Декабрь
Вт
03
2024

Гарачыя абеды – тое, што трэба!

Працягваць работу па забеспячэнні чыгуначнікаў паслугамі вытворчага харчавання з улікам спецыфікі транспартнай галіны і аўтаматызацыі разлікаў за абеды з выкарыстаннем карпаратыўных картак і чыпаў. Такую задачу на бягучы год паставіў намеснік кіраўніка Беларускай магістралі Пётр Стоцкі.

У сталовай участка вытворчага харчавання Баранавіцкага аддзялення можна паабедаць смачна і нядорага

Тэматычная дарожная нарада прайшла на базе лакаматыўнага дэпо Баранавічы. Яе ўдзельнікі азнаёміліся з дзейнасцю базавай сталовай участка вытворчага харчавання і яе падраздзяленняў (буфетаў і сталовай-раздатачнай), з асаблівасцямі функцыянавання адзінай сістэмы разлікаў. Вынікі мінулага года падвяла начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання Алена Лагацкая. Яна расказала, што па стану на 1 студзеня 2018-га ў складзе арганізацый Беларускай чыгункі працавалі 30 сталовых і 33 буфеты. Абавязацельствы па стварэнні ўмоў для забеспячэння працаўнікоў магістралі гарачымі абедамі і зніжэння іх кошту чыгунка выканала: прадукцыя ўласнай вытворчасці рэалізуецца з мінімальнай гандлёвай нацэнкай у 30%. Апрача таго, персаналу, занятаму на рамонце аб’ектаў інфраструктуры ў «акно» працягласцю 4 гадзіны і больш, на аварыйна-аднаўленчых работах, ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, прадастаўляецца бясплатнае гарачае харчаванне непасрэдна на месцы.
Алена Лагацкая нагадала, што год таму, у адпаведнасці з загадам начальніка Беларускай чыгункі, ва ўсіх аддзяленнях былі створаны ўчасткі вытворчага харчавання. Гэта мера дазволіла ўніфікаваць структуру профільных падраздзяленняў, забяспечыць работнікаў галіны якасным гарачым харчаваннем па даступных цэнах, павысіць эканамічную эфектыўнасць дзейнасці сталовых і буфетаў дзякуючы мінімізацыі выдаткаў.
Ва ўсіх аддзяленнях вызначана сістэма арганізацыі вытворчага харчавання. Большасць аб’ектаў ужо аснашчана плацёжнымі тэрміналамі для разліку па банкаўскіх картках. Развіваецца аўтаматызацыя разлікаў з выкарыстаннем карпаратыўных картак ці чыпаў з магчымасцю аплаты гарачых абедаў у кошт заробку. Працягваецца работа па аб’яднанні разлікаў у адзіную сістэму аддзялення (такія ўжо створаны ў Баранавіцкім і Брэсцкім). Завяршыць яе плануецца да канца года.
Кругласутачным гарачым харчаваннем забяспечаны дамы адпачынку лакаматыўных брыгад: за кошт адкрыцця кругласутачных буфетаў ці сталовых, а таксама рэалізацыі страў з выкарыстаннем тэхналогіі шокавай замарозкі (яна прымяняецца ва ўсіх аддзяленнях, акрамя Брэсцкага). Між іншым, спажыўцамі з’яўляюцца не толькі машыністы і іх памочнікі, але і чыгуначнікі, якія не маюць у межах крокавай даступнасці аб’екта вытворчага харчавання.
Абагульняючы інфармацыю, Алена Лагацкая адзначыла, што ў 2017 годзе Беларуская чыгунка выканала нарматыў забяспечанасці работнікаў аб’ектамі грамадскага харчавання, прадугледжаны дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі абслугоўвання насельніцтва.
У 2018-м праводзіцца пастаянны маніторынг сталовых і буфетаў магістралі, распрацавана сістэма дзейснага кантролю і аказання ім неабходнай метадычнай дапамогі па арганізацыі вытворчага харчавання, стварэнні ўмоў для прыёму ежы ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для ўсіх профільных аб’ектаў распрацаваны неабходныя мерапрыемствы па прывядзенні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы ў адпаведнасць з прад’яўляемымі патрабаваннямі. Работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика