Июль
Чт
29
2021

Героі побач з намі

Ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «Партызану Айчыннай вайны» (I і II ступені), «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.»... Гэта далёка не поўны спіс узнагарод выдатнага работніка Беларускай чыгункі, ветэрана вайны і працы Мікалая Адамавіча Барысёнка, які днямі адзначыў 90-годдзе.

Родам ён з вёскі Аляксееўка, што ў Мінскім раёне. Бацькі да вайны працавалі ў мясцовым калгасе. Калі ж пачалася Вялікая Айчынная, сям’я апынулася пад акупацыяй. Міколку ішоў 14-ты год. Сёння пра тыя часы ён гаворыць неахвотна: цяжка даюцца ўспаміны пра суровыя выпрабаванні лёсу. Столькі перажыта, столькі выпакутавана. І ўсё ж, па просьбе журналіста, Мікалай Адамавіч збіраецца з думкамі і распачынае расповед:
– Дзесьці ў красавіку 1943-га стараста сабраў нас, дзяцей і падлеткаў з трох суседніх вёсак, і адправіў секчы зялёныя насаджэнні ў здоўж чыгункі, каб ускладніць партызанам доступ да пуцей. Нашу работу кантраляваў нямецкі салдат. На другі ці трэці дзень я знайшоў у кустах вінтоўку. Тады я яшчэ не ведаў, што гэта СВТ (самазарадная вінтоўка Токарава). Непадалёк – затвор ад яе, магазін на 10 патронаў. Але як усё гэта забраць? Мала таго, што немец пільнуе, метраў за 300 стаіць гарнізон і месціцца лагер ваеннапалонных. Шмат паліцаяў. А раптам хто ўбачыць?
Кемлівы хлопец знайшоў выйсце. Сцягнуў са штаноў рэмень, прывязаў адзін канец за нагу, а другі прымацаваў да вінтовачнай мушкі. Так і пацягнуў вінтоўку патрошку па зямлі. Перайшоў чыгунку, далей – праз поле, дзе бульба расла. Там ужо было прасцей. Але пакуль юнак дайшоў да балота, паўпяты рассёк. На балоце адседзеўся да вечара. А калі сцямнела, вярнуўся ў вёску. Вінтоўку як след вычысціў і закапаў у агародзе. На наступны дзень знайшоў яшчэ каля 200 патронаў да яе. Таксама схаваў. З гэтай зброяй Міколка ў хуткім часе і далучыўся да партызан.
– Некаторых з іх я ведаў, яны прыходзілі да нас, – узгадвае суразмоўца. – Таму ў чэрвені, калі за сувязь з партызанамі карнікі забілі майго бацьку, я і яшчэ тры хлопцы з вёскі накіраваліся да «сідзякінцаў» (ад прозвішча камандзіра атрада Канстанціна Сідзякіна).
Пайшлі ў Кайкаўскі лес. Міколка – са сваёй вінтоўкай і патронамі. Там іх сустрэлі і прывялі пад Асіповічы, дзе базіраваўся атрад. Паўмесяца навічкі дапамагалі будаваць буданы (час набліжаўся да зімы). Потым іх размеркавалі па групах. Барысёнак трапіў да падрыўнікоў.
Напачатку яны выкарыстоўвалі тол, які выплаўляла са снарадаў асобая группа. А бліжэй да восені прыбыў самалёт, які даставіў боепрыпасы (у тым ліку міны) і зброю. Усім групам падрыўнікоў выдалі аўтаматы з дыскам на 71 патрон, запасны дыск – на рэмень і яшчэ адзін – у рэчмяшок.
– Атрымаеш тол, выбухоўнікі і на чыгунку. Пакуль выбух не зробіш, не вяртаешся, – узгадвае ветэран. – Немцы пуці пільнавалі. Звычайна хадзілі парамі. Падпаўзаеш, выбіраеш зручны момант, калі яны адвернуцца, ставіш міну, запал – у яе, шнур усадзіў, а сам – уцякаць. Бывала, адначасова з двух бакоў два цягнікі ішлі: з фронту на Мінск, з Мінска на фронт. Які падрываць? Любы? Не! Той, што на фронт накіроўваўся.
На асабістым рахунку Мікалая Адамавіча – 8 варожых эшалонаў. Але толькі рэйкавай вайной дзейнасць «сідзякінцаў» не абмяжоўвалася. Ветэран распавядае, як усім атрадам яны выходзілі на Слуцкую шашу – пазбаўляць ворага сродкаў сувязі. Трэба было спілаваць тэлеграфныя слупы. Задача ўскладнялася, бо акупанты загадзя абмотвалі іх унізе калючым дротам. А партызаны стваралі жывую піраміду (узбіраліся на плечы адзін аднаму) і спілоўвалі слупы вышэй дроту.
Аднойчы падрывалі грузавы аўтамабіль з салдатамі, што накіроўваўся ў варожы гарнізон недалёка ад Гатава, ледзь не трапілі ў акружэнне. Але паспелі дабегчы да Кайкаўскага лесу. Туды матацыклісты ехаць пабаяліся.
Калі ішлі баі за вызваленне Беларусі, Мікалая разам з напарнікам адправілі пад Узду вывезці параненую сувязную, якую хавалі мясцовыя жыхары. Яе яны не знайшлі (сышла некуды), але па дарозе назад іх затрымалі чырвонаармейцы. Адвялі да генерала, які распытаў – хто, адкуль, па якой справе. Загадаў радысту ўдакладніць у штабе партызанскага руху, ці ёсць такі атрад «сідзякінцаў». А калі ўсё высвятлілася, адпусціў і папярэдзіў, што недалёка ідзе бой.
Пад Старымі Дарогамі, дзе атрад блакіравалі, Мікалай атрымаў кантузію. Колькі ляжаў без прытомнасці, не памятае. Калі мясцовыя жыхары сабраліся пахаваць забітых у агульнай магіле і пацягнулі яго туды, хлопец адазваўся. Тады заўважылі, што жывы.
Пасля вызвалення Беларусі партызанскі атрад расфарміравалі. Міколу адправілі дамоў. Маці і астатнія дзеці выжылі. Пэўны час хлопец быў брыгадзірам у калгасе. Пасля службы ў арміі ўладкаваўся на чыгунку, дзе і працаваў 49 гадоў. Там жа знайшоў сваё каханне: з жонкай Лідзіяй Карнееўнай выгадавалі двух дзяцей, сёння яны разам радуюцца траім унукам.
Стаць доўгажыхаром Мікалай Адамавіч, па ўласным прызнанні, ніколі не імкнуўся. Так атрымалася. «Жыццё пражыць – не поле перайсці. Усякага хапала. Часам і лусты хлеба не было, – гаворыць юбіляр. – Аднак як бы ні склаліся абставіны, трэба заставацца чалавекам».
Напярэдадні дня нараджэння Мікалая Адамавіча да яго завіталі намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства«Белінтэртранс – транспартна-лагістычны цэнтр» Юрый Надольскі, старшыні ветэранскай і прафсаюзнай арганізацый Вольга Шакуль і Віктар Пансевіч. Яны павіншавалі ветэрана з юбілеем, уручылі падарункі і кветкі.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика