Беражыце матчыну мову!

Цікавая літаратурная імпрэза прайшла ў чацвер на сталічным чыгуначным вакзале.

Пасажыры, што бавілі час у чаканні свайго цягніка ў памяшканні канкорсу, былі прыемна здзіўлены: яны атрымалі магчымасць пазнаёміцца са знакамітымі беларускімі паэтамі, кампазітарамі і бардамі, а таксама з іх творамі. Іх выконвалі самі аўтары.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Беларускай чыгункі. Дата правядзення была абрана невыпадкова: ЮНЭСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету і захаваць моўную разнастайнасць.
Песні і вершы, якія падрыхтавалі ўдзельнікі імпрэзы, былі прысвечаны Году малой радзімы, усхвалялі прыгажосць нашай зямлі, яе непаўторнасць. Аўтары імкнуліся нагадаць аўдыторыі пра свае вытокі, дапамагчы слухачам адчуць каларыт нашай літаратурнай спадчыны, прасякнуць выразнасцю і паэтычнасцю беларускага мастацкага слова. І ў іх гэта выдатна атрымалася.
Распачаў канцэртную праграму папулярны бард Генадзь Парыкін. Яго жартоўная кампазіцыя «Дровы» падняла настрой слухачам. Падхапіў эстафету лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, кампазітар Алег Елісеенкаў. Маэстра прадэманстраваў, што апроч іншых сваіх талентаў мае і здольнасці выдатнага шоўмэна. Ён за некалькі імгненняў «расштурхаў» аўдыторыю, усталяваў з ёй зваротную сувязь, стварыў цёплую душэўную атмасферу, якая панавала на працягу ўсяго мерапрыемства. Яго хіт «Прыязджайце да нас у Беларусь» падпявалі ўсе прысутныя. Між іншым, аўтар тэксту – лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Іван Юркін – таксама быў удзельнікам імпрэзы. Ён прачытаў свае вершы, прысвечаныя малой радзіме, а таксама сталіцы нашай краіны – Мінску. Любоўю да роднага краю былі прасякнуты і вершы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага, якія таксама запалі слухачам глыбока ў душу. Парадавала выступленне заслужанай артысткі Беларусі Ніны Брынковіч: падчас выканання дынамічнай кампазіцыі «Бульбяны край» самыя актыўныя слухачы сталі танцаваць.
Удзельнікі імпрэзы адзначалі, што па сваёй дзейнасці ім даводзіцца выступаць на розных сцэнічных пляцоўках, часта падарожнічаць і бываць на вакзалах. Аднак яны ўпершыню бяруць удзел у мерапрыемстве, якое ладзіцца менавіта тут, на скрыжаванні тысяч шляхоў і чалавечых лёсаў. І яны дзякавалі кіраўніцтву Беларускай магістралі за такую цудоўную магчымасць. А ў тым, што чыгунка натхняе таленты на творчасць, слухачы пераканаліся пасля выступлення беларускай паэтэсы Таццяны Дашкевіч – аўтара песні «Станцыя Лета».
Самым яскравым уражаннем для пасажыраў, што знаходзіліся ў той час у канкорсе, стала знаёмства з народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком (на фота). Ён расказаў, што таксама мае сувязь з чыгункай: яго маці доўгі час працавала касірам на станцыі Брэст-Цэнтральны. Кампазітар выканаў некалькі сваіх знакамітых хітоў – аўдыторыя актыўна падпявала. Ён таксама падзяліўся цікавымі гісторыямі з жыцця знакамітых артыстаў.
Пасля завяршэння імпрэзы многія пассажыры дзякавалі за такое незвычайнае мерапрыемства, часткай якога змог стаць кожны наведвальнік сталічнага вакзала. Атрымалася сапраўднае свята.

Інга МІНДАЛЁВА

Яндекс.Метрика