Наша почта
У рэдакцыю даслаў ліст наш пастаянны чытач, ветэран Варапаеўскай дыстанцыі пуці Леанід Семянас. У ім ён распавёў аб сустрэчы вернікаў з касцёлаў пастаўскіх парафій з духоўным лідэрам каталікоў папам рымскім Францішкам. Знакавая падзея адбылася ў латвійскім мястэчку Аглона, што недалёка ад Даўгаўпілса.
Сярод тых, хто ехаў вітаць пантыфіка, былі работнікі Варапаеўскай дыстанцыі пуці, станцыі Паставы, ветэраны чыгункі ды іншыя. Першы прыпынак зрабілі ў Браславе, дзе прысутнічалі на святой імшы. Мясцовы касцёл уразіў як знешнім, так і ўнутраным хараством і веліччу. У сваю чаргу, Аглона, па словах ветэрана, чымсьці нагадвала беларускі Будслаў. У чаканні папы рымскага вялікае мноства людзей – амаль паўмільёна – сабралася на плошчы перад Аглонскай базілікай. Вернікі маліліся, і, нягледзячы на тое, што кожны на сваёй мове, адчувалі сябе адзінай хрысціянскай сям’ёй. Арган і шматгалосы хор, што гучалі на плошчы, стваралі святочны настрой, бралі за душу. Але асаблівыя ўражанні засталіся ў вернікаў ад сустрэчы з папам рымскім.
«У небе над Аглонай з’явілася некалькі верталётаў, у адным з іх праз ілюмінатары прысутным была бачна фігура ў белым адзенні, – піша Леанід Альфонсавіч. – Людзі замахалі сцяжкамі і ў голас сталі вітаць пантыфіка. Між тым верталёт зрабіў над плошчай два кругі і прызямліўся.
І тут здарыўся цуд: дождж, які ліў не перастаючы, раптоўна сціх, засвяціла сонейка. Папа рымскі на адкрытым аўтамабілі паехаў паміж сектарамі, вітаючы людзей. Падняўшыся да галоўнага алтара, ён правёў імшу на італьянскай мове». Дарэчы, аўтар ліста звяртае ўвагу на цікавы факт: бацька папы рымскага Францішка быў чыгуначнікам.
Па словах удзельнікаў сустрэчы, гэта вельмі важная і знакавая падзея, якая запомніцца на ўсё жыццё.
У сваю чаргу ветэран чыгункі ўзгадаў, як сам упершыню пазнаёміўся з Аглонскай базілікай. «Увосень 1964 года нас, студэнтаў Даўгаўпілскага тэхнікума чыгуначнага транспарту, накіравалі ў калгас выбіраць бульбу непадалёк ад Аглоны, – піша ветэран. – Жылі мы ў хаце брыгадзіра. Тыя дні прайшлі вельмі карысна: мы добра папрацавалі, а ў нядзелю з куратарам нашай групы Вольгай Мацюшэнка пабывалі ў цяперашняй Аглонскай базіліцы. Даведаліся, што ў храме ёсць вялікая святыня – абраз Божай Маці Аглонскай, які лічаць цудатворным».