадоў лагераў», – распавядае яго пляменнік. Быў вызвалены праз два з паловай гады па амністыі, вярнуўся на Радзіму, ажаніўся і ўладкаваўся на Баранавіцкую швейную фабрыку. Менавіта ў гэты момант Таранда захапляецца фатаграфіяй: здымае родных, вясковых дзяцей, сялян. Яшчэ любіў запісваць на магнітафон песні, якія спявала яго маці, вясковыя жанчыны, хор на фабрыцы. Ды і сам быў чалавекам музычным: спяваў, граў на балалайцы, мандаліне. Памёр у 2001 годзе, пахаваны ў Баранавічах. Пасля сыходу з жыцця яго жонкі і дачкі сваякі папрасілі ў людзей, якія пасяліліся ў доме Пятра Пятровіча, яго альбомы і фотастужкі. Калекцыя фатографа-аматара – гэта каля тысячы здымкаў 50 – 60-х гадоў. На кадрах: першамайская дэманстрацыя ў Баранавічах на сапраўднай брукаванцы, папулярныя тады мотагонкі на трафейных, хутчэй за ўсё, матацыклах, купанне ў адкрытых купальніках, млын, збудаваны яго бацькам і сапраўдны «Опель». На выставе гэтыя здымкі выглядаюць асабліва эфектна: на высокакласным абсталяванні кадры былі надрукаваны ў Вільнюсе.

Аляксандр МАЗУРА

Яндекс.Метрика