З добрым сэрцам і душой
Каля дзесяці гадоў працуе на чыгунцы Алеся Бізунок, палова з якіх – дзяжурным па пераезду. Сустракае, прапускае цягнікі, якія праходзяць праз пасёлак Савецкі, што побач з Асіповічамі. Сочыць за бяспекай руху саставаў, машын і пешаходаў.
Гэты пераезд – месца даволі бойкае. Дзяжурнаму заўсёды трэба быць напагатове, каб не дапусціць непапраўнага.
Пільнасць і высокая ступень адказнасці патрэбныя Алесі не толькі падчас працоўнай змены. Ёсць у яе і грамадскія абавязкі, якія таксама звязаны з чыгункай. Восьмы год яна з’яўляецца членам добраахвотнай дружыны. Па некалькі разоў на тыдзень разам з калегамі жанчына адпраўляецца на вакзал, патрулюе прылеглую тэрыторыю. А яшчэ ёй часта даводзіцца суправаджаць саставы да Пухавіч і Нясеты.
Можа таму і пануе парадак на аб’ектах чыгуначнага транспарту, што дружыннікі разам з міліцыяй папярэджваюць рознага роду парушэнні. А жадаючыя парушаць прынятыя нормы, на жаль, знаходзяцца. Аматары моцных напояў, курэння ў грамадскіх месцах, арганізатары дыскусій, галоўным аргументам якіх лічаць кулак. Такіх грамадзян папярэджваюць аб непрыстойных паводзінах, а калі словы не маюць станоўчага выніку – на дапамогу прыходзіць нарад міліцыі.
Работа ў дружыне наклала свой адбітак і на паўсядзённыя паводзіны. Нераўнадушная ад прыроды, Алеся яшчэ больш уважліва стала адносіцца да людзей. Яна не можа прайсці міма таго, каму патрэбна дапамога. Аднойчы падчас наведвання сяброўкі ў бальніцы ўбачыла каля медустановы жанчыну, якая ляжала на зямлі. Потым высветлілася, што тая збегла ад міліцыянераў, якія падабралі яе ў моцным падпіцці на вуліцы, але не разлічыла сілы і зноў ўладкавалася адпачываць на лоне прыроды. Алеся не змагла застацца ўбаку. Гэтак жа паступіла і калі аднойчы вечарам пачула просьбу аб дапамозе. Хоць і ўбачыла, што небарака п’яны, але выклікала «хуткую», а потым даведалася, што яго прывялі ў прытомнасць і адправілі дадому. А аднойчы знайшла чалавека ў прыдарожнай канаве. Нягледзячы на абразы, якія пасыпаліся ў яе адрас, не шкадуе, што падыйшла. Чалавечае жыццё даражэй. І такіх гісторый шмат. Жартуе, што яе прыцягвае да тых месцаў, дзе знаходзіцца хтосьці безабаронны.
Незвычайны выпадак адбыўся аднойчы і на дзяжурстве. Убачыла на пероне хлопчыка гадоў двух, які гуляў каля пуцей і кінуўся ўцякаць, калі яго аклікалі. Злавіўшы малога, паспрабавала даведацца, дзе бацькі і як яго завуць. Але хлопчык нічога не мог сказаць. Разам з напарнікамі па дружыне сталі дазнавацца, адкуль дзіця прыйшло, прапанавалі адвесці дадому.
А калі разабраліся, аказалася, што хлопчык з паўднёвай часткі Асіповіч, катаўся ў двары на веласіпедзе. Потым адправіўся ў самастойнае падарожжа. Транспартны сродак пакінуў на масту, а сам трапіў на вакзал.
Алеся можа ўспомніць розныя гісторыі. Напрыклад, каля Гарбатага пераезду (так яго называюць мясцовыя жыхары) саматужныя «мастакі» не раз спрабавалі змяніць дызайн вагонаў, якія там стаяць. Іншыя пераходзяць чыгуначныя пуці ў забароненым месцы. Даводзілася суправаджаць футбольных фанатаў да месца прызначэння. А неяк удзельнічалі ў аперацыі па пошуку ўкрадзеных веласіпедаў і знайшлі два з іх. Такім чынам, дружыннікам работы хапае.
У сям’і падтрымліваюць занятак Алесі. Муж Аляксандр таксама працуе ў дыстанцыі пуці, ён наладчык пуцявых машын і механізмаў. А сын-сямікласнік не раз дапамагаў матулі раздаваць флікеры і лістоўкі падчас прафілактычных акцый. Таму ў дзяжурства Алеся можа быць спакойная: тылы – надзейныя.
Іна ЗАСКЕВІЧ