«Істотнае»
Так называецца персанальная выстава палотнаў работніка Беларускай чыгункі, члена Саюза мастакоў Беларусі Уладзіміра Тамашэвіча, якая днямі адкрылася ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў горадзе Маладзечна.
Уладзімір Пятровіч працуе ў галіне станковага жывапісу і графікі. У сваёй творчасці аддае перавагу пейзажам. Пазбаўленыя канкрэтызацыі, выкананыя ў абагульненай жывапіснай манеры, стрыманыя па каларыстычнаму вырашэнню, жывапісныя кампазіцыі Уладзіміра Тамашэвіча перадаюць аўтарскае, даволі паэтычнае ўспрыманне някідкай прыгажосці беларускай прыроды ў разнастайных яе праявах.
Калі вас вабяць лірычныя краявіды роднага куточка, калі ваша сэрца сціскаецца ў захапленні ад стрыманай цнатлівасці і цеплыні маляўнічых беларускіх пейзажаў, – завітайце на выставу «Істотнае». Яна працуе з 10.00 да 18.00 штодзень, акрамя панядзелка, па 11 лістапада, адрас музея: г. Маладзечна, вуліца Партызанская, 3.
Наша даведка: Уладзімір Тамашэвіч нарадзіўся 22 жніўня 1963 года ў вёсцы Палачаны Маладзечанскага раёна. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Яго творы знаходзяцца ў прыватных зборах Беларусі і замежжа. Жыве ў горадзе Маладзечна, працуе ў мясцовым рэфрыжэратарным вагонным дэпо.
Інга МІНДАЛЁВА