Пясняр беларускай прыроды

Менавіта такім прадстае перад наведвальнікамі сваёй персанальнай выставы пейзажнага жывапісу, якая адкрылася ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў горадзе Маладзечна, работнік мясцовага рэфрыжэратарнага вагоннага дэпо, член Саюза мастакоў Беларусі Уладзімір Тамашэвіч.

Хаця сам аўтар з такім вызначэннем наўрад ці пагодзіцца: адразу падкрэслівае, што ў першую чаргу працуе з прасторай і колерам, а не з пейзажам. Аднак натхняюць яго на творчасць менавіта беларускія краявіды, а большасць палотнаў напісана падчас пленэраў.
– Мяне цікавіць каларыт, яго мяккасць, – тлумачыць мастак. – Не так даўно я пайшоў з эцюднікам на балота, абраў месца, пачаў працаваць. А навокал ціха так, асветлена. Зіхацяць лісточкі на дрэўцах. Але ты ж не будзеш выпісваць кожны з іх! Яны недзе там, у асяроддзі, якое я імкнуся перадаць. Не канкрэтнае дрэва пісаць, а вобраз ствараць, увасобіць адчуванне, энергетыку, якая напаўняе гэтую прастору. Толькі дылетант будзе бяздумна капіраваць тое, што бачыць. Майстар жа звяртаецца да аналізу.
Уладзімір Пятровіч перакананы, што любоў да роднай зямлі, роднай прыроды, роднага слова закладаецца ў кожнага з нас генетычна. Сёлета яму споўнілася 55, і да гэтага часу ён беражліва захоўвае ў сваім сэрцы пяшчотныя ўспаміны аб дзяцінстве, якое прайшло ў вёсцы Палачаны Маладзечанскага раёна. Тут ён бегаў басанож па траве, гуляў са старэйшымі хлопчыкамі ў «вайну», лавіў шчупакоў і плотак, пасвіў карову на полі, і, каб было весялей, чытаў «Новую зямлю» Коласа.
– Усё маё дзяцінства прайшло на балоце (пазней яго, на жаль, асушылі падчас меліярацыйных работ). А тады там сыходзіліся тры рэчкі (дзве невялікія і Заходняя Беразіна), рыбы было – не перадаць словамі! – узгадвае суразмоўца. – Старэйшыя хлопцы бралі мяне ў памочнікі – насіць за імі ўлоў. Адразу за вёскай пачыналася балота. Там былі надзелы, на якіх людзі ўручную капалі торф. Заставаліся яміны – часам у рост чалавека. Яны запаўняліся вадой, і тады ў іх вадзіліся шчупакі, карасі, плоткі. Падыйдзеш да такой – глыбіня метры са два, вада чыстая, бачна да самага дна, а там рыба шчыруе. Але на вуду не бралася. Мы яе цягалі так званымі таптухамі (трохвугольнымі сеткамі, у якія заганяецца рыба з травы ці мелкаводдзя). Такім жа чынам лавілі і на Заходняй Беразіне, дзе было неглыбока.

Вучыўся Уладзімір на выдатна, але быў няўрымслівым, шустрым хлапчуком. Паступаць у мастацкае вучылішча (сёння – Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава) надумаў сам, паехаў разам с сябрам. Хоць маці раіла: «Сынок, добра ж вучышся – паступіў бы ў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, быў бы чалавекам». Уладзімір абраў свой шлях і ніколі не шкадаваў: «Я вельмі шчаслівы, што займаюся менавіта гэтым. Словамі не перадаць, які я шчаслівы», – прызнаўся мастак.
Паколькі паступаў ён пасля васьмі класаў, маючы на руках пахвальны ліст са школы, то экзамены па агульных дысцыплінах не здаваў – толькі па спецыяльных (малюнак, кампазіцыя, жывапіс). Што цікава: у мастацкіх дзіцячых студыях ці гуртках раней не займаўся, але ўсё ж здолеў паступіць. І ўжо праз год меў пяцёркі па жывапісу, хаця на першым курсе практычна не валодаў тэхнікай акварэлі.

Пасля заняткаў упарты хлопец дома па некалькі разоў перапісваў адзін і той жа нацюрморт, «набіваў» руку.
Вывучаў і гісторыю мастацтва. Самыя моцныя ўраджанні ў юнага Тамашэвіча выклікала творчасць галандскага жывапісца, вялікага майстра святлаценю Рэмбрандта (ён здолеў увасобіць у сваіх творах увесь спектр чалавечых перажыванняў з такой эмацыянальнай насычанасцю, якой раней не ведала мастацтва). Тамашэвіча асабліва вабіла выдатная тэхніка галандскага мастака – пастозная (шматслойная), вельмі энергетычная. Пашчасціла яму і на выкладчыкаў, сярод якіх быў Альгерд Малішэўскі – выбітны майстар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Міністэрства культуры Расіі, у прыватных калекцыях нашай краіны і замежных).

Разляцеліся па свеце і працы Уладзіміра Тамашэвіча: яны ёсць у Расіі, Германіі, Швецыі, нават у далёкай Амерыцы. І гэта не толькі пейзажны жывапіс, але і абстрактныя графічныя кампазіцыі, якімі таксама захапляецца аўтар. Неяк цэлую серыю такіх работ набыў расійскі бізнэсмэн для сеткі джазавых кафэ ў Санкт-Пецярбурзе.
Ён разгледзеў у творах Тамашэвіча музычныя рытмы, хоць сам аўтар такія ідэі не закладаў. «Але ж тым і выдатная абстракцыя, што кожны можа ўбачыць там нешта сваё, – гаворыць мастак. – Я ўвасобіў краявід, дакладней – падсвядомае адчуванне краявіду. Чалавек жыве на эмоцыях, і я намагаюся гэта перадаць. Выказаць каларытам унутраны стан – гэта вельмі цікава, калі ты валодаеш колерам».
У творчай скарбонцы Тамашэвіча – каля 300 жывапісных палотнаў. Тыя, што выстаўлены зараз ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, аб’яднаныя назвай «Істотнае». «Калі мая малодшая дачка вучылася ва ўніверсітэце, туды з лекцыяй прыязджаў беларускі пісьменнік і паэт Алесь Разанаў, які падарыў ёй зборнік сваіх вершаў і падпісаў «Істотнай – істотнае», – тлумачыць Уладзімір Пятровіч. – Я прачытаў тыя вершы і зразумеў, што аўтар агучваў у паэзіі ўсё тое, што я адчуваю, ходзячы па зямлі. Таму і назваў так сваю выставу».

Мастака вельмі захапілі хоку Алеся Разанава. Ён марыць увасобіць іх у жывапісу. «Па сутнасці, хоку – гэта кароткая пейзажная замалёўка. І вельмі цікава, як сродкамі мінімалізму ў выяўленчым мастацтве выразіць краявід. Магчыма, гэта пяройдзе ў абстракцыю», – разважае творца. Натхненне ён будзе шукаць у беларускай прыродзе, якая сама па сабе ёсць паэзія, перакананы мастак.

Інга
МІНДАЛЁВА

Оставить комментарий

Ваш адрес электронной почты не будет опубликован.




Яндекс.Метрика