Апрель
Сб
20
2024

На чыгунцы – тры дзесяцігоддзі

Аляксандр Міхадзюк не толькі першакласны машыніст, але і цікавы суразмоўца. Прычым размаўляць з ім на любую тэму – адно задавальненне. Мужчына выдатна валодае роднай мовай і карыстаецца ёй па жыцці.

– Па-беларуску пачаў размаўляць каля двух гадоў таму, – усміхаецца суразмоўца. – Такім чынам я вырашыў зрабіць свой невялікі ўнёсак у захаванне нацыянальных традыцый і культуры. І ні разу аб такім рашэнні не пашкадаваў. Размаўляю на беларускай мове паўсюдна: на працы, у сям’і, у краме – і, ведаеце, адчуваю сябе камфортна, натуральна.
Аляксандр Міхадзюк расказаў, што рашэнне звязаць жыццё з чыгункай стала для яго лёсавызначальным. Спачатку хлопец марыў стаць вайскоўцам, аднак, даведаўшыся пра прафесію машыніста, вырашыў, што вось яна – справа ўсяго жыцця. Паступіў у мінскае галіновае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, якое скончыў з адзнакай, праходзіў практыку ў Вільнюсе, потым перабраўся ў Гомель, дзе некаторы час працаваў, а пасля службы ў войску вярнуўся дадому – у Асіповічы. Уладкаваўся на працу ў мясцовае лакаматыўнае дэпо. І вось ужо тры дзесяцігоддзі водзіць цягнікі на Магілёў, Салігорск, Маладзечна, Слуцк, Жлобін і Градзянку.
У яго паслужным спісе – праца на цеплавозах амаль усіх серый, якія цяпер ёсць на Беларускай чыгунцы. Кожны з іх адрозніваецца тэхнічнымі характарыстыкамі. Аднак, як мяркуе суразмоўца, паспяховасць эксплуатацыі залежыць не столькі ад лакаматыва, колькі ад здольнасцей машыніста.
– Падабаюцца цеплавозы серыі 2Т10. Яны простыя і зручныя ў эксплуатацыі, менавіта з іх я пачынаў працоўны шлях. Ёсць яшчэ цалкам камп’ютарызаваны ТЭП70БС, – параўноўвае Аляксандр Васільевіч. – Вельмі важна і тое, наколькі старанна падрыхтаваны лакаматыў да рэйсу. Напярэдадні паездкі неабходна заправіць яго палівам, маслам, вадой і пяском, змазаць вузлы і агрэгаты, агледзець і праверыць дызель, генератары, кампрэсары, сістэму тармазоў. У дарозе пільна назіраем за станам абсталявання. Дарэчы, з усімі памочнікамі Аляксандр Міхадзюк заўсёды ў добрых стасунках – па-бацькоўску імкнецца растлумачыць, калі што-небудзь незразумела, навучыць маладых калег.
Падчас рэйса лакаматыўнай брыгадзе даводзіцца сустракацца з рознымі цяжкасцямі. Псіхалагічная нагрузка вельмі высокая. На чыгунцы трэба быць пільным, адказным, сачыць за бяспекай. У выпадку пазаштатнай сітуацыі неабходна прымаць аператыўнае і кампетэнтнае рашэнне. Гэтыя якасці дапамаглі Аляксандру Васільевічу і паўтара гады таму, калі састаў, якім кіраваў машыніст, патрапіў у небяспечную сітуацыю. Толькі дзякуючы яго ўраўнаважанасці і здольнасці адэкватна ацаніць абстаноўку ўдалося пазбегнуць цяжкіх наступстваў.
А напачатку 2018-га мой суразмоўца быў адзначаны прэміяй імя машыніста У. А. Яцкевіча. Высокая ўзнагарода для яго – стымул працаваць з яшчэ большай самаадданасцю.

Ганна САБЕЛА

Яндекс.Метрика