Падарожжа ў мінулае

Працаўнікі лакаматыўнага дэпо Лунінец наведалі Баранавіцкі краязнаўчы музей, у якім пазнаёміліся з чыгуначнай экспазіцыяй.

Музей размешчаны ў старажытным будынку. На стэндах аб гісторыі Баранавічаў, якія сёлета адзначаюць 100-годдзе (Лунінец статус горада атрымаў у 1921 годзе), убачылі шмат знаёмых рэчаў. Напрыклад, чыгуначныя ліхтары на свечках ці вугальныя прасы. Дарэчы такія ж прылады з’явяцца і ў пакоі баявой і працоўнай славы лунінецкага прадпрыемства, які зараз ствараецца. Цікава было паглядзень на слуцкія паясы, а таксама пазнаёміцца з арыгіналамі друкаваных выданняў – афішай 1908 года і газетай 1912-га, спражкамі і жэтонамі чыгуначнікаў з гербам Расійскай імперыі. Сярод экспанатаў былі здымкі Стаўкі Галоўнакамандуючага, што падчас Першай сусветнай вайны размяшчалася ў Баранавічах, і візітаў сюды імператара Мікалая ІІ. Нам паказалі агрэгат для памолу кавы пачатку ХХ стагоддзя з вытанчанымі дэталямі, што цудоўна захаваліся. Зацікавіў і ўзнагародны знак лінейнага вартаўніка Аляксандраўскай чыгункі (да 1912 года яна называлася Маскоўска-Брэсцкая) Людзвіга Іваноўскага. Таксама пазнаёміліся з гісторыяй стварэння чыгункі на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя.
Баранавічы ўражваюць малымі архітэктурнымі формамі. У горадзе ёсць помнікі каню, птушцы, фатографу і нават сантэхніку! Але сусветную вядомасць гэтаму населенаму пункту прынеслі мазаікі, якія пасля разбурэння праваслаўнай святыні ў Варшаве сталі набыткам Свята-Пакроўскага храма. Немагчыма словамі перадаць прыгажосць работ Васняцова, Бенуа, Бруні ды іншых славутых мастакоў – гэта трэба бачыць!
У царкоўным двары нас сустрэў настаяцель старэйшага храма Баранавічаў протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі. Спытаўшы, адкуль прыбылі госці, ажывіўся:
– У Лунінцы я з’явіўся на свет у 1946 годзе! Мой бацька таксама быў святаром. Мама расказвала, што яна ішла (які транспарт у той час?) у раддом на Залессе праз пераезд. Ледзь не нарадзіла прама на пуцях!
З усмешкамі працягвалася наша экскурсія па храму. У падарунак ад айца Аляксандра атрымалі брашуры аб храме, дзе ён служыць больш як 40 гадоў. З буклетаў даведаліся, што наш зямляк быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, уладальнік звання «Ганаровы грамадзянін Баранавіцкага раёна». Мы дзякавалі гасцінным гаспадарам і шчыра запрашалі ў Лунінец.
Таксама працаўнікі прадпрыемства, якое ў гэтым годзе адзначыць 135-годдзе, пабывалі ў мясцовым чыгуначным музеі. Яго будынак, які з’явіўся яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, зараз зачынены на рэканструкцыю. Крыху засмуціліся, таму што марылі ўбачыць экспанаты з «лунінецкай прапіскай». Вядома, што краязнаўца Леў Коласаў і многія ветэраны нашага чыгуначнага вузла перадавалі каштоўныя артэфакты ў адпаведную ўстанову Баранавіцкага аддзялення. З вонкавай часткай музея – паравозамі і цеплавозамі розных пакаленняў мы былі знаёмы. Штогод працаўнікі нашага прадпрыемства ўдзельнічаюць у работах па рэстаўрацыі лакаматываў. Яшчэ многім пакаленням гэтыя жалезныя волаты будуць нагадваць аб багатай гісторыі Беларускай чыгункі.

Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама
лакаматыўнага дэпо Лунінец

Яндекс.Метрика