Январь
Пн
13
2025

Агаф’я – машыніст паравоза

Прыгажуня, адважная патрыётка, бясстрашны чалавек і... машыніст паравоза. Усё гэта пра яе – жанчыну, якая неаднойчы рызыкавала жыццём дзеля землякоў, сям’і і Радзімы, – Агаф’ю Баркун (па мужу Маркевіч).

Нарадзілася Агаф’я Іванаўна ў 1916 годзе ў вёсцы Лешніца, што на Пухаўшчыне. Скончыла там сямігодку, а ў 1934-м пайшла працаваць на чыгунку.
– Я мыла вагоны, загружала тэндары паравозаў вугалем і марыла павесці цягнік, – успамінала Агаф’я Баркун. – Таму кожную вольную хвіліну праводзіла на паравозах. Хлопцы-чыгуначнікі смяяліся: «Ішла б ты лепш, Гаша, на кандытарскую фабрыку працаваць. Паравоз – справа не дзявочая». Жартавалі, аднак у дапамозе не адмаўлялі: тлумачылі, паказвалі, што да чаго, і нават дазвалялі часам праехаць на манеўровым паравозе.
І ўпартая дзяўчына дабілася свайго: праз тры гады яе накіравалі на курсы памочнікаў машыніста. Паўгода напружанай вучобы – і Гаша зусім блізка да сваёй мэты. А потым яе сумленная праца атрымала належную ацэнку. Наркам шляхоў зносін Лазар Кагановіч нават узнагародзіў Агаф’ю Баркун імянным гадзіннікам за працу на паравозе. Дарагую ўзнагароду яна здолела зберагчы і падчас нямецкай акупацыі. А пасля вайны ў пабудаваным на мінскай вуліцы Аэрадромнай дом імянны гадзіннік вісеў на сцяне ў адным з пакояў.
– Недзе ў 1946 – 1947 гадах да нас пад відам уцякачкі завітала жанчына, – успамінала Агаф’я Іванаўна. – Прыкiнуўшыся, што ёй стала вельмі дрэнна, няпрошаная госця папрасіла вады. Калі я пайшла на кухню, яна хуценька зняла гадзіннік са сцяны і паклала сабе ў кішэню. Згубу я выявіла толькі на другі дзень і доўга плакала ад горычы.
…А пакуль ішоў 1940 год. Гаша разам са сваім будучым мужам Міхаілам Маркевічам накіроўваецца ў Вязьму вучыцца на машыніста паравоза. У кастрычніку таго ж года яны атрымалі пасведчанні машыністаў паравоза і прыехалі ў Мінск.
– Калі ўпершыню самастойна ўзялася за рэверс паравоза, адчула не толькі зразумелае кожнаму хваляванне, але і сумненне, нават трывогу: не жартачкі, такая машына павінна мне, жынчыне, падпарадкоўвацца, – усхвалявана расказвала Агаф’я Іванаўна. – Працавала на таварнай станцыі. Аднойчы давялося падаваць цягнікі з палівам на гарадскі склад. Транспарціраваліся яны падвойнай цягай. Потым я і мая памочніца Соня Чаркас узялі на сябе абавязак дастаўляць на склад цяжкавагавыя саставы адным паравозам. І з пастаўленым заданнем мы справіліся. Быў вызвалены адзін паравоз – атрымлівалася вялікая эканомія.
Пасля гэтага прозвішча Гашы было занесена ў спіс ударнікаў сталiчнага дэпо. А потым пачалася вайна. Агаф’я Іванаўна засталася ў горадзе, дзе жыла ў сваёй старэйшай сястры. У хуткім часе звязалася з падпольнай групай, якая дзейнічала на таварнай станцыі. Выконвала даручэнні кіраўніцтва падпольшчыкаў па распаўсюджванню лістовак, дастаўляла звесткі аб руху нямецкіх цягнікоў (з якім грузам яны прыбывалі на станцыю, куды накіроўваліся), асабіста прывяла да партызан некалькі савецкіх ваеннапалонных.
Летам 1943 года яна без роздумаў рызыкавала жыццём дзеля вызвалення сваіх землякоў.
У той дзень немцы арганізавалі ў горадзе аблаву і забіралі моладзь для адпраўкі ў Германію. Агаф’і ўдалося застацца на волі. А праз гадзіну яна даведалася, что схапілі ў тым ліку і многіх яе аднавяскоўцаў.
– Я тады і не ўяўляла сабе, што змагу іх вызваліць. Хацелася толькі ведаць, што з імі, – успамінала мая далёкая сваячка. На таварнай станцыі яна даведалася, што рыхтуецца да адпраўкі цягнік, да якога прычапілі вагон з людзьмі. Ведаючы тут кожны ўваход і выхад, кожную стрэлку, Агаф’я Іванаўна непрыкметна пракралася на тэрыторыю станцыі і знайшла патрэбны састаў. Ён стаяў у самым тупіку, вакол цягнiка хадзіў нямецкі вартавы. Больш паблізу нікога не было. Чакаць, пакуль вартавы дзе-небудзь затрымаецца, давялося доўга. Нарэшце, ён усеўся на пераходнай пляцоўцы аднаго з вагонаў i дастаў клуначак з ежай. Тады Агаф’я падбегла да вагона з людзьмі, адсунула засоўку і з усёй сілы пацягнула на сябе дзверы:
– Хутка бяжыце!
Жыхары вёскі Лешніца да канца жыцця былі ўдзячныя Агаф’і Баркун, якая выратавала іх ад фашысцкай няволі, а магчыма – ад смерці. За адвагу і мужнасць у падпольнай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Агаф’ю Іванаўну ўзнагародзiлi ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.
…Пасля вайны яна жыла ў Мінску. Муж Міхаіл Мікалаевіч Маркевіч працягваў працаваць машыністам паравоза, а вось Агаф’і ўжо больш не давялося вадзіць цягнікі. Жанчына выхоўвала дзяцей, працавала на розных прадпрыемствах горада. Дачка і двое сыноў атрымалі вышэйшую адукацыю. Малодшы сын Аляксандр адзначыў, што дынастыя чыгуначнікаў працягваецца па бацькоўскай лініі. Адзін з братоў Міхаіла Маркевіча – Сцяпан – таксама працаваў паравозным машыністам у Растове, дзе зараз водзіць электравозы і яго сын Віктар, а дачка Валянціна працуе бухгалтарам на чыгуначнай станцыі.
Дарэчы, амаль праз 80 гадоў з таго часу, калі на чыгунцы працавала Агаф’я Іванаўна, лёс з чыгункай звязаў і ўнук аўтара гэтага артыкула Мікіта Баркун. Малады чалавек ужо тры гады працуе памочнікам машыніста маторвагоннага дэпо Мінск і завочна вучыцца ў БНТУ.
…На радзіме маёй далёкай сваячкі – у вёсцы Лешніца – да гэтага часу захаваўся яе бацькоўскі дом. Яму ўжо больш за сто гадоў і ён даўно належыць іншым людзям. Але яны добра ведаюць, што калісьці тут жыла машыніст паравоза і адважная патрыётка Агаф’я Баркун.

Генадзь БАРКУН, гісторык

Яндекс.Метрика