Декабрь
Ср
11
2024

Абраны дарогай

Увазе чытачоў – нарыс ветэрана Лунінецкай дыстанцыі пуці Максіма Казуна. Яго твор заняў першае месца ў намінацыі «Дорога железная, а люди золотые» на лепшую публікацыю-ўспамін. У дыстанцыі Максім Міхайлавіч працаваў амаль 40 гадоў. Ён традыцыйны ўдзельнік фестывалю паэзіі «Свитязи ясной изящные крылья», які праходзіць на Беларускай чыгунцы. Сярод яго творчых набыткаў – вершы, гумарэскі, нарысы. Большасць твораў – пра людзей, якія працуюць на чыгунцы. Максім Казун друкаваўся на старонках газет «Известия», «Правда», «Железнодорожник Белоруссии». Ветэран падрыхтаваў дзве кнігі, а зараз працуе над трэцяй – апавяданнямі і нарысамі.

Калі самалёт узнімаецца ў неба, сцюардэса называе прозвішча лётчыка, які выконвае палёт. Шафёра аўтобуса мы, няхай са спіны, але бачым. А машыніст найчасцей застаецца нябачным, хоць яго праца не менш напружаная і адказная.
…Толькі што прыйшоў з Гродна пасажырскі цягнік, які вёў вопытны машыніст лакаматыўнага дэпо Лунінец Анатоль Соц. Пасажыраў у вагонах было куды больш, чым у сучасным авіалайнеры. А колькі часу людзі тут сядзелі, гутарылі з суседзямі… Наўрад ці хто падумаў, што яго жыццё і здароўе залежаць ад машыніста.
На прыпынку пасажыры выходзяць з вагонаў і разыходзяцца. Хто больш ветлівы, дзякуе правадніцы. А пра машыніста і не ўспамінаюць… Сам Анатоль Соц ад гэтага не пакутуе: «Не ведаюць – нічога не зробіш. І без гэтага спраў хапае. Напрыклад, лакаматыў здаваць трэба…»
Дазволь з табою не пагадзіцца, Анатоль. Шмат гадзін вы з памочнікам неслі адказную працоўную вахту. Забяспечыць бяспеку пасажыраў – справа нялёгкая. Таму не варта быць такім сціплым.

На 180 градусаў

Кожны рэйс пачынаецца аднолькава. Памочнік з кабіны цеплавоза сочыць за пасадкай пасажыраў. Неўзабаве святлафор мяняе колер. Можна адпраўляцца ў дарогу.
Цягнік кранаецца з месца, набірае хуткасць, гудзе дызельны рухавік. Пасажыры цешацца краявідамі, што змяняюцца за вокнамі вагонаў. А ў лакаматыўнай брыгады агляд яшчэ больш уражлівы: на ўсе 180 градусаў. Горад не мільгае за акном, а быццам расступаецца. А па-за яго межамі сэрца замірае: такі прастор! Навокал – палі змяняюцца лясамі, а наперадзе – дзве стужкі рэек, якія блішчаць пад промнямі сонца.
Але Анатолю і яго памочніку Міхаілу Афанасьеву не да лірыкі. У лакаматыўнай брыгады мноства абавязкаў. Яны павінны гарантаваць бяспеку руху, дакладна выконваць графік, сачыць за сітуацыяй на перагонах, пільна назіраць за прыборамі і станам чыгуначнага палатна. Падчас рэйсу Анатоль Соц заўсёды засяроджаны: ён быццам зліўся з магутнай машынай, стаў адзіным цэлым з яе складаным механізмам.
Рукі ў яго моцныя: павітаешся – адразу гэта адчуеш. Служыў у дэсантных войсках. Адпрацаваў паўгода слесарам. Прайшоў навучанне ў Баранавіцкай дарожна- тэхнічнай школе, дзе атрымаў спецыяльнасць памочніка машыніста паравоза і цеплавоза. Два гады вазіў грузы на Баранавічы і Брэст. Як вопытнага і адказнага спецыяліста яго накіравалі ўжо ў Гомельскую дарожна-тэхнічную школу, пасля навучання стаў машыністам. Спачатку вадзіў грузавыя цягнікі, а затым перайшоў на пасажырскія. Яго напрамкі – Баранавічы, Брэст, Гомель.

Герой нарыса: машыніст лакаматыўнага дэпо Лунінец Анатоль Соц

Пра машыністаў – ветэранаў і сённяшніх

– У цеснай будцы паравоза ледзьве павернешся з рыдлёўкай, – узгадвае ветэран лакаматыўнага дэпо Лунінец Уладзімір Санюковіч. – Грукат, гарачыня ад топкі, надакучлівы вугальны пыл, ад якога няма куды дзецца. Качагар з тэндэра адпраўляе ў латок кілаграмаў дзвесці – давай, памочнік, шуруй! Згроб рыдлёўкай вугаль, павярнуўся з ёй, цяжкай, да топкі, нагой педаль націснуў, заслонка адкінулася – шугануў антрацыту ў зыркае полымя. Загроб, павярнуўся, кінуў. Як нястомны робат. А кідаць трэба з розумам, адчуваць, як, калі, куды і колькі – ад гэтага ціск у катле залежыць.
І яшчэ. Памятаеце, як пісаў Міхась Лынькоў у апавяданні «Андрэй Лятун»? «Ён любіў пад’язджаць да кожнай станцыі з уласціваю толькі яму пыхаю і смеласцю, – распавядаў пісьменнік. – Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Вось-вось, здаецца, шыбане пад адхон паравоз, пашчапаюцца колы на крыжавінах ці ў пух разляцяцца стрэлкі…» Яго герой – адзін з прадстаўнікоў першага пакалення Беларускай чыгункі. Былых сялянскіх хлопцаў вабіла само адчуванне ўлады над хуткасцю – неймавернай на той час. «Пан механік» – так віталі машыністаў да рэвалюцыі. Пры савецкай уладзе чыгуначны транспарт стаў адным з самых прыярытэтных. На такую працу накіроўвалі лепшых камсамольцаў. Для машыністаў тады былі важныя ў першую чаргу асабісты вопыт і практычныя навыкі. Гэта, дарэчы, актуальна і зараз, калі на змену паравозам даўно прыйшлі магутныя і больш дасканалыя цеплавозы, а затым і электравозы.
Сёння лакаматыў, які водзіць Анатоль Соц, аснашчаны мікрапрацэсарамі, сучаснай сістэмай кіравання і дыягностыкі. Канструкцыя машыны вельмі няпростая, але машыніст павінен быць у гэтам дасведчаным.
– Анатоль Соц – цудоўны чалавек. Ён з вялікай адказнасцю ставіцца да выканання абавязкаў, а назапашаныя веды і вопыт перадае маладым калегам. Яго чыгуначны стаж налічвае больш чым 35 гадоў. Як вынік – узнагароды: нагрудныя знакі «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» ўсiх ступеняў, – гаворыць начальнік лакаматыўнага дэпо Лунінец Анатоль Жук.

Выдатны разлік

– У яго свой почырк кіравання! – гавораць пра Анатоля Соца калегі. – Маецца на ўвазе ўменне выкарыстоўваць профіль пуці: пад’ёмы і спускі, па якіх ідзе цягнік. Гэта ўплывае на эканомію паліва – галоўны паказчык майстэрства машыніста.
Прынцып просты: трэба своечасова разлічваць, калі састаў можа ісці па інэрцыі, а калі яму неабходна набіраць хуткасць перад новым пад’ёмам. Але гэта ў тэорыі. У рэальных умовах усё залежыць ад шматлікіх фактараў: вагі састава, тэхнічнага стану машыны, надвор’я, абстаноўкі на ўчастку.
Анатоль Соц многія перагоны ўжо ведае на памяць. І да Гомеля, і да Брэста, і да Баранавіч… Ён памятае: неўзабаве ўбачыць адзінокае дрэва – час пачынаць разгон. А пасля той бярозы трэба сцішыць ход, але не надта, бо страціцца хуткасць і прый-
дзецца дадаткова расходваць паліва.
Такія навыкі работы – важная якасць машыніста цеплавоза. Ад яго майстэрства шмат чаго залежыць. Анатоль Віктаравіч больш чым за тры дзесяцігоддзі стаў сапраўдным прафесіяналам. І гэты каштоўны досвед дапамагае бездакорна выконваць абавязкі.
Зараз істотна змянілася спецыфіка працы машыніста цеплавоза. Новая тэхніка патрабуе якасна новага ўзроўню ведаў. Таму з кожным годам на магістралі становіцца больш машыністаў з вышэйшай адукацыяй.
За правым крылом лакаматыва Анатоль Соц праводзіць часу ледзь не больш, чым з сям’ёй. І ён шчодра дзеліцца досведам з калегамі. Настаўніцтва ёсць усюды, аднак цяжка знайсці прафесію, дзе яно было б так ярка акрэслена, як тут.
Паспяховы машыніст абавязкова павінен быць добрым настаўнікам. Анатоль Соц па крупіцах перадаваў моладзі свой багаты вопыт, вучыў не проста сваёй справе, а асабістаму стаўленню да працы. Адносінам, галоўная рыса якіх – прафесійная сумленнасць.
Біяграфіі машыністаў падобныя адна на адну. Зрэдку такія людзі мяняюць прафесію. Звычайна, калі трапляюць у депо, дык на ўсё жыццё.

Адказны шлях

…Вось і горад паказаўся. З кожнай хвілінай усё бліжэй і бліжэй. Амаль як у савецкай песні: «Хорошо машинистам, их дело простое: в Ленинграде сегодня, а завтра в Ростове». Гэтыя вершаваныя радкі адлюстроўваюць праўду. Такая спецыфіка працы: звычайнай справай становяцца сустрэчы, міжволі прызвычайваешся да развітанняў.
Прафесія машыніста вельмі адказная. Людзі, што абралі яе, ці, магчыма, абраныя ёй, – таксама адказныя. Такія, як Анатоль Соц.

Максім КАЗУН,
ветэран Лунінецкай дыстанцыі пуці

Яндекс.Метрика