На кожным кроку – подых гісторыі
Лідскі замак, закладзены амаль што 700 гадоў таму, – яскравы напамін аб славутай гісторыі гэтай зямлі, звязанай з мноствам слынных асоб: князем Гедымінам, гісторыкам Тэадорам Нарбутам, геолагам Ігнатам Дамейкам, пісьменніцай Алаізай Пашкевіч (Цёткай), кампазітарам Канстанцінам Горскім, цяперашнім лідарам этна-гурта «Троіца» Іванам Кірчуком ды іншымі.
Ліда са 100 тыс. жыхароў – другі па велічыні населены пункт Гродзенскай вобласці. Такую назву горад атрымаў з-за размяшчэння на месцы, вызваленым ад дрэў і багны, – ад балцкага lydimas. Ад Ліды да мяжы з Польшчай – 120 км, з Літвой – 35, да Гродна – 110, да Вільнюса – 100, да Мінска – каля 160. Чыгунка, якая пралягла тут і звязала Гродна з Маладзечна, а Вільнюс – з Баранавічамі, стала важным стымулам развіцця горада.
Гісторыкі сцвярджаюць, што князь Гедымін заснаваў Лідскі замак яшчэ ў 1323 годзе. Абарончае збудаванне стала адным з важнейшых фарпостаў Вялікага княства Літоўскага. Гэты год і лічыцца афіцыйнай датай заснавання Ліды.
Аднак ёсць і альтэрнатыўныя меркаванні. Напрыклад, некаторыя навукоўцы пагаджаюцца з высновамі гісторыка Тэадора Нарбута, які звязваў пачатак развіцця гэтага мястэчка з Дайнаўскім княствам (побач з горадам і цяпер ёсць некалькі вёсак з назвай Дайнава) і прапаноўваў весці адлік з 1180 года. Сам Нарбут нарадзіўся на Лідчыне, удзельнічаў у праектаванні і будаўніцтве розных аб’ектаў, у тым ліку – Бабруйскай крэпасці. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэнне літоўскай культуры і міфалогіі.
Важны след у гісторыі пакінулі і многія яго землякі. Напрыклад, Канстанцін Горскі нарадзіўся ў Лідзе ў 1859 годзе. Ён атрымаў адукацыю ў Вільні і стаў знакамітым як кампазітар, скрыпач-віртуоз, педагог, дырыжор, грамадскі дзеяч, аўтар рамансаў, опер і многіх інструментальных твораў. Алаіза Пашкевіч (Цётка), якая з’явілася на свет у 1876 годзе ў фальварку Пешчын Лідскага павета, лічыцца класікам беларускай літаратуры. Ігнат Дамейка, хоць і нарадзіўся ў Навагрудскім павеце, але пэўную частку жыцця правёў на Лідчыне. За сваю навуковую кар’еру найбольш значных поспехаў ён дасягнуў далёка ад радзімы – у Чылі. Там займаўся пошукам і распрацоўкай радовішчаў карысных выкапняў. Шмат гадоў быў рэктарам мясцовага ўніверсітэта. Улады гэтай паўднёваамерыканскай краіны назвалі ў яго гонар горны ланцуг у Андах, горад, мінерал, кветку, нацыянальны ўніверсітэт і бібліятэку ў Санцьяга. Аб тым, што наш зямляк, – постаць сусветнага маштабу, сведчыць і тое, што ў сувязі з 200-годдзем з дня яго нараджэння 2002-гі па ініцыятыве ЮНЭСКА быў абвешчаны Годам Ігната Дамейкі.
Праслаўляюць родную Ліду і нашы сучаснікі. Сярод іх – Рычард Смольскі, тэатразнаўца, педагог. У 1997 – 2010 гады ён быў рэктарам
Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі Іван Кірчук, які займаецца вывучэннем беларускага фальклору. Акрамя таго, ён – мульціінструменталіст і лідар гурта «Троіца».
Выхадцы з Ліды пакінулі значны след і ў гісторыі Ізраіля. І гэта не дзіўна: у мястэчку, як і ў многіх іншых гарадскіх паселішчах Беларусі, раней значную частку жыхароў складалі яўрэі (у 1897 годзе
– 57%). На шматкультурную палітру гэтага рэгіёна паўплывалі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей: акрамя беларусаў таксама палякі, літоўцы, рускія, татары.
Цяпер насельніцтва Лідскага раёна складае каля 140 тыс. чалавек. На гэтай тэрыторыі акрамя раённага цэнтра ёсць яшчэ адзін горад – Бярозаўка. Ён знаходзіцца на беразе Нёмана, за 27 км на паўднёвы ўсход ад Ліды, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Нёман. Гісторыя гэтага населенага пункта цесна звязана з развіццём мясцовага шклозавода. Першую прадукцыю на ім вырабілі ў 1885 годзе. І з той пары бярозаўскія майстры працягваюць здзіўляць пакупнікоў ва ўсім свеце вытанчанасцю сваіх вырабаў. А патрапіць сюды на экскурсію –
і яркія ўражанні гарантаваны.
– Я магу параіць пабываць і на маёй малой радзіме – у аграгарадку Тарнова, размешчаным прыкладна за 18 км ад Ліды, – запрашае дзяжурны па станцыі Ліда Вераніка Петрукевіч. – Там знаходзіцца сядзіба Грабоўскіх. Яе будаўніцтва завяршылася ў 1875 годзе. Раней да гэтага маёнтка паабапал дарогі цягнулася дубовая алея. Памятаю, як у дзяцінстве ўлетку ідзеш пад такім зялёным «дахам» – і адчуваеш, быццам трапіла ў нейкую чароўную казку.
Па яе словах, алея да сённяшніх дзён не захавалася, старыя дрэвы не вытрымалі выпрабавання часам. А вось сядзіба паўстала ў абноўленым абліччы. Будынак адрэстаўравалі, арганізавалі там жылыя кватэры.
Вераніка Леанідаўна прапануе абавязкова наведаць і размешчаную побач вёску Белагруда. Там, недалёка ад ракі Дзітва, быццам дакранаючыся да аблокаў, знаходзіцца прыгожы касцёл святога Арханёла Міхала. Першы драўляны храм на гэтым месцы ўзвялі яшчэ ў 1609 годзе. Потым неаднаразова аднаўлялі пасля пажараў. Сучасны выгляд касцёл набыў у 1900 – 1905 гадах. Пабудаваны з камня ў гатычным стылі, з двума высокімі вежамі, ён і сёння натхняе вернікаў і турыстаў.
Шмат храмаў, сучасных і з багатай гісторыяй, ёсць і ў Лідзе. Сярод іх вылучаюцца два. Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (Фарны) – твор архітэктуры віленскага барока. Сучасны выгляд ён набыў у 60-х гадах XVIII стагоддзя. А драўляныя збудаванні на гэтым месцы, як сцвярджаюць гісторыкі, з’явіліся яшчэ ў XIV стагоддзі.
Сабор святога Арханёла Міхала – яшчэ адзін цікавы архітэктурны аб’ект Ліды. У яго гісторыі, быццам у люстэрку, адбіліся супярэчнасці мінулага. Храм пабудавалі яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Спачатку гэта быў касцёл святога Язэпа і кляштар піяраў. Пэўны час там дзейнічалі бясплатная публічная школа і школа піяраў. У перыяд Расійскай імперыі аб’ект перадалі праваслаўным. У савецкі час у будынку размяшчаліся краязнаўчы музей і планетарый. Праваслаўныя набажэнствы аднавіліся ў 1996 годзе.
Гэтая царква і Фарны касцёл размешчаны на цэнтральнай вуліцы горада – Савецкай (былой Віленскай), што вядзе да Лідскага замка – галоўнай візітоўкі старажытнага горада.
– Цяпер замак прыгожы, з дзвюма вежамі. Іх аднавілі каля дзесяці-пятнаццаці гадоў таму, – адзначае Вераніка Петрукевіч. – А я памятаю яшчэ той час, калі замак быў без вежаў, з паўразбуранымі сценамі.
Апошнім часам гэты аб’ект ператварыўся ў пляцоўку для канцэртаў, рыцарскіх турніраў і рэканструкцый. Тут і раней адбывалася нямала важных гістарычных падзей. Напрыклад, у 1386 годзе вялікаму князю Літоўскаму і каралю Польскаму Ягайле прысягу прынёс полацкі князь Скіргайла. А ў 1422 годзе тут праходзіў знакаміты вясельны баль караля Ягайлы і князёўны Соф’і Гальшанскай.
Сёння ў Лідзе шмат прадпрыемстваў. Сярод самых знакамітых – абутковая фабрыка, «Лідаграпраммаш» (выпускаюць камбайны), «Лідсельмаш» (бульбакапалкі), «Лідкон» (канцэнтраты і кукурузныя снэкі), «Нёман» (аўтобусы), «Оптык» (акуляры), «Лідскае піва», мясцовае лакаматыўнае дэпо (пэўны перыяд выпускалі манеўровыя цеплавозы серыі ТМЭ). Тым не менш горад выглядае свежым, чыстым, зялёным. Ёсць паркі, каскад азёраў. Шмат маляўнічых куткоў і ў іншых месцах Лідскага раёна.
Руслан АНАНЬЕЎ