Январь
Ср
22
2025

Традыцыі перамог

На юбілейным канцэрце, прысвечаным 40-годдзю Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, узгадалі гісторыю гэтай установы, адзначылі яе найлепшых работнікаў і добрымі словамі натхнілі ўдзельнікаў творчых калектываў, якія працягваюць славутыя традыцыі.

Удзельніцы «Цернічкі» на юбілейным канцэрце выступілі з кампазіцыяй «Сеем, мы сеем»

Святочная імпрэза пачалася з выступлення ансамбля бубначак «Чарлі». Пасля гэтага на экране прадэманстравалі кароткі фільм, у якім найлепшыя пажаданні калектыву палаца і наведвальнікам творчых і спартыўных аб’яднанняў перадалі знакамітыя беларусы, не раз выступаўшыя на сцэне гэтай культурнай пляцоўкі Беларускай чыгункі. Сярод іх – эстрадныя выканаўцы Інна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, тэлевядучы Яўген Булка, акцёр Яўген Крыжаноўскі, рэжысёр Вітас Грыгалюнас.
Творчы падарунак прыгатавала спявачка Алёна Ланская. Разам з удзельнікамі ансамбля танца «Маладзік» яна выканала вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Куточак Беларусі».
Яркімі фокусамі гледачоў уразіў ілюзіяніст Пётр Стасевіч. Не менш шчырых апладысментаў заслужылі і ўдзельнікі цыркавой студыі «Белая Русь».
Праграму з гумарыстычных мініяцюр гледачам святочнага канцэрта прадэманстравалі ўдзельнікі каманды Мінскага аддзялення, якая летась перамагла ў дарожным фестывалі Клуба вясёлых чыгуначнікаў. Яны параўналі сталічны палац чыгуначнікаў з радзільняй, бо менавіта тут нараджаюцца ідэі і калектывы, а школьнікі дамагаюцца першых спартыўных і творчых перамог.
– Цяпер у палацы дзейнічаюць 36 клубных фарміраванняў, дзе займаюцца звыш 2,7 тыс. чалавек, – адзначыў дырэктар Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення Аляксандр Кулага. – Толькі летась на яго пляцоўках правялі больш за 600 культурна-масавых мерапрыемстваў, якія наведалі звыш 240 тыс. чалавек.
Падчас юбілейнага канцэрта творчыя падарункі таксама прэзентавалі ўдзельнікі калектываў «Цернічка» і «Церніца», хор ветэранаў «Магістраль», іншыя.
З віншаваннямі са сцэны звярнуўся першы намеснік начальніка Мінскага аддзялення чыгункі Віктар Ціхановіч. Ён уручыў узнагароды найлепшым прадстаўнікам калектыва палаца, пажадаў ім новых поспехаў у працы.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика