На скрыжаванні стагоддзяў, дарог і цёплых пачуццяў

Сімвалічны срэбны лакаматыў на гербе Калінкавіч імчыцца праз час і прастору, яднаючы станцыі, людзей і падзеі розных гістарычных эпох. У гэтым куточку Гомельшчыны дзіўным чынам злучыліся артэфакты першабытнасці, хрысціянскія святыні, народны гумар і здабытак тэхнічнага прагрэсу – чыгунка, якая надае магутны імпульс эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю рэгіёна.

Калінкавіцкая зямля – самабытны край з багатай гісторыяй. Ён раскінуўся ад найбуйнейшай ракі Палесся – Прыпяці – амаль да Бярэзіны. Першыя пісьмовыя ўзгадванні аб гэтым сучасным раённым цэнтры (а тады вёсцы Каленкавічы) датуюцца 1560 годам – перыядам Вялікага княства Літоўскага.
Аднак насамрэч гэта ўрадлівая зямля прывабіла людзей значна раней: як сцвярджаюць гісторыкі, 26 тыс. гадоў таму. І падмацоўваюць версію археалагічнымі знаходкамі, якія былі зроблены ў 1929 годзе. Тады ля вёскі Юравічы знайшлі рэшткі старажытнага паселішча людзей. Гэта гарадзішча і лічыцца самым даўнім на Беларусі.
Гісторыкі ўпэўнены, што старажытныя людзі аселі на гэтай тэрыторыі невыпадкова. Яны пасяліліся ля паўнаводнай Прыпяці, займаліся вуджэннем і паляваннем. Тады яшчэ жылі маманты, вышыня якіх часам дасягала чатырох метраў. Аб чым сведчаць знойдзеныя ў гэтых мясцінах велізарныя косткі. Магчыма, старажытныя людзі тут маглі б застацца надоўга, але ледавік рушыў наперад, а клімат змяніўся. Паселішча апусцела…
– Юравічы – сапраўды цікавая вёска, – пацвярджае чыгуначніца Наталля Канаваленка, якая нарадзілася ў Калінкавіцкім раёне. – Яна знакамітая не толькі рэшткамі старажытнай стаянкі, але і хрысціянскімі святынямі.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што гісторыя Юравіч пачалася яшчэ ў ХV стагоддзі. З тых часоў змянілася шмат назваў паселішча (у пэўны перыяд – Відолічы, Межырычы ці Межымосце).
У другой палове XVII стагоддзя ў Юравічах з’явіліся прадстаўнікі каталіцкага ордэна езуітаў, з якімі звязваюць з’яўленне цудоўнага абраза Божай Маці і ўзвядзенне тут сакральнага комплексу. Яго пабудавалі ў 1726 – 1746 гадах на месцы драўлянага кляштара. Крыху пазней тут адкрылі школу, на базе якой пачаў дзейнічаць калегіум. У склад комплексу ўваходзілi касцёл і корпус калегіума, аб’яднаныя адзінай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Усё гэта размешчана на ўзгорку за высокай мураванай сцяной з уваходнай брамай (захаваліся толькі паўднёвая і заходняя сцены), якую акаляў пладовы сад. Па вуглах агароджы і абапал брамы размясціліся круглыя вежы з байніцамі.
За стагоддзі сакральныя пабудовы перажылі не адно выпрабаванне. Цяпер тут размяшчаецца мужчынскі праваслаўны манастыр, вядзецца рэстаўрацыя.
Наталля Канаваленка раіць усім вандроўнікам, якія вырашаць наведаць калінкавіцкую зямлю, абавязкова завітаць і ў Юравічы. Сама яна нарадзілася ў Дудзічах – цяперашнім аграгарадку, які знаходзіцца непадалёк ад райцэнтра. Яе лёс быў вызначаны, напэўна, яшчэ ў дзяцінстве: бацькі працавалі на станцыі Калінкавічы, таму дачка чула размовы пра чыгунку. Нічога дзіўнага, што пасля сканчэння школы вырашыла паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
– Атрымала дыплом, працую дзяжурным па станцыі Гомель, – распавядае яна. – Але часцяком наведваю Дудзічы. Тата, на жаль, пайшоў з жыцця, але ў роднай хаце мяне гасцінна сустракае маці. Я адчуваю яе цяпло і клопат. Там мая малая радзіма.
Адданасць роднай зямлі не толькі дае сілы для працы, але і дапамагае дасягаць прафесійных вяршынь. Сёлета Наталля перамагла ў дарожным конкурсе «Дырыжор руху». На адным з этапаў на роднай мове яна пранікнёна расказала пра гісторыю, культуру і традыцыі калінкавіцкай зямлі. Яе расповед заслужыў высокія ацэнкі журы.

Наталля Канаваленка

Нябачныя сувязі злучаюць з гэтым куточкам Палесся і начальніка службы перавозак Упраўлення дарогі Пятра Дулуба.
– Я нарадзіўся ў Калінкавічах. Але амаль усё маё дзяцінства і школьныя гады прайшлі ў вёсцы Сырод, якая знаходзіцца прыкладна за 8 кіламетраў ад райцэнтра, – расказвае Пётр Міхайлавіч.
Разам з бацькамі ён рэгулярна бываў у Калінкавічах, з задавальненнем назіраў за цягнікамі на чыгуначнай станцыі. І тут, нібыта ў велізарным мурашніку, усё жыве па нейкіх невядомых яму правілах. Хто і якім чынам кіруе гэтым рухам, сiстэматызуе яго?
Жаданне раскрыць гэты сакрэт, магчыма, у пэўнай ступені і прывяло Пятра Дулуба ў Гомель. Тут ён вырашыў паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту і стаць чыгуначнікам.
– Сталёвая магістраль вабіла мяне, інтрыгавала. Я з бацькамі рэгулярна вандраваў на паяздах. Прычым не толькі па Беларусі: давялося пабываць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ноўгарадзе, іншых далёкіх гарадах, – тлумачыць ён. – А калі ў апошніх класах школы неабходна было вызначыцца з прафесіяй, родныя і суседзі раілі звязаць жыццё менавіта з чыгункай. Тлумачылі, што гэта вялікае, надзейнае прадпрыемства.
Калі прадстаўнікі ў прыёмнай камісіі ўніверсітэта расказалі пра розныя прафесіі і спецыяльнасці, Пётр аддаў перавагу арганізацыі працэсу перавозак.

Касцёл і калегіум у Юравічах на гравюры ХІХ стагоддзя

І абраны шлях стаў сапраўды паспяховым. Першае працоўнае месца – станцыя Мінск-Сарціровачны, куды ён уладкаваўся дзяжурным па парку. Настойлівасць і працавітасць дапамагалі дасягнуць прафесійных вышынь. Ва Упраўленне дарогі яго запрасілі ў 2002 годзе.
– Праца ў службе перавозак – адказная і вельмі напружаная, – адзначае Пётр Дулуб. – І па гэтай прычыне на малую радзіму, у Калінкавіцкі раён, трапляю не так часта, як хацеў бы. Але адчуваю, што гэта зямля мяне вабіць, кліча настальгія, хочацца вярнуцца ў радаснае і бесклапотнае дзяцінства, сустрэць былых сяброў.
Пётр Дулуб называе Калінкавічы прыгожым і ўтульным горадам. І тое, што дзякуючы чыгунцы раён развіваецца, яго цешыць.
У гэтым чыгуначным вузле сыходзяцца некалькі напрамкаў, у тым ліку на Жлобін, Гомель, Славечна, Лунінец. Распачатая электрыфікацыя ўчастка Жлобін – Калінкавічы – Барбараў можа стаць дадатковым стымулам да развіцця гэтай старажытнай і багатай традыцыямі зямлі.
На працягу стагоддзяў мястэчка развівалася. З цягам часу ў Калінкавічах сфармаваўся чыгуначны вузел. У 1925 годзе гэты населены пункт набыў статус горада. На афіцыйным гербе сімвалічны лакаматыў-страла падкрэслівае важнасць чыгункі для развіцця раёна.

Меморыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці

Цяжкім выпрабаваннем для гэтага краю стаў змрочны перыяд фашысцкай акупацыі. У сакавіку 1944 года непадалёк ад цяперашняга гарадскога пасёлка Азарычы захопнікі арганізавалі тры канцэнтрацыйныя лагеры. На агароджанай тэрыторыі пад адкрытым небам утрымлівалі больш за 50 тыс. чалавек з розных мясцін. Многія так і засталіся ў гэтай зямлі назаўсёды. У памяць аб вязнях-ахвярах фашызму каля Азарычаў адкрылі мемарыял.
Жыхары Калінкавіцкай зямлі шануюць сваю гісторыю і традыцыі мінулага. Але ствараюць і сучасныя. Адной з іх стаў фестываль народнага гумару «Аўцюкі», на які людзі прыязджаюць, каб пацешыць адзін аднаго трапнымі жартамі, вясёлымі прыпеўкамі і гумарэскамі.

Руслан АНАНЬЕЎ

Яндекс.Метрика