Июль
Чт
29
2021

Ураджайныя перспектывы

Своечасова і якасна правесці пасяўную кампанію, не дапускаць парушэнняў тэхналагічнай дысцыпліны, патрабаванняў аховы працы. Кіраўнікам аддзяленняў – узяць пад асабісты кантроль забяспечанасць профільных прадпрыемстваў неабходным інвентаром, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі, запчасткамі для спецыялізаванай тэхнікі і інш. Такія задачы акрэсліў намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкі на тэматычнай нарадзе, якая прайшла ў саўгасе «Рачкавічы».

Сельгасарганізацыі сталёвай магістралі завяршылі мінулы год са станоўчымі вынікамі. Агульны намалот збожжа склаў больш за 35,8 тыс. тон (на 3,3 тыс. тон вышэй за паказчык 2016-га), сярэдняя ўраджайнасць – 40,9 ц/га (у 2016-м – 38,3 ц/га). Даведзенае заданне па нарыхтоўцы травяных кармоў на зiмова-стойлавы перыяд выканана на ўзроўнi 122,6%.
Усе профільныя прадпрыемствы спрацавалі без страт. Пра гэта ўдзельнікам нарады расказала начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання Упраўлення Беларускай магістралі Алена Лагацкая. Яна таксама адзначыла, што пастаянная падтрымка чыгункі дазваляе сельгаспрадпрыемствам забяспечваць станоўчую дынаміку па многіх напрамках, абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу, развіваць сацыяльную сферу. Так, летась памер спонсарскай дапамогі склаў 2,35 млн. рублёў. Сёлета запланавана выдаткаваць яшчэ 1,8 млн. рублёў. «Аднак нельга спадзявацца выключна на чыгунку, – папярэдзіла кіраўнікоў гаспадарак Алена Мікалаеўна. – Прыйшоў час самім уключацца ў працэс эфектыўнага кіравання сваімі арганізацыямі». Яна параіла ім дэталёва прааналізаваць варыянты атрымання бюджэтных сродкаў, ільготных крэдытаў для правядзення сезонных палявых работ. Звярнуць увагу на планы севазвароту: адмовіцца ад нерэнтабельных культур на карысць тых, што прыносяць даход.
Падчас мерапрыемства заслухалі справаздачы прадстаўнікоў аддзяленняў і гаспадарак аб выніках мінулага года, гатоўнасці да пасяўной і прымаемых мерах па скарачэнні крэдыторскай запазычанасці.
У цэлым дзейнасць сельскагаспадарчых арганізацый Беларускай чыгункі ў 2017-м удзельнікі нарады прызналі здавальняючай. У бягучым годзе аграрыям магістралі неабходна павысіць эканамічную эфектыўнасць вытворчасці, выканаць даведзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, забяспечваць чыгуначныя арганізацыі высокаякаснай прадукцыяй. Асобую ўвагу пры правядзенні пасяўной кампаніі звяртаць на бяспеку персанала, прадугледзець дадатковыя мерапрыемствы для рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2014 г. № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый».

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика