Па жыцці – з чыгункай
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў крочыць па жыцці з чыгункай асіпаўчанка Галіна Зотава. І хоць ніхто з яе сям’і не працаваў на сталёвай магістралі, дзяўчына мэтанакіравана паступіла ў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту.
…Вырасла яна ў прыгожай вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна – у 1902 – 1904 гадах тут жыў і працаваў настаўнікам Якуб Колас. Дзіўныя люсінскія краявіды класік апісаў у сваёй аўтабіяграфічнай трылогіі «На ростанях».
Галіна ганарыцца роднай вёскай, дзе зараз працуе літаратурна-этнаграфічны музей беларускага песняра. Але так сталася, што яе пастаянным месцам жыхарства стаў райцэнтр на Магілёўшчыне.
У Асіповічы яна прыехала пасля размеркавання ў 1973 годзе. Да гэтага ў мясцовай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі праходзіла практыку. Таму і на працу маладога спецыяліста ўзялі ахвотна. Спачатку была электраманцёрам, потым займалася абслугоўваннем і рамонтам кантрольна-вымяральных прыбораў, вяла тэхнічную дакументацыю, была дзяжурным электрамеханікам на пасту электрычнай цэнтралізацыі, дыспетчарам сувязі. Добра разбіраецца ў аўтаматыцы, тэлемеханіцы і сувязі, дасканала ведае прынцыпы дзеяння законаў фізікі, якія многія яе равеснікі ўжо і не памятаюць. Асвоіла і мікрапрацэсарную цэнтралізацыю, асаблівую ўвагу заўсёды надавала захаванню электрабяспекі.
Яшчэ падчас працы на чыгунцы Галіна Мікалаеўна ўзначаліла савет ветэранаў прадпрыемства. І вось ужо шэсць гадоў добрасумленна выконвае гэты грамадскі абавязак. Ветэранская арганізацыя дыстанцыі аб’ядноўвае 152 чалавекі. Галоўная складанасць у тым, што геаграфія іх пражывання не абмяжоўваецца тэрыторыяй аднаго раёна. Але кіраўнік суполкі робіць усё, каб людзі, якія доўгі час сумленна працавалі на чыгунцы, не былі забытыя. Асаблівая ўвага – адзінокім і тым, што пражываюць удалечыні ад родных, а таксама двум былым малалетнім вязням.
Хто мае патрэбу, атрымлівае матэрыяльную дапамогу на лячэнне або з іншай нагоды. Хворых наведваюць у бальніцы. А падчас моцных снегападаў ветэраны разам з актывістамі БРСМ расчышчалі сцежкі ў дварах дамоў былых работнікаў. Памятаюць і шануюць пенсіянеры Асіповіцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі імя ўдзельніка вайны ў Афганістане Сяргея Хандогі, месца пахавання якога даглядаюць. Удзельнічаюць у суботніках, святочных мерапрыемствах. Разам святкавалі 155-годдзе Беларускай чыгункі, у гісторыю якой упісалі і сваю значную старонку.
Акрамя грамадскай работы любіць Галіна Мікалаеўна працаваць на ўласным агародзе. А найвялікшую асалоду атрымлівае ад стасункаў з унукамі, якіх у яе трое.
Іна ЗАСКЕВІЧ