Віншуем! Ганарымся!
За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны трактарыст-машыніст саўгаса «Рачкавічы» Беларускай чыгункі Міхаіл Фандзюхін адзначаны медалём «За працоўныя заслугі».
Высокую дзяржаўную ўзнагароду яму ўручаў у Мінску прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
Як патлумачыў герой публікацыі, цікаўнасць да тэхнікі ў яго абудзілася яшчэ з дзяцінства. Малым усе летнія канікулы ён праводзіў у бабулі на Капыльшчыне, дзе з захапленнем назіраў за работай волатаў-камбайнаў, рупліўцаў-трактараў, задзейнічаных на ўборцы ўраджаю. Пройдзе час, і Міхаіл далучыцца да гэтай нялёгкай, але такой важнай справы. І не проста далучыцца, а стане перадавіком, «тысячнікам», пераможцам раённых спаборніцтваў. Але аб усім па парадку.
Адразу пасля школы хлопец паспеў папрацаваць у калгасе «Бальшавік», што ў Капыльскім раёне. Восенню паступіў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 209 (Слуцк), якое скончыў з адзнакай. Адслужыў у арміі, вярнуўся ў «Бальшавік».
З 2000 года працуе трактарыстам-машыністам сельскагаспадарчай вытворчасці ў саўгасе «Рачкавічы» Беларускай чыгункі (Слуцкі раён Мінскай вобласці).
– Міхаіл Міхайлавіч зарэкамендаваў сябе руплівым, добрасумленным, адказным работнікам, – характарызуе героя публікацыі кіраўнік прадпрыемства Мікалай Красуцкі. – Гэта кваліфікаваны спецыяліст, які мае багаты практычны вопыт, граматна выконвае працоўныя абавязкі, дасканала ведае ўсе тэхналагічныя працэсы. Беражліва ставіцца да тэхнікі, своечасова праводзіць яе тэхнічае абслугоўванне і бягучы рамонт. Не мае парушэнняў працоўнай дысцыпліны і грамадскага парадку. Карыстаецца павагай і заслужаным аўтарытэтам у калектыве.
І гэта не проста прыгожыя словы. У 2014-м на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур і кукурузы Фандзюхін намалаціў 1,5 тыс. тон. Праз год – больш за 2 тыс. (заняў 2-е месца ў раёне), у 2016-м – больш як 1,9 тыс. тон (1-е месца). Яго леташні вынік – 3,15 тыс. тон (4-е месца ў вобласці і 2-е – у раёне).
Пацвярджэннем высокага прафесіяналізму і значнасці асабістага ўкладу ў развіццё сельскагаспадарчай галіны з’яўляюцца шматлікія ганаровыя граматы і дыпломы. Аднак узнагарода дзяржаўнага ўзроўню – першая ў яго скарбонцы.
– Яна стала для мяне нечаканасцю, прыемным сюрпрызам, – дзеліцца эмоцыямі ўсхваляваны Міхаіл Міхайлавіч. – І я вельмі ўдзячны за такую высокую ацэнку маёй працы.
Дасягнуць выдатных вынікаў, па словах суразмоўцы, дапамаглі вопыт, мэтанакіраванасць, добрае веданне тэхнікі. Яе трэба загадзя праверыць, падрыхтаваць, калі трэба – адрамантаваць, каб падчас летніх уборачных работ яна не выходзіла са строю. Фандзюхін ужо колькі год працуе на камбайне Claas Lexion 560. Дасканала ведае яго асаблівасці.
На працоўныя подзвігі нашага героя натхняюць родныя – жонка і тры дачкі. Старэйшая ўжо скончыла БНТУ, сярэдняя атрымлівае вышэйшую музычную адукацыю (вучыцца на 3-м курсе Акадэміі музыкі), малодшая сёлета заканчвае школу.
Шчырыя словы ўдзячнасці Міхаіл Міхайлавіч таксама адрасуе кіраўніцтву саўгаса «Рачкавічы» Беларускай чыгункі, сваім калегам, інжынернай службе гаспадаркі. «Наша сіла – у калектыве», – падсумаваў Міхаіл Фандзюхін.
Інга МІНДАЛЁВА