Дасягнулі добрых вынікаў
18 лістапада – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Беларусі. Яго заўтра будуць адзначаць і ў калектывах шасці сельгасарганізацый Беларускай чыгункі, дзе ўжо завершаны асноўныя сезонныя работы.
Агульны намалот збожжа склаў больш за 24,6 тыс. тон, сярэдняя ўраджайнасць – 30 ц/га. Добрых вынікаў аграрыі чыгункі дасягнулі і па іншых культурах. Напрыклад, бульбы сабралі 6,7 тыс. тон, цукровых буракоў – 31,6 тыс. тон, рапсу – 2,2 тыс. тон, кукурузы на зерне – 0,74 тыс. тон. Даведзенае заданне па нарыхтоўцы травяных кармоў на зiмова-стойлавы перыяд сельгасарганізацыі Беларускай чыгункі выканалі на 107,7%. Завершана сяўба азімых збожжавых культур: план выкананы на 100%. З пачатку года аграрыі вырабілі прадукцыі на 38,6 млн. рублёў, выручка ад рэалізацыі склала 30,8 млн. рублёў, прыбытак – 1,7 млн. рублёў.
– Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што па шэрагу асноўных паказчыкаў нашы гаспадаркі сёлета спрацавалі лепш, чым у 2017-м, – паведаміла кіраўнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, гандлю і грамадскага харчавання Упраўлення Беларускай чыгункі Алена Лагацкая. – У асноўным гэта абумоўлена той падтрымкай, якую ім аказвае сталёвая магістраль. Карыстаючыся магчымасцю, віншую калектывы сельгасарганізацый Беларускай чыгункі з прафесійным святам, жадаю здароўя, добрага настрою і высокіх ураджаяў.
Інга МІНДАЛЁВА