Сентябрь
Ср
11
2024

Фарбы «Ночы музеяў»

Колеры ў новым фармаце спазналі прадстаўнікі галіновага камітэта ГА «БРСМ» Беларускай чыгункі. Маладыя прадстаўнікі аддзяленняў і Упраўлення магістралі сабраліся ў сталіцы, каб паўдзельнічаць у праекце «Ноч музеяў – 2018».

Амаль 50 чыгуначнікаў завіталі ў Нацыянальны мастацкі музей. «Сёлета ў міжнароднай акцыі мы ўдзельнічаем 14-ты раз, – адзначыў на ўрачыстым адкрыцці генеральны дырэктар гэтай установы Уладзімір Пракапцоў. – Таму вельмі сімвалічна, што мы падрыхтавалі для нашых наведвальнікаў 14 інтэрактыўных пляцовак. Яны будуць працаваць да 2 гадзін ночы і дапамогуць гасцям спецыяльнай імпрэзы здзейсніць шмат адкрыццяў».
Атрымаўшы на ўваходзе буклет з праграмай акцыі, маладыя чыгуначнікі пачалі падарожжа па залах музея. Натхніліся творамі Івана Айвазоўскага ды іншых марыністаў, пейзажамі і партрэтамі беларускіх і рускіх мастакоў, уразіліся старажытнабеларускім драўляным дойлідствам, адзначылі яркую каларыстыку кітайскага і карэйскага мастацтва. Усё гэта дапаўнялася інтэрактывам. У адной зале можна было паслухаць лекцыі пра каліграфію і псіхалогію ўспрымання колераў у пэўныя гістарычныя перыяды ў розных краінах і культурах. У іншых – стаць удзельнікам квэста, намаляваць карціну, скласці з кубікаў рэпрадукцыю сусветна вядомага шэдэўра, завітаць на музычную інсталяцыю ці тэатральны перфоманс.
– З усіх відаў мастацтваў мне найбольш падабаецца харэаграфія. Але жывапіс я таксама люблю, асабліва творы марыністаў. Іх марскія пейзажы – быццам танец хваляў і музыка колераў, – падзяліўся ўражаннямі сакратар галіновага камітэта ГА «БРСМ» Беларускай чыгункі Яўген Цыба. – Паглядзець на экспанаты падчас інтэрактыўнай праграмы «Ноч музеяў» – асабліва цікава і захапляльна.
Такі візіт, па яго словах, стаў першым этапам акцыі «Культурная моладзь». На другім, 24 мая, чыгуначнікі прымуць удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Галіновы камітэт ГА «БРСМ» пашырае дзейнасць, прапануе мерапрыемствы ў новым фармаце. Традыцыйна ладзіцца шмат спартыўных мерапрыемстваў, вытворчых спаборніцтваў, патрыятычных акцый. Праект «Культурная моладзь» – яшчэ адзін важны крок да гарманічнага развіцця работнікаў магістралі.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика