Декабрь
Ср
11
2024

Падарожжа на Далёкі Усход

Аўтар гэтага матэрыялу – Сяргей Вашчылка – больш за чвэрць стагоддзя працуе інжынерам-тэхнолагам у Баранавіцкім вагонным дэпо. Цяга да падарожжаў па чыгунцы ў яго з’явілася яшчэ са студэнцкіх гадоў. Сяргей Іванавіч кожны свой працоўны водпуск стараецца трапіць у новыя мясціны. Адной з апошніх вандровак баранавіцкага чыгуначніка стала паездка па Байкала-Амурскай магістралі. Сваімі ўражаннямі ён вырашыў падзяліцца з чытачамі галіновага выдання.

Пейзаж на ўчастку Новы Уаян — Ангоя

«Спачатку я думаў праехаць па ўсяму БАМу на цягніках Масква – Нерунгры і Тында – Камсамольск-на-Амуры. Але прагледзеўшы расклад руху, зразумеў, што на перасадку ў Тындзе прыходзіцца ўсяго паўтары гадзіны. Тады я вырашыў ехаць на ўсход па Транссібе да Хабараўска, потым дабрацца да Камсамольска-на-Амуры і ехаць назад па БАМе. Дабраўся да Масквы, сеў на цягнік Масква – Уладзівасток. Першыя суткі паездкі наш плацкартны вагон быў запоўнены цалкам.
У дзве гадзіны ночы шмат пасажыраў выйшла ў Кіраве, але іх месцы адразу занялі іншыя, многія з дзецьмі. І гэта сярод ночы! Няўжо на такім бойкім маршруце не хапае цягнікоў? Але пасля Цюмені колькасць «насельніцтва» вагона значна паменьшылася і ад Байкала да Белагорска ў Амурскай вобласці вагон ехаў амаль пусты. Гарады Урала і Сібіры я бачыў падчас папярэдніх паездак на Байкал і ў Уладзівасток. Зацікаўленасць выклікала толькі Чыта, якую некалькі год таму я праязджаў уначы. Адзначу, што вакзал у горадзе невялікі, але ўтульны і дагледжаны.
Ехалі мы па Забайкаллі марудна, з частымі прыпынкамі. На пуцях працавалі магутныя машыны некалькіх ПМС, а таксама шматлікія асобныя брыгады пуцейцаў. Таму ў Хабараўск цягнік прыбыў з адставаннем ад графіка на паўтары гадзіны. Надвор’е стаяла цудоўнае:
з раніцы было +50, а ў сярэдзіне дня тэмпература ўзнялася да +200. Увогуле, восень – лепшая пара года на Далёкім Усходзе. Сфатаграфаваўшы вакзал і помнік Ерафею Хабараву, па Амурскім бульвары я дакрочыў да набярэжнай Амура. Там на высокім уцёсе стаіць помнік графу Мураўёву-Амурскаму, які ў 1858 годзе падпісаў з кітайскім бокам дамову аб расійска-кітайскай мяжы па рацэ Амур. Недалёка ад таго месца знаходзіцца помнік капітану Якаву Дз’ячэнку, пад камандаваннем якога 31 мая 1858 года салдаты 13-га Усходне-Сібірскага лінейнага батальёну заснавалі ваенны пост Хабараўка.
У 1880 годзе ён атрымаў статус горада, які ў 1893-м перайменавалі ў Хабараўск. Каля набярэжнай разбіты прыгожы парк – таксама ў гонар Мураўёва-Амурскага.
Недалёка ад Амура ўзвышаецца і Спаса-Прэабражэнскі кафедральны сабор – трэці па велічыні ў Расіі пасля храма Хрыста Ратаванніка ў Маскве і Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Удалося мне сфатаграфаваць і будынкі ўпраўлення Далёкаўсходняй чыгункі, узведзеныя яшчэ ў 1941 годзе, і Далёкаўсходняга дзяржаўнага ўніверсітэта шляхоў зносін.
Далей з дапамогай цягніка Хабараўск – Камсамольск-на-Амуры я апынуўся, як некалі казалі, у «горадзе юнацтва». Прайшоў па цэнтральных вуліцах – яны шырокія, але чамусьці паўпустыя. Пляцоўка каля рачнога вакзала з фантанам і помнікам першабудаўнікам горада адрэстаўравана, але сама набярэжная Амура не рамантавалася з савецкіх часоў. А вечарам у вагоне цягніка Уладзівасток – Савецкая Гавань накіраваўся на станцыю Ваніна. Яна – канцавы пункт Байкала-Амурскай магістралі. Два гады таму адкрыўся новы Кузняцоўскі тунэль, і цяпер колькасць грузавых цягнікоў у напрамку да Ціхага акіяну ўзрасла. Я прайшоў па шашы ўздоўж Ванінскай бухты. Была нядзеля, але работа ў порце кіпела. Порт з шашы добра відаць, бо пасёлак Ваніна стаіць на скале і люстэрка бухты знаходзіцца ніжэй. Але падысці да вады немагчыма: бухта акружана партовымі збудаваннямі. Наўпрост ад вакзала ўгору падымаецца цэнтральная вуліца, на якой роўна на адной лініі стаяць тры маякі. Верхні знаходзіцца на даху адміністрацыйнага будынка. Потым я пахадзіў па вуліцах пасёлка, сфатаграфаваў паклонны крыж з цытатамі з «Рэквіема» Ганны Ахматавай. Ён устаноўлены ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій. Побач помнік легендарнаму камандзіру падводнай лодкі С-13 Аляксандру Марынеска, які адбываў пакаранне ў Ваніна за сфабрыкаванае злачынства.

Вакзал станцыі Камсамольск-на-Амуры

Вечарам вярнуўся ў Камсамольск-на-Амуры. Яшчэ адзін дзень у гэтым горадзе дабавіў прыемных уражанняў. Спадабаўся будынак Камсамольскага аддзялення Далёкаўсходняй чыгункі. А вось палац культуры чыгуначнікаў, які здаецца ў арэнду розным арганізацыям, мае даволі сумны выгляд. Далей накіраваўся ў Тынду. На Усходнім БАМе станцый толькі лічаныя адзінкі. У асноўным на лініі стаяць будынкі раз’ездаў аднаго тыпу. Большасць з іх закрытыя. Перад станцыяй Феўральск пайшоў снег (і гэта 7 кастрычніка). Цікава: калі ў 2010 годзе я ехаў з Уладзівастока, таксама першы снег убачыў гэтай парой. Пейзаж на Усходнім БАМе – аднастайны, нецікавы. Пасля станцыі Феўральск на працягу многіх кіламетраў з-пад снегу прабіваўся дым – тлелі тарфянікі. Раней я думаў, што лясныя пажары ў Забайкаллі бываюць толькі ў канцы вясны. Дарога з Камсамольска да Тынды заняла дзве ночы і дзень. Першае, што запомнілася – арыгінальны будынак вакзала ў выглядзе гіганцкай птушкі, будынкі вучэбнага цэнтра і Тындзінскага рэгіёна Далёкаўсходняй чыгункі. Тынду будавалі масквічы, таму адна з цэнтральных вуліц атрымала назву Чырвоная Прэсня. На ёй знаходзяцца чатыры 16-павярховыя будынкі, якія сталі візітнай карткай горада. Вяртацца дадому вырашыў на цягніку

Набярэжная ракі Амур у Хабараўску

Нерунгры – Масква тындзінскай прыпіскі. Вагоны не новыя, з драўлянымі аконнымі рамамі. Таму ўначы я адчуў моцны подых паветра з акна. На працягу першага дня мы даехалі да станцыі Хані – адзінай «бамаўскай» станцыі на тэрыторыі Якуціі і самай заходняй у складзе Далёкаўсходняй чыгункі. За ёй пачынаюцца ўладанні чыгункі Усходне-Сібірскай. Пейзаж на захад ад Тынды змяніўся – па баках ад чыгуначнага палатна паказаліся сопкі. Працяглы прыпынак цягнік зрабіў на станцыі Таксімо – гэта канцавы пункт на БАМе, куды дайшла электрыфікацыя. Далей на захад наш цягнік павёў электравоз. Пейзаж за акном стаў вельмі маляўнічым. Таму амаль увесь дзень я правёў у калідоры з апаратам у руках. Наступныя тры дні да Масквы цягнік імчаў па ўжо знаёмых мне мясцінах. А я марыў пра новае падарожжа, бо менавіта такія ўражанні натхняюць і на працу, і на творчасць».

Яндекс.Метрика