Падарыць радасць
Дабрачынная акцыя для дзяцей з асаблівасцямі развіцця прайшла на малой Беларускай па ініцыятыве Дарожнай арганізацыі Беларускай чыгункі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізавалі захапляльнае падарожжа па чыгунцы, віктарыны і святочны канцэрт.
Запрашэнне ажыццявіць вандроўку ў вагоне ад станцыі «Заслонава» да «Сасновага Бору» і назад атрымалі каля 200 асаблівых дзетак. Разам з іншымі наведвальнікамі малой Беларускай яны таксама ўдзельнічалі ў віктарынах і за правільныя адказы атрымлівалі прызы. Самым маленькім расказвалі пра бяспечныя паводзіны на чыгунцы. А больш дарослыя дзеці правяралі асабістыя веды па гісторыі арганізацыі Чырвонага Крыжа, па правілах і метадах першай дапамогі пры траўмах, абмаражэннях і іншых выпадках. Праводзіць такія творчыя спаборніцтвы дапамагалі валанцёры з Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарта імя Я. П. Юшкевіча. Акрамя таго, дарылі паветраныя шары ды па-майстэрску накладалі аквагрым на твары хлопчыкаў і дзяўчынак.
Выдатныя творчыя падарункі прыгатавалі дзятве і калектывы Культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення. У святочным канцэрце, які прайшоў на пляцоўцы на станцыі «Заслонава», выступілі таленавітыя ўдзельнікі ансамбля народнага танца «Цягнічок», ансамбля беларускай песні «Цернічка», цыркавой студыі «Белая Русь» і іншыя.
– Такая дабрачынная акцыя – традыцыйная. Мы ладзім яе штогод і прымяркоўваем да Мiжнароднага дня абароны дзяцей, – адзначыў старшыня Дарожнай арганізацыі Чырвонага Крыжа Мікалай Крысенка. – Сёлета акцыя стала фінальным акордам месячніка Чырвонага Крыжа на Беларускай чыгунцы.
Дарожная арганізацыя Чырвонага Крыжа мае на Беларускай чыгунцы шмат прыхільнікаў: яе дзейнасць падтрымліваюць каля 45 тыс. чыгуначнікаў, ці больш за 60% працаўнікоў магістралі. На дарозе створаны 17 вузлавых арганізацый гэтага аб’яднання.
Сярод прыярытэтаў Дарожнай арганізацыі Чырвонага Крыжа – дапамога ветэранам. Непасрэдна для наведвання адзінокіх і цяжка хворых сфарміравана каманда з сясцёр міласэрнасці – прафесіяналаў сваёй справы, здольных не толькі ацаніць стан здароўя ветэрана, ажыццявіць лекавыя працэдуры, прыгатаваць ежу і прыбраць у хаце, але і падтрымаць цёплымі, душэўнымі словамі.
Дзейнасць валанцёраў грамадскай арганізацыі таксама скіравана на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, правілы бяспечных паводзін і метады першай дапамогі пацярпелым у надзвычайных сітуацыях. Акрамя таго, надаюць увагу вырашэнню іншых задач.
Руслан АНАНЬЕЎ