Гучала роднае слова
Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Іванава. Горад ператварыўся ў адзіную святочную пляцоўку. Гэта было бачна і па мясцовай чыгуначнай станцыі, якая першай прымала гасцей.
Нагадаем, што на Брэстчыне свята адбылося ўжо ў чацверты раз. Спачатку роднае слова гучала ў Пінску, потым свята прымаў старажытны Камянец, апошнімі сталі Ганцавічы. Гораду Іванава асабліва пашанцавала – у гэтым годзе тут прайшоў юбiлейны ХХV Дзень беларускага пісьменства, які быў прысвечаны малой радзіме.
На працягу двух дзён на розных пляцоўках адноўленага горада адбылося больш за 80 мерапрыемстваў. У іх удзельнічалі шматлікія афіцыйныя асобы, кіраўнікі міністэрстваў, а таксама дзеячы літаратуры, культуры і навукі, мастацтва, замежныя дэлегацыі з Расіі, Таджыкістана, Венгрыі, Малдовы, Латвіі і нават Японіі.
– Да свята мы пачалі рыхтавацца загадзя, каб пасажыры адчувалі сябе камфортна, – расказвае начальнік станцыі Янаў-Палескі Аляксандр Станкевіч. – Правялі касметычны рамонт фасада пасажырскага будынка. Зманціравалі новыя люстраныя дзверы пры ўваходзе ў залу чакання, павесілі прыгожыя гадзіннікі. Пасажырам спадабаўся і інтэр’ер – зроблена новая дэкаратыўная тынкоўка, усталявана сучасная люстра, адноўлены камеры захоўвання. Цяпер тут можна карыстацца новай паслугай – бясплатным доступам да Інтэрнэта, а таксама паглядзець тэлевізар, які з’явіўся ў адным з памяшканняў. Асабліва спадабаліся гасцям свята рэпрадукцыі карцін нашага земляка – мастака, музыканта і філосафа Напалеона Орды, якія мы размясцілі з падсветкай на сценах залы чакання. Атрымалася вельмі арыгінальна.
У рамонтных работах на станцыі былі задзейнічаны спецыялісты Брэсцкай дыстанцыі грамадскіх збудаванняў. Яны аднавілі на пероне тактыльную плітку для зручнага перамяшчэння людзей з аслабленым зрокам. Змяненні закранулі і пешаходны мост – яго адрамантавалі і пафарбавалі, зманціравалі пандусы для веласіпедаў і дзіцячых вазкоў. Словам, станцыя Янаў-Палескі сур’ёзна падрыхтавалася да Дня беларускага пісьменства.
Звычайна тут працуюць 26 чалавек. 2 верасня, у нядзелю, на сваіх месцах былі прыёмаздатчык груза і багажа Ірына Федзечка, таварны касір Наталля Мурына, дзяжурны па станцыі Вольга Чолык, складальнік цягнікоў Ігар Крупко, станцыйны рабочы Таццяна Шукала, а таксама білетны касір Марыя Даленчук. Марыя Ільінішна прызнаецца, што свята адчуваецца з самага рання.
– Пасажыры, якія прыязджаюць да нас, а таксама тыя, хто набываюць квіткі на нашай станцыі, – вельмі ветлівыя, усе віншуюць са святам, гэта вельмі прыемна, – кажа жанчына. – Сёння рэалізацыя праяздных дакументаў павялічылася на 10% у параўнанні са звычайнымі днямі. У нас можна іх набыць на цягнікі міжнародных, міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній эканомкласа.
У мяне будзе магчымасць пабачыць свята на ўласныя вочы – праз некалькі гадзін мяне зменіць дачка Наталля Стоцкая, якая працуе тут білетным касірам ужо шэсць гадоў.
Тым часам начальнік станцыі Аляксандр Станкевіч запрашае мяне ў горад Іванава, дзе праходзяць святочныя мерапрыемствы. Разам з намі едзе яго дзевяцігадовая дачка Ліза, якую бацька ў гэты дзень узяў з сабой. Дзяўчынка расказала, што яе маці Людміла Міхайлаўна таксама працуе на Беларускай чыгунцы – яна выконвае абавязкі дзяжурнага па вакзалу станцыі Пінск. На жаль, яна не змагла пабываць у гэты дзень у Іванава разам з сям’ёй.
Сярод прадстаўнікоў чыгункі, якія ў свой выхадны дзень таксама прыйшлі на свята, былі прыёмаздатчык груза і багажа станцыі Янаў-Палескі Марына Вайтовіч разам з супругам Мікалаем Васільевічам, які працуе старэйшым электрамеханікам Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі.
– Мы хацелі б пабачыць, як змяніўся за гэтыя дні наш горад, якому споўнілася 595 гадоў, якім прыгожым ён стаў, – патлумачыў Мікалай Васільевіч. – Пойдзем на фестываль, пабачым вырабы рамеснікаў, а таксама зазірнем у новую кнігарню, дзе можна набыць класічную літаратуру і творы сучасных аўтараў. Абавязкова купім што-небудзь для сваіх дзяцей – Максіма і Ангеліны, якія яшчэ вучацца ў школе.
Дарэчы, асноўнай пляцоўкай юбілейнага свята стаў гарадскі парк, дзе адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Віншаванне Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства зачытаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.
Іванаўская зямля багатая гісторыяй, сваёй культурнай спадчынай і традыцыямі. Тут пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, гэтыя месцы – калыска многіх сучасных пісьменнікаў – Аляксея Каўко, Валянціны Куксы, Анатоля Крэйдзіча і другіх. Асабліва жыхары горада ганарацца грамадскім і культурным дзеячам і сваім суайчыннікам Напалеонам Ордай. Дзякуючы яму захаваліся ў малюнках і гравюрах узоры беларускага дойлідства мінулых часоў. У горадзе знаходзіцца помнік гэтаму чалавеку.
Падчас свята адбылося традыцыйнае ўзнагароджанне пераможцаў конкурса на лепшыя літаратурныя творы ў паэзіі, прозе, драматургіі, заснавальнікам якога сталі грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Міністэрства інфармацыі.
Чыгуначнікам станцыі Янаў-Палескі вельмі спадабаўся новы памятны знак на пешаходнай вуліцы 17 верасня пад назвай «Янава слова», у адкрыцці якога прымаў удзел міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Гэта своеасаблівая кампазіцыя сонечнага гадзінніка, «стрэлкай» якога стаў цень ад пяра – сімвала рукапісаў, з якіх бярэ пачатак слова. На помніку размешчаны назвы ўсіх гарадоў Беларусі, дзе раней адбыліся Дні беларускага пісьменства.
А вось дачцэ начальніка станцыі Аляксандра Станкевіча Лізе асабліва спадабаліся гульні і забавы, што праводзіліся ў гарадскім парку. На алеі рамеснікаў дзяўчынка нават паспрабавала сама зрабіць з гліны маленькі збан. Выраб атрымаўся амаль як у сапраўднага майстра, чым яна была вельмі задаволеная.
У Дзень беларускага пісьменства святочны настрой быў у кожнага жыхара горада і яго гасцей. Свята завяршылася гала-канцэртам з удзелам зорак беларускай эстрады.
У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў Слоніме Гродзенскай вобласці.
Юрый ФЕДАРЭНКА